Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (28). «Настае час пераезду дадому»


Вільня загаворвае пра ліквідацыю Ўраду БНР. - Дамова зь Літвой скасаваная. - Цьвікевіч вырашае зьехаць у Менск. - «Настае час пераезду дадому».

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Краёвы цэнтар загаворвае пра ліквідацыю

У кастрычніку 1924-га ў Прагу прыехаў прадстаўнік Краёвага цэнтру Браніслаў Тарашкевіч. Паводле некаторых зьвестак, галоўнай мэтай падарожжа была «ліквідацыя Ўраду БНР». Паводле іншых — Вільня прапаноўвала знайсьці беларускаму палітычнаму прадстаўніцтву нейкую новую, больш гнуткую форму, для чаго прапанавалася склікаць у Данцыгу адмысловую канфэрэнцыю. Праскія лідэры БНР на канфэрэнцыю пагадзіліся, але настойвалі, каб яна адбылася ў Празе. Гэтая тэма будзе разьвівацца на працягу наступнага году.

Для сустрэчы з Тарашкевічам у Прагу выехалі з Коўна Ластоўскі з Душэўскім, але разьмінуліся зь ім на паўгадзіны. Застаўшыся на пару дзён у Празе, яны сустрэліся з тамтэйшым студэнцтвам. На сходзе выступілі абодва госьці, не абышлося бяз вострых момантаў і нязручных пытаньняў.

Паводле найлепшых правілаў пост-праўды, справаздачы варожых бакоў пра гэты сход істотна разыходзяцца. «Культурніцкая работа ў Літве зрабіла на студэнтаў вялікае ўражаньне і была ўсімі вітана. Закончыўся сход вельмі цёпла і дружна», — напісаў у сваім дакладзе Душэўскі. «Ластоўскі адчуваў сябе якасьці нялоўка і надзвычайна асьцярожна трымаўся. Адным словам, можна з пэўнасьцю сказаць, што згаўнялі ўсю абедню», — інфармаваў Захарка.

Дамова зь Літвой скасаваная, Вільню забіраем сабе

Рыхтуючыся да сваіх новых жыцьцёвых паваротаў, прэм’ер Цьвікевіч канчаткова закрыў у Коўне літоўскую тэму. У сьнежні 1924-га ён піша міністру замежных справаў Літвы Вальдэмарасу Чарняцкісу ліст, дзе выкладае ўсе факты няўвагі літоўцаў да беларускага палітычнага прадстаўніцтва ад часу падпісаньня міжурадавай дамовы 11 лістапада 1920 году. «Урад Літвы акрэсьлена ўхіліўся ад таго, каб мець што-небудзь супольнае зь Беларускім Дзяржаўным Адраджэньнем. А самую Ўмову 11 Лістапада ён хацеў разглядаць толькі з пункту гледжаньня выключна сваіх эгаістычных інтарэсаў не даючы старане беларускай ніякіх кампэнсацый», — абураўся Цьвікевіч.

Далей ісьці, зразумела, няма куды, падсумаваў прэм’ер. Дамова 11 лістапада стала для Літвы нічога ня вартай паперкай. І таму «на аснове ўсяго вышэй сказанага» (на васьмі старонках шчыльнага машынапісу!) Цьвікевіч заяўляе:

«Па даручэньню свайго Ўраду і поўнай згодзе зь Беларускім Краявым Цэнтрам у Вільні, — гэтым маю гонар давесьці да Вашага ведама, што Ўмову 11 Лістапада 1920 году, зробленую ў Коўне паміж Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі і Ўрадам Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі, — Урад Беларусі абвяшчае расторгнутай».

На моцы заяўленага ва ўсёй далейшай карэспандэнцыі Цьвікевіч падкрэсьлівае, што Вільню Ўрад БНР зь літоўцамі больш дзяліць не зьбіраецца і абвяшчае яе сталіцаю Заходняй Беларусі.

Цьвікевіч вырашае зьехаць у Менск

Неўзабаве пасьля разрыву зь літоўцамі Цьвікевіч паведамляе віленскаму Краёваму цэнтру пра свае пляны выехаць з Коўна. І выехаць, піша прэм’ер, ён можа толькі на ўсход:

«Я шмат думаў аб гэтым сваім рашэньні і прыйшоў вось да якога вываду: мая падарож можа насіць, ці зусім прыватны, ці палітычны характар. Калі я паеду як просты грамадзянін (знача — нават не як беларускі палітычны дзеяч і зусім не як былы старшыня Ўраду БНР), — дык я абайдуся як кажуць „своими средствами“. Калі дадуць дазвол, дык вазьму візу на іхні пашпарт і паеду, — не для палітычнай працы, а для прыватнага жыцьця. Калі-ж я паеду як бел. палітычны дзеяч і былы старшыня Ўраду БНР, дык пры гэтым я лічу патрэбным зьвязацца з Вамі, каб мой пераезд сьведчыў ласьне аб нечым палітычным».

Цьвікевіч, шукаючы палітычную карысьць у сваім пераезьдзе, абгаворвае ў сваім лісьце ў Вільню патрэбы і магчымасьці злучэньня «заходняга» і «ўсходняга» франтоў агульнабеларускай працы.

Пры гэтым будучы рэпатрыянт паведамляе, што ён такі не адзін — зь ім гатовыя выехаць у Савецкую Беларусь «яшчэ 4–5 працаўнікоў». Але ўдакладняе, што «дзьве-тры асобы відаць застануцца, якіх тут няма».

Падводныя плыні

Ад сярэдзіны 1923 году ў трыкутніку Коўна—Вільня—Прага вакол Ураду БНР пачаліся працэсы, што адбываліся прыхавана, амаль незаўважна ў агульным інфармацыйным полі.

У рамках сваёй дзейнасьці ў Беларускім цэнтры ў Літве Ластоўскі падтрымліваў неафішаваныя кантакты з заходнебеларускімі палітыкамі. Патаемныя сустрэчы адбываліся ў нэўтральным Данцыгу, куды можна было бязь цяжкасьцяў дабрацца як зь Літвы, так і з Польшчы. Зь віленскага боку ў іх найчасьцей удзельнічалі паслы Фабіян Ярэміч і кс. Адам Станкевіч. На сустрэчах узгадняліся каардынацыйныя пытаньні.

Ад імя Ўраду БНР перапіску з Краёвым цэнтрам вёў Цьвікевіч, які як адзіны прадстаўнік кіраўніцтва БНР застаўся ў Коўне. Пра сваё жаданьне ехаць у Менск ён даў зразумець і сваім калегам у Празе. У гэтым яму там ніхто не пярэчыў — з умовай, што ён падасьць у адстаўку і паедзе ў Савецкую Беларусь як прыватная асоба.

Аднак яшчэ празь нейкі час ён нібыта ад гэтай ідэі адмовіўся і, як пісаў пазьней Васіль Захарка, «застаючыся бескантрольна ў Коўне, павёў падвойную гульню». Відаць, з праскімі калегамі Цьвікевіч быў менш шчыры, чым з адрасатамі лістоў да Краёвага цэнтру. У Прагу прэм’ер слаў нацыянальна-незалежніцкія справаздачы аб сваёй дзейнасьці, а тым часам вёў у Коўне і Бэрліне размовы з савецкімі агентамі з мэтай падрыхтоўкі да здачы савецкай уладзе мандатаў БНР.

Ластоўскі купляе 25 патронаў для рэвальвэра

У лютым 1925 году Ластоўскі піша свайму начальніку зь літоўскага МЗС Ігнасу Янінасу ліст з просьбай дазволіць яму зьезьдзіць на пару дзён у Кёнігсбэрг да акуліста — даць 3–4 вольныя дні і дапамагчы атрымаць візу.

Наступны дакумэнт у архіве, датаваны трыма днямі пазьней, — квіток аб уплаце Вацлавам Ластоўскім 4 літаў за 25 патронаў для рэвальвэра 6.35 калібру.

Праз пару месяцаў у архівах зноў усплывае Кёнігсбэрг. Стары віленскі знаёмы, нямецкі агент часоў выданьня «Гоману» Эдмунд Зузэміль піша Ластоўскаму: «Квартира г-жи Рейман с 30 мая к Вашим услугам. Если у Вас есть какая-нибудь интимная близкая подруга, то она также может здесь остановиться... Остальные темы Вашего письма я здесь не буду затрагивать, так как это слишком деликатное дело...»

Настае час пераезду дадому

28 лютага Цьвікевіч зноў піша Краёваму цэнтру пра свой ад’езд: «Пішу я Вам (у каторы раз) — але ізноў ня маю надзеі на то, каб атрымаць адказ. Сумна гэта і абразьліва для мяне. Справа майго ад’езду ў Менск нагэтулькі сур’ёзна для агульнай нашай лініі, што мне здаецца, што на маё цяперашняе паведамленьне Вы павінны адгукнуцца...»

Краёвы цэнтар, як выглядае, ужо даўжэйшы час ціснуў на кіраўнікоў БНР, каб тыя перадалі свае мандаты Менску, бо Ўрад БНР, паводле віленскіх палітыкаў, ня меў ніякай сувязі з народам. З узмацненьнем польскага шавінізму і агульным палявеньнем беларускай палітычнай прасторы ў Заходняй Беларусі Менск усё больш пачаў успрымацца як сапраўдны цэнтар беларускага жыцьця.

Пагатоў зь Менску прыходзілі ўсё новыя і новыя навіны, якія сьведчылі, што ў Савецкай Беларусі неадступна рэалізуецца амаль усё тое, пра што марылі заснавальнікі БНР. У сакавіку 1924 году адбылося ўзбуйненьне (не апошняе!) БССР — былі далучаныя Віцебшчына і Магілёўшчына. У чэрвені таго самага году быў узяты дзяржаўны курс на беларусізацыю. З-за рыскай мяжы гэтыя працэсы і сапраўды выглядалі прывабна...

«Усё разам узятае, — піша Цьвікевіч, — узмацняе мяне ў пераконаньні, што настаў час пераезду „дадому“...»

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG