Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (23). Рыскі мір разрэзаў Беларусь напалам


Паштоўка выдавецтва "Вызваленьне", Бэрлін, 1922
Паштоўка выдавецтва "Вызваленьне", Бэрлін, 1922

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

«Неабкнавенная, бязмэтная стральба, нічым неаб’ясьнімая»

На хвілінку адпачнем ад БНР і наведаем Беларускі асобны батальён, сфармаваны пры Літоўскім войску ў 1918 годзе. З кнігі загадаў:

«У прайшоўшым годзе пры спатканьні Новага году ва ўсім гарнізоне была неабкнавенная, бязмэтная стральба, нічым неаб’ясьнімая. Стралялі ня толькі салдаты, но і афіцэры, ваенныя чыноўнікі і нават штацкія людзі. Каб не было больш такога беспарадку і ў гэтым гаду, прыказваю камандзерам усіх часьцей і начальнікам устаноў наблюдаць, каб не было ніводнага непатрэбнага выстралу».

«Многія ваеннаслужашчыя, асабліва салдаты, па начам пасьля 12 гадз. начы робяць на вуліцах непарадак. Камандзерам часьцей прыказваю салдат асвабажджаць у места да позьняга часу толькі тых, якія маюць радню».

«Нестраявой роты конь пад клічкай „Акула“, адпраўленую на вылячэньне ў Армейскі Вэтэрынарны лязарэт, выключыць з фуражнага давольства».

«Капітана Васілеўскага і ст. лейтэнанта Самулевіча за нецьвярознае павядзеньне ў кінэматографе арыштоўваю на 10 дзён на гаўптвахце».

«20 января с. г. Командующий Армией, осмотрев войсковые части, находящиеся в Шанцах Понемуни, нашел: Во всех частях, за исключением Белорусского батальона, пища плохая. Это отчасти зависит от продуктов, отчасти от неумения их готовить, неопытный кашевар и хорошие продукты испортит».

БНР працягвае руку Савецкай Беларусі

1921 год за ўсю кароткую гісторыю БНР быў першым годам без вайны. Нарэшце палітычная геаграфія Беларусі стабілізавалася на даўжэйшы час, і беларускія незалежніцкія палітыкі пачалі разважаць пра свае пэрспэктывы на новай карце Ўсходняй Эўропы.

На першае месца выйшла пытаньне дачыненьняў з Савецкай Расеяй і «незалежнай» Савецкай Беларусьсю. Перамовы ў гэтых пытаньнях вяліся празь літоўскае пасярэдніцтва з кіраўніком савецкай місіі ў Літве Аляксандрам Аксэльродам. Той папрасіў удакладніць — якую пазыцыю БНР займае ў дачыненьні да БССР.

25 студзеня 1921-га Вацлаў Ластоўскі ўдакладняе: «Лічачы, што апавяшчэньне і ўстанаўленьне Беларускай Савецкай Рэспублікі ёсьць адна са ступеняй да поўнага зьдзяйсьненьня незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ня толькі ня мае на мэце вясьці аружную ці іншую якую барацьбу зь ёю, але наадварот, будзе памагаць Савецкай Беларускай Рэспубліцы як у справе адраджэньня беларускага народу, так і ў справе поўнага зьдзяйсьненьня незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі».

Савецкая Беларусь граміць беларускіх эсэраў

А ў Менску тым часам пачаў памалу ўсталёўвацца савецкі парадак. У лютым ГПУ арыштавала каля 860 актыўных сяброў партыі беларускіх эсэраў, у тым ліку ЦК партыі і амаль усе правінцыйныя камітэты — сярод іх Мамоньку, Бадунову, Трафімава, Маркевіча, Чаржынскага. Эсэраўская газэта «Змаганьне» была закрытая. Сымпатыя і прыхільнасьць кіраўніка Ўраду БНР да Савецкай Беларусі адказу не атрымалі.

Латвія думае пра Беларусь

1 лютага 1921 году пад ціскам Савецкай Расеі ўлады Латвіі дамагліся закрыцьця Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Рызе. Кастусь Езавітаў пераехаў у Дзьвінск, дзе заняўся нацыянальна-культурнай працай сярод латгальскіх беларусаў.

«Нас падзялілі — хто? Чужаніцы, цёмных дарог махляры...»

18 сакавіка 1921-га ў Рызе была падпісаная канчатковая Мірная дамова паміж Польшчай і Расеяй. На два дзесяцігодзьдзі зямлю Беларусі парэзала напалам дзяржаўная мяжа.

Урад БНР выступіў з пратэстам «Усяму культурнаму сьвету»:

«У Рызе 18 сакавіка 1921 году учынен цяжкі праступак Урадамі Польскай і Савецка-Расейскай Рэспублікамі супроць 16-мільённага насяленьня Беларусі.

Гэты ганебны праступак носіць названьне Міравой умовы паміж польскай дэмакратычнай Рэспублікай i Расейскай Савецкай Рэспублікай.

Польшча i Расея, не маючы паміж сабою супольных граніц, тры гады ваявалі на тэрыторыі Беларускай Рэспублікі: палілі, руйнавалі, грабілі i мучылі насяленне, а урэшце, завяршаючы бесканечны рад сваіх бясправій, раздзерлi жывое цела Беларускага народу на двое. Польшча заграбіла заходнія, а Расея — усходнія беларускія землі.

Рыжскi Польска-Бальшавiцкi мір — гэта кашмарная насьмешка над дэмакрацыяй i яе iдэаламі. Імя яму насільле i грабёж.

Урад Б.Н.Р. імянем Беларускага народу заносіць самы гарачы пратэст перад усімі культурнымі дзяржавамі і народамі сьвету, шукаючы заступніцтва i справядлiвасьці, і заяўляе:

1) Мір, разрываючый на часьцi жывы арганізм Беларусі, ніколі ня будзе прызнаны Беларускім народам;

2) Супраць гвалту і паняволеньня Беларускі народ бароўся i будзе бароцца да канца за сваю незалежнасьць і непадзельнасьць».

«Нас падзялілі — хто? Чужаніцы, цёмных дарог махляры...» — адгукнуўся на гэтую падзею Якуб Колас.

БНР — дзяржава двух народаў

На 3-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Ўрад БНР выступіў з дэклярацыяй, якая задавала новы вэктар у беларускай палітыцы. Дэклярацыя пацьвярджала «сувэрэннасьць нацый беларускай і жыдоўскай і поўнае аб’яднаньне ў адзін дзяржаўны Беларускі Народ». У тым самым часе была прынятая адозва «Беларускія жыды, яшчэ за вамі слова і праца», дзе сярод іншага гаварылася:

«Не было ніводнай дзяржавы, якая б вашых прадзедаў, дзядоў і вас не выганяла, не прыгнятала, не прасьледавала, ня зьдзекавалася над самым сьвятым, што было і ёсьць у вас.

Мінуўшая гісторыя вашага народу ўся перапоўнена бязьвіннымі мукамі і крывёй.

Сучасная гісторыя ваша — таксама тоне ў бязьвіннай крыві сыноў вашага народу.

Пагромы ўчыняюцца над вамі ня толькі ў чужых странах, а нават і ў роднай вам старонцы — у Палестыне. Мала ёсьць дзяржаў, дзе б жыды ў поўнай меры карысталіся ўсімі грамадзкімі і палітычнымі правамі.

Толькі адна ёсьць дзяржава, у якой жыды прызнаны супольнай дзяржаўнай нацыяй — гэта Беларуская Народная Рэспубліка».

Ладноў стварае Дзяржаўны Камітэт БНР

Найвышэйшая Рада БНР працягвала анабіёзнае існаваньне ў Вільні. У сярэдзіне красавіка 1921-га ў Вільні зьяўляецца эксцэнтрычная постаць беларускай палітычнай сцэны палкоўнік Аўген Ладноў, міністар замежных справаў БНР, кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Парыжы.

Фракцыйная ляяльнасьць Ладнова была няяснай — ён нібыта захоўваў субардынацыю ва ўрадзе Ластоўскага, але пры гэтым ніколі не зракаўся ўдзелу ва ўрадзе Луцкевіча. Як бы там ні было, ва ўяўленьні абодвух варожых лягераў БНР ён трымаў у руках усе ніткі беларускай замежнай палітыкі.

У Вільні Ладноў пастанавіў «закрыць» пытаньне Найвышэйшай Рады і ініцыяваў заснаваньне 17 красавіка Дзяржаўнага Камітэту Беларускай Народнай Рэспублікі, пад парасонам якога аб’ядналіся б усе сілы, што стаяць на грунце незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі. Пры гэтым урад Ластоўскага быў абвінавачаны ў сувязі з расейска-нямецкімі манархічнымі коламі, што пакінула яго па-за рамкамі беларускага дзяржаўнага будаўніцтва.

«Дзяржаўнае будаўніцтва Беларускае Народнае Рэспублікі перажывае цяжкую хваробу, — пісалася ў надыктаванай Ладновым Дэклярацыі Дзяржаўнага Камітэту. — 13 сьнежня 1919 году паміж членамі Рады Рэспублікі прысланыя з Бэрліну агенты справацыравалі раскол...»

Старшынём Дзяржаўнага Камітэту быў абраны Луцкевіч, намесьнікам — сам Ладноў, сакратаром — Тарашкевіч. Для рэалізацыі дзяржаўных ідэалаў плянавалася стварыць беларускія збройныя сілы пад камандай... Балаховіча.

Найвышэйшая Рада БНР перадала свае мандаты Дзяржаўнаму камітэту і скончыла сваё існаваньне.

Ладнова раскусваюць

Неўзабаве высьветлілася, што ляяльнасьць палкоўнік Ладноў захоўваў толькі ўласнай кішэні, напоўненасьць якой забясьпечвала «двуйка» — ІІ аддзел польскага генштабу (вайсковая выведка). Дзяржаўны Камітэт БНР тут жа прыкрылі, а Ладнова павыключалі адкуль толькі можна і паведамілі ва ўсіх даступных сродках інфармацыі.

Літва не дамаўляецца з Польшчай

Яшчэ адна нерэалізаваная карта беларускай палітычнай геаграфіі абмяркоўвалася на польска-літоўскай канфэрэнцыі ў Брусэлі ад красавіка да чэрвеня 1921-га. У якасьці вырашэньня канфлікту бакам быў запрапанаваны праект, падрыхтаваны бэльгійскім дыпляматам Полем Імансам. Паводле яго, спрэчныя тэрыторыі разам зь Вільняй перадаваліся Літве, але Літва мелася б складацца з двух кантонаў — Ковенскага і Віленскага (з гарантыяй польскіх уплываў у другім).

Сваю дэлегацыю ў асобе Аляксандра Цьвікевіча паслаў у Брусэль і Ўрад БНР. У адмысловай заяве Урад выклаў сваю пазыцыю ў справе канфэрэнцыі:

«У выпадку, калі на Літоўска-Польскай канфэрэнцыі ў Брусэлі будзе запрапанавана Літве перадача беларускай зямлі да лініі Рыскай польска-расейскай умовы (так званы другі „польскі“ калідор), [Урад] дае сваю згоду на прыём Літвой гэтых зямель пад варункам, што этнаграфічна беларускія землі будуць выдзелены ў самаістую палітычную адзінку».

Пазыцыі польскага і літоўскага боку што да праекту Іманса вельмі моцна разышліся, і справа нічым ня скончылася. Аднак яшчэ й дагэтуль сярод літоўскіх гісторыкаў не сьціхаюць спрэчкі — ці праект Іманса ня быў унікальным страчаным шанцам захаваць Вільню і пазьбегнуць непатрэбнай канфрантацыі з Польшчай, якая на два дзесяцігодзьдзі ўскладніла міжнароднае становішча Літвы.

За чысьціню і гігіену

Гэты тэкст, напісаным рукою Ластоўскага, быў адрасаваны наведнікам ягонага працоўнага кабінэту:

«Ку памети а ку розсудкови вашому Достоиные Гости

Полировность свецкая яко і обычайливость людзкая наказують заховывати в господе певные годные доброродчости Вашое прыстойности

а прото:

опалков серных, окурков папиросных і иншых речей, ачколечи зужитых, тым не меней плюгавостю тхнучых, на помостье не кидати, абы господа негоднаго осельніка, сердце Вамі свое веселячого, не уподоблялася стайни Аўгіевое, яко то часто крот часу струячого бывае. О што просечи полецаюся полировности Вашое.

Негодны Послуг Слуг Вашых».

Папярэднія публікацыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG