Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Сьлёзы на схуднелых шчоках Беларусі

Падзеі Ўсебеларускага Зьезду, які адбываўся ў Менску ў сьнежні 1917-га нагадвалі тэатральную дзею — такую сабе эпічную драму.

Менск, гарадзкі тэатар (сёньняшні Купалаўскі), 7 (20) сьнежня 1917, 8 гадзін 45 хвілін вечара.

Менск. Гарадзкі тэатар. 1917-2018
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:09 0:00

Пачынае старшыня Зьезду Рак-Міхайлоўскі: «Народ Беларускі! Мне выпаў вялікі гонар адкрыць гэты зьезд. Праз вашы плечы я бачу ўсю Беларусь! Яна стаіць перад вамі змардаваная, поўная тугі і надзеі. Па яе схуднелым шчокам цякуць сьлёзы. Беларусы! Вы прыйшлі сюды сказаць сваё слова. Дык працуйце на дабро свайго народу. Няхай жыве Вольная Беларусь!».

Заля сустракае гэтыя словы бурлівымі воплескамі. Вайсковы аркестар грае Марсэльезу. Крыкі «Ўра!» Словы Марсэльезы. Адзін дэлегат абвяшчае: «Няхай жыве Беларуская Рэспубліка!» Авацыі. Зноў Марсэльеза.

Дэлегат зь лёжы запрашае ўшанаваць уставаньнем памяць усіх, хто паклаў сваё жыцьцё за Бацькаўшчыну і свабоду. Усе ўстаюць. Аркестар грае пахавальны марш.

Тым часам ззаду стала прэзыдыюму становіцца хор у нацыянальных строях. Як толькі хор заняў месца, зь яго выходзіць юная яго ўдзельніца і ў гарачай прамове вітае Зьезд ад вучаніц-беларусак. Зьезд адказвае ёй бурлівымі воплескамі.

Вітае Зьезд рэжысэр беларускай драмы і камэдыі Флярыян Ждановіч. Воплескі. Сьледам за гэтым зноў сьпевы: беларуская Марсэльеза «Ад веку мы спалі», беларускі гімн «А хто там ідзе» і беларускі рэвалюцыйны гімн «Кроў нашу льюць даўно ўжо каты». Пасьля кожнага выкананьня бурлівыя воплескі...

Бальшавіка вывалокваюць за сцэну

Эўфарыю ўрачыстага адкрыцьця Зьезду азмрочыў першы канфлікт зь цёмнымі сіламі. На сцэну выйшаў прадстаўнік латыскай сэкцыі пры Менскім камітэце РСДРП, а заадно і наркам унутраных справаў Заходняй вобласьці Людвіг Рэзаўскі і заявіў: «Мы стоим за братство всех народов. Не должно быть деления на нации».

Для ілюстрацыі сваёй тэзы бальшавік паказаў на беларускі сьцяг над трыбунай і запатрабаваў «скинуть этот флаг», назваўшы яго «национальной тряпкой», і замяніць яго «красным знаменем интернационала». У зале ўсчаўся неверагодны вэрхал, крыкі «Прэч! Далоў!» Да аратара кінуўся немалы натоўп дэлегатаў, яны вывалаклі яго за сцэну.

Дэпутат Зьезду генэрал Канстанцін Аляксееўскі падышоў да трыбуны і пацалаваў сьцяг.

«Произвести переворот умов» не ўдаецца

Бальшавікам, якія далі дазвол на правядзеньне Зьезду, з кожным днём ён падабаўся ўсё менш і менш. Нейкі час яны спрабавалі ўплываць на яго працу знутры. Галоўнакамандуючы Заходнім фронтам, адзін з бальшавіцкіх верхаводаў Аляксандар Мясьнікоў даслаў тэлеграму бальшавіцка-леваэсэраўскаму крылу Зьезду:

«Сообщите товарищам, чтобы на съезде белорусов... они произвели переворот умов раскол и выяснили буржуазность его. Это требуется».

Пераварот «умоў» правесьці не ўдалося — Зьезд працягваў гнуць сваю лінію, і тады падключылі іншыя мэханізмы. Старшыня Вайскова-рэвалюцыйнага камітэту Заходняга фронту Карл Ландэр шле загад Людвігу Рэзаўскаму:

«Предписывается Вам, имея в своем распоряжении достаточную вооруженную силу, оцепить здание, где происходит заседание Белорусского съезда, арестовать президиум Съезда, а равно избранный орган краевой власти; оставить со Съезда т.т. Большевиков и стоящих на точке зрения советской власти, а сам Съезд объявить распущенным».

«Под видом мягких лайковых перчаток...»

Разгон Зьезду стаўся першым адкрытым сутыкненьнем беларусаў з расейскім бальшавізмам. Уначы з 17 на 18 сьнежня пачалося галасаваньне за рэзалюцыю. Сакратар пачаў зачытваць першы зь пятнаццаці пунктаў, калі раптам да стала прэзыдыюму падышлі трое — начальнік менскага гарнізону Крывашэін, наркам унутраных справаў Заходняга фронту Рэзаўскі і камандзір «першага рэвалюцыйнага палку» Рамнёў.

Старшыня дае слова Крывашэіну, п’яны начальнік гарнізону нешта сіпіць, кепска чуваць, язык заплятаецца, чуваць толькі словы: «Под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели...»

Гэтыя словы могуць застацца ў гісторыі такой самай крылатай фразай, як вядомае «Караул устал» матроса Жалезьнякова, прамоўленае тры тыдні пазьней у Петраградзе ў падобных умовах пры разгоне расейскага Ўстаноўчага сходу.

Замяшаньне перапыняе Рэзаўскі, які абвяшчае, што распускае Зьезд, лічыць прэзыдыюм арыштаваным і загадвае Рамнёву ўвесьці ў залю сваіх ваякаў.

Узводзяцца барыкады

«Усё завалтузілася, загаманіла, нібы пчолы ў вульлі», — так удзельнік Зьезду Макар Косьцевіч апісвае пачатак першага бою за беларускую свабоду. Безабаронная сялянская і салдацкая маса кінулася ратаваць прэзыдыюм. Але сілы няроўныя, арыштаваны прэзыдыюм выводзяць — абаронцы Зьезду зацягваюць «Марсэльезу», з другога канца залі чуваць «Ад веку мы спалі...»

На месцы арыштаванага зьяўляецца новы прэзыдыюм, пасярод залі вырастаюць барыкады, прымаецца рэзалюцыя пратэсту. Дэлегаты Зьезду забыліся пра ўнутраныя падзелы і фракцыі і бароняць свае грамадзянскія правы перад дзікунствам і гвалтам.

У мітусьні вакол новага прэзыдыюму Крывашэін падыходзіць да прадстаўніцы Беларускага абласнога камітэту Зінаіды Юр’евай, «грэнадзёрскага выгляду дзяўчыны», і кажа: «Ты, красотка, поедешь со мной в автомобиле». Юр’ева б’е Крывашэіна па твары... Крык... гоман... гукі жалобнага маршу.

Зразумеўшы марнасьць далейшага супраціву, Зьезд пакідае залю. На вуліцы ўжо днее — пятая гадзіна раніцы. Удзельнікі сходу накіроўваюцца за арыштаванымі ў штаб бальшавікоў на Падгорнай вуліцы, сьпяваючы рэвалюцыйныя гімны.

Сьведчыць палескі Агасфэн

У Архівах БНР захавалася сьведчаньне невядомага ўдзельніка Зьезду, якое ўражвае цыцэронаўскім стылем (абодва асобнікі тэксту падпісаныя псэўданімамі — «Язэп Палескі» і «Агасфэн»):

«В момент, когда так называвшийся начальник Минского гарнизона „большевик“ Кривошеин, надвинув фуражку на брови и зажав в зубах папиросу произносил свою патетическую „речь“ перед подлинными избранниками белорусского народа, а большевистский сатрап Резаузский метался из стороны в сторону по эстраде, пытаясь найти сторонников своего подлого дела, я почувствовал, что совершается величайшее событие в истории белорусского национально-политического возрождения, просыпается народ-богатырь, вековечным сном спавший под тяжестью беспросветного классового гнета, поругания человеческих и национальных прав, насилия над личностью гражданина.

Я понял и воочию увидел рождение народа, воскресение национального самосознания, полное необычайной внутренней красоты и окруженное ореолом мученичества. Меня затем уже не испугал ни топот ворвавшихся вооруженных инфантеристов, ни грохот мгновенно вырастающих баррикад, ни даже направленные на меня штыки и приклады безответных рабов лжесоциализма.

Народ родился! Воскрес Народ! Белорус пришел в мир, что бы дать мир всему миру...

Пышным букетом расцвела в душе радость за судьбу Белоруссии, хотелось обнимать братьев-белорусов и вместе с ними умирать ради воскресения страдальца-народа.

Напряжение достигло кульминационного момента. Под скрещенными штыками Президиум Съезда прошел на Галгофу... На секунду замерла серая масса землеробов и воинов и в ответ на шорох молчания раздались святые звуки революционного гимна сначала вполголоса, затем все сильнее и сильнее и, наконец, зал дрогнул от оваций и приветствий первым избранникам народным силою железа уводимым от народа...

И в этот момент и полупьяный Кривошеин и отупевшие от неожиданности большевистские жандармы стали такими ничтожными пигмеями, присутствия которых никто не замечал...

Ибо что значили они в сравнении с той величественной литургией, которую совершал обновленный очищенный от всякой скверны и отныне свободный белорусский народ!

Да! Акт, совершившийся 17 декабря в Национальном доме положил предел прежней страдальческой жизни белорусского народа и указал ему истинный путь к солнцу, свободе, равенству и братству, путь к национальному самоустроению.

Слава тебе, Белорус!..»

Троцкі пляміць сваю рэпутацыю

Разгон Усебеларускага Зьезду абмяркоўваўся і на нямецка-бальшавіцкіх мірных перамовах у Берасьці ў студзені 1918-га. За беларусаў заступіўся і згадаў пра разгон бліскучы апанэнт кіраўніка бальшавіцкай дэлегацыі на тых перамовах Льва Троцкага нямецкі генэрал Макс Гофман (той, які, паводле Троцкага, «ставіў свой салдацкі бот на стол перамоваў»). На што Троцкі заявіў, што Ўсебеларускі Зьезд складаўся з буйных земляўласьнікаў і спрабаваў скасаваць права працоўнага народу на зямлю, а таму быў разагнаны «беларускімі, украінскімі і велікарускімі войскамі».

Супраць гэтай заявы бальшавіцкага лідэра зрэагаваў Выканкам Рады Зьезду, нагадаўшы, што сярод 1167 правамоцных дэлегатаў не было ніводнага абшарніка, Зьезд прыняў рэзалюцыю пра бясплатную перадачу зямлі працоўнаму народу і быў разагнаны «сатрапамі народных камісараў Заходняй вобласьці і фронту». Адказ Троцкага ў гэтым пытаньні Выканкам Рады назваў «гнусной ложью, недостойной социалиста».

Пратэст, як зазначана ў архіўных дакумэнтах, быў разасланы рэдакцыям расейскіх, украінскіх, беларускіх, польскіх, латыскіх, латгальскіх, літоўскіх, габрэйскіх, эстонскіх, фінскіх, армянскіх, татарскіх, башкірскіх, грузінскіх, румынскіх, нямецкіх, францускіх, ангельскіх і іншых газэт.

У падпольлі на чыгунцы

Рэшткі абранай Усебеларускім Зьездам Рады сышлі ў глыбокае падпольле. Прытулак ім далі найбольш адданыя беларускай справе рэвалюцыянэры — чыгуначнікі. Першае пасьля разгону паседжаньне Рады адбылося ўжо наступнай раніцай у чыгуначным дэпо Лібава-Роменскай чыгункі.

Легальна на вул. Паліцэйскай

Пасьля вызваленьня з-пад арышту сяброў Рады Зьезду (бальшавікі пратрымалі іх у сябе толькі адну ноч) яны пачалі зьяўляцца на патаемных пасяджэньнях Рады, якая засядала вельмі часта ў розных месцах гораду. На адным з гэткіх пасяджэньняў быў выбраны Выканаўчы камітэт Рады Зьезду з 17 чалавек на чале з журналістам Язэпам Варонкам.

Тым часам Цэнтральная вайсковая беларуская рада чамусьці бальшавікамі не была зьліквідаваная і працавала зусім легальна, вывесіўшы вялізны беларускі штандар у доме № 2 на Паліцэйскай вуліцы (сёньня на тым месцы задні двор цырку). У кватэры Вайсковай рады нейкі час жыў старшыня Выканаўчага Камітэту Варонка, аж пакуль бальшавікі не дабраліся да самой Вайсковай рады.

Арыштаваць хлопчыка Апанаса

31 студзеня 1918-га Вайсковая рада была аточаная салдатамі й матросамі, як расказвалі, забойцамі генэрала Духоніна. У загадзе, які падпісаў старшыня Аддзелу барацьбы з контрарэвалюцыяй і спэкуляцыяй Рэзаўскі, гаварылася: «Предписывается Вам отправиться в Белорусскую войсковую раду, дом № 2, кв. 10, по Полицейской улице, для производства обыска и ареста всех лиц, там находящихся, в том числе и посыльного мальчика Афанасия».

Аднак «чрэзвычайка» падышла да выкананьня загаду нядбала і з «находящихся там лиц» затрымала толькі сяброў Вайсковай рады Кастуся Езавітава і Васіля Захарку, якія назваліся, хто яны, а таксама 14-гадовага хлопчыка Апанаса. Рэшту выпусьцілі праз абстаўленую салдатамі лесьвіцу.

Цікавасьць да хлопчыка Апанаса была невыпадковая. Бальшавікі атрымалі інфармацыю, што ў памяшканьні на Паліцэйскай вуліцы захоўваліся стрэльбы і скрыня з бомбамі, аднак усё гэтае багацьце падазраваныя пасьпелі схаваць, дакладней, затапіць у Сьвіслачы каля мосту ў Губэрнатарскім садзе. А хлопчык Апанас нібыта ведае тое месца.

Бомбы пад ложкам

Захаваўся пратакол допыту Апанаса Юхневіча, веставога Вайсковай рады:

«Мне 14 лет. Я ў Радзе служу з 1915 года. Раньшэ я быў пры рэдакцыі „Вольная Беларусь“. Пры арышце Рады я прысутстваваў. Вінтовак у Радзе было штук 10. Яны абразавалісь ад салдатаў, якія прыяжджалі ў 289 полк, са сваімі вінтоўкамі. Знаю, што вінтоўкі яны палучат у 289-м палку.

Калі было нейкае засяданьне, яны нас праганялі, казалі — „зьдзесь ня ваша дзела!“ Нас, значыць, мяне і другога хлопца Фралова Канстанціна.

Дзе вінтоўкі дзеліся пры арышце і вобыску, я ня знаю. Там быў маленькі пакойчык, у калідоры, называны складам. Фамілію загадчыка я ня помню. Яшчык з бомбамі стаяў каля рэдакцыі ў пакоі пад ложкам, на якім ніхто ня спаў. Колькі бомбаў было, не магу сказаць. Бомбы з ручкай. Яшчык быў небальшы. Дзяншчык Ярашэвіча быўшы мабыць, як я чуў па разгаворам, унёс гэтыя бомбы, а куды я ня знаю».

Арышт хлопчыка Апанаса і допыт гэтага, паводле ўспамінаў Макара Косьцевіча, «непаўналетняга блазна», ня даў бальшавікам нічога новага. Менш чым праз тры тыдні яны ў страшэнным пярэпалаху пакінуць і сваю «Западную область», і фактычна памерлы «Западный фронт».

Папярэднія публікацыі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG