Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская міліцыя за ахову мітынгу да #БНР100 хоча грошай, якіх у заяўнікаў няма


Аўтазак, ілюстрацыйнае фота
Аўтазак, ілюстрацыйнае фота

Віцебская міліцыя патрабуе з арганізатараў акцыі да 100-годзьдзя БНР амаль 60 рублёў за працу кожнага міліцыянта.

Канстанцін Смолікаў, адзін з заяўнікаў сьвяточнай імпрэзы да 100-х угодкаў незалежнасьці БНР у Віцебску, атрымаў адказ з абласной управы міліцыі на просьбу заключыць дамову наконт аховы правапарадку 25 сакавіка. Міліцыянты выставілі рахунак: 30 удзельнікаў мітынгу будуць ахоўваць 15 міліцыянтаў, арганізатарам гэта будзе каштаваць 865 рублёў.

Спадар Смолікаў кажа, што ён у шоку ад умоваў, прапанаваных міліцыяй:

Канстанцін Смолікаў, архіўнае фота
Канстанцін Смолікаў, архіўнае фота

«У заяўцы мы ўказвалі, што колькасьць удзельнікаў мітынгу — 30 чалавек. Навошта ж там 15 чалавек аховы? Ды яшчэ плаціць за гэта 865 рублёў? Я пачаў абурацца, і міліцыянты сказалі, што пойдуць насустрач. Дамову пагадзіліся перазаключыць на такіх умовах: праваахоўнікаў будзе 10, і яны будуць працаваць тры гадзіны. Усё гэта абыдзецца нам у 582 рублі. Грошы для нас непад’ёмныя», — сказаў Смолікаў Свабодзе.

Ён кажа, што не разумее сэнсу трохгадзіннай працы міліцыі на мітынгу, заяўленым працягласьцю адну гадзіну. Між тым без папярэдне заключанай дамовы на ахову правапарадку мерапрыемства ня будзе дазволена — такія ўмовы запісаныя ў рашэньні Віцебскага гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».

10 год без дазволу на мітынг

Паводле гэтага рашэньня заяўнікі абавязаныя заключыць папярэднія дамовы з супрацоўнікамі ЖКГ, мэдыкамі і міліцыяй «на абслугоўваньне» мерапрыемства. 10 гадоў пасьля прыняцьця рашэньня № 881 у Віцебску не было дазволена ніводнай вулічнай акцыі з ініцыятывы грамадзян, падкрэсьлівае Кастусь Смолікаў.

«Дадзены выпадак беспрэцэдэнтны: ні мэдыкі, ні міліцыянты яшчэ ні разу не пагадзіліся заключыць дамову з актывістамі. Пагаджаліся толькі службы ЖКГ. Напярэдадні 100-годзьдзя БНР сытуацыя крыху зьмянілася: мэдыкі пагадзіліся наладзіць дзяжурства, якое будзе каштаваць каля 70 рублёў. Але выдаткі на міліцэйскія паслугі з гэтым не параўнаць», — кажа заяўнік.

Віцебскія актывісты хацелі зладзіць мітынг да ўгодкаў БНР у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў — адным з трох ускраінных паркаў, вызначаных уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Адказу ад адміністрацыі Чыгуначнага раёну дагэтуль няма, і Смолікаў зьбіраецца на асабісты прыём, каб патлумачыць сытуацыю з надта высокімі коштамі за міліцэйскія паслугі.

Як кажа актывіст, у заяўцы было падкрэсьлена, што заяўнікі гатовыя далучыцца да любога фармату сьвяткаваньняў, якія будуць ладзіцца на гарадзкім узроўні. У такім выпадку, калі мерапрыемствы арганізуюць улады, папярэдне заключаць дамовы не патрабуецца. Аднак заяўнікам адказалі, што ніякіх афіцыйных імпрэзаў да 100-годзьдзя БНР у Віцебску ня будзе.

У Берасьці, Горадні і Менску міліцыі плацяць улады

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя.

У рэгіёнах сьвяткаваць стагодзьдзе БНР дазволілі пакуль у Берасьці, Горадні і Лідзе. Гарвыканкамы ў Берасьці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўваньня і працы камунальных службаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG