Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (17). Бунт і раскол у Радзе БНР


Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Раскол у Радзе Рэспублікі

Урэшце гэты дзень настаў. 13 сьнежня 1919 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі мелася сабрацца ў Менску ў сваім найшырэйшым складзе ад таго часу, калі за год перад тым бальшавіцкія ўлады абвясьцілі Раду па-за законам. Аднак гэты дзень стаўся днём расколу Рады БНР. Фактычна — клінічнай сьмерці: пасьля гэтага яна ўжо больш ніколі не зьбярэцца.

Канфлікт пачаўся ў часе працы камісіі, якая разглядала мандаты сяброў Рады. Рэч у тым, што нованавернены эсэр Вацлаў Ластоўскі прывёз з сабой зь Вільні каля 20 чалавек, якія прадстаўлялі самыя розныя арганізацыі, для прыняцьця ў Раду. Пратакол вялі сябры камісіі эсэры Палута Бадунова і Янка Бялькевіч, свой паралельны пратакол вёў намесьнік старшыні Рады Аляксандар Уласаў.

Уласаў заўважыў, што амаль усе разгляданыя мандаты новых радных аўтаматычна прымаюцца эсэрамі без разгляду падставаў, з свайго боку эсэры запратэставалі супраць вядзеньня паралельнага пратаколу і адмовіліся паказаць Уласаву зацьверджаныя мандаты. Старшыня сходу — сакратар Рады БНР эсэф Крачэўскі — бачачы, куды хіліцца справа, прыкрыў сход камісіі. Бялькевіч і Бадунова забралі стос неразгледжаных мандатаў і выйшлі.

Папоўніўшы склад Рады двума дзясяткамі сваіх прыхільнікаў, 8 эсэраў і 3 эсэфы сабраліся на сэсію ў Юбілейным доме. Іхныя апанэнты запатрабавалі выхаду з залі незацьверджаных імі радных, але «змоўнікі» адмовіліся выканаць гэтае патрабаваньне.

Тады, вырашыўшы, што адбываецца змова з мэтай захапіць кантроль над Радай Рэспублікі, асноўная частка «старой» Рады на чале з старшынём Ураду Луцкевічам і маршалкам Рады Лёсікам сабралася ў кватэры намесьніка маршалка Рады Ўласава і правяла свой надзвычайны сход.

Прыхільнікі Луцкевіча ўтвараюць Найвышэйшую Раду

У сходзе Рады БНР на кватэры Ўласава набралася 37 удзельнікаў, што паводле Статуту Рады было дастаткова для кворуму. Сход адкрыў старшыня Рады БНР Язэп Лёсік гэткай заявай:

«Прымаючы пад увагу, што частка членаў фракцыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў зрабіла змову, каб захапіць законную ўладу Рады Рэспублікі, а пры няўдачы зрабіць гвалтоўныя ўчынкі над членамі другіх фракцыяў і партыяў, прэзыдыюм прапануе адчыніць сход Рады Рэспублікі бяз часткі членаў фракцыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, якія належаць да змовы, і прапануе прызнаць сход законным і правамоцным».

Пасьля разгляду мандатаў і зацьвярджэньня складу Рады найперш была выслуханая справаздача старшыні Рады Народных Міністраў. Антон Луцкевіч падрабязна выклаў вынікі замежнапалітычнай дзейнасьці Ўраду за апошні год, адзначыў посьпехі, спаслаўся на перашкоды і ў канцы заявіў, што дзяржаўная праца настолькі яго змарыла, што ён «толькі чакае моманту, калі б ён мог здаць сваю працу іншай адпаведнай асобе».

Найважнейшым пытаньнем, аднак, была рэарганізацыя Рады Рэспублікі. Дзеля таго што ва ўмовах войнаў і акупацыяў рэгулярная праца Рады ў поўным складзе была фактычна немагчымая, на прапанову Сэньёрэн-канвэнту, прынятую паасобнымі фракцыямі Рады, было пастаноўлена заснаваць Найвышэйшую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе 5 чалавек, якая фактычна пераймае на сябе функцыі Рады ў неспрыяльных абставінах.

Патаемным галасаваньнем тут жа гэтыя 5 асобаў і былі выбраныя — імі сталі Іван Серада, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Кузьма Цярэшчанка, Язэп Лёсік і Аляксандар Уласаў. У 0.30 ночы маршалак Рады Рэспублікі абвяшчае сход скончаным.

Пад воклічы «Няхай жыве незалежная Беларусь!» і са сьпевам Беларускага нацыянальнага гімну (не сказана якога) і Нацыянальнай Марсэльезы (пэўна ж, «Адвеку мы спалі...») радныя разышліся.

Яшчэ адным прэм’ерам прызначаецца Ластоўскі

У тым самым часе таго самага 13 сьнежня ў іншым месцы — у Юбілейным доме — адбыўся яшчэ адзін сход Рады БНР. Яго ўдзельнікі тройчы пасылалі дэлегатаў да апанэнтаў і запрашалі іх зьявіцца ў памяшканьне Рады Рэспублікі. Счакаўшы тры гадзіны, махнулі рукой, падлічылі мандаты, засьведчылі наяўнасьць кворуму і адкрылі свой сход.

Склад удзельнікаў быў збольшага аднародны — сацыялісты-рэвалюцыянэры і сацыялісты-фэдэралісты Крачэўскі і Захарка («праваслаўныя сацыялісты», як называлі іх нядобразычліўцы).

Парадак дня быў кароткі і ўключаў толькі адно пытаньне — кадравае. Быў абраны новы Прэзыдыюм: старшыня — Крачэўскі, намесьнікі — Захарка і Бадунова, сакратары — Козіч і Мамонька. Заадно прызначылі і Ўрад: старшыня Ластоўскі, міністры Ладноў, Бялевіч, Грыб, Цьвікевіч, сакратар Душэўскі, кантралёр Заяц. Гэта было прызначэньне «навырост»: ня ўсе сябры Ўраду былі прысутныя, таму не было пэўнасьці — да якога боку расколу яны далучацца.

Далей дамо слова новаабранаму Прэзыдыюму, які апісаў у сваім звароце заканчэньне сходу:

«Сход скончыўся пры магутным агульным сьпеве нацыянальнага гімну „Ад веку мы спалі“ ўсімі раднымі і публікай на хорах. Усім здавалася, што мы знаходзімся не на сходзе Рады, а творым Божую службу ў старасьвецкіх катакомбах Рыму.

Такая пекнасьць надзвычайна-гістарычнага сходу Рады і яго магутнасьць дае Прэзыдыюму Рады сілу і веру ў тое, што ўсе шчырыя сыны многапакутнай нашай Бацькаўшчыны як адзін чалавек стануць на падтрыманьне Рады і Міністэрства ў труднай барацьбе за лепшую долю і дапамогуць давесьці сьвятую справу — адраджэньне Беларусі — да канца.

За праўду Бог і людзі!»

Хто хутчэй

Наступнай раніцай пасьля «Божай службы ў старасьвецкіх катакомбах Рыму» Ластоўскі і Захарка праз тэлеграфіста-беларуса (знаёмага Мамонькі) пасьпелі разаслаць тэлеграмы пра пераварот у дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР у Бэрліне, Парыжы, Празе, Рызе і Коўне. Тэлеграфіст спачатку іх выслаў і толькі пасьля перадаў тэксты польскім уладам для атрыманьня дазволу. Тыя дазволу не далі і былі пэўныя, што тэлеграмы ўдалося затрымаць, пра што паведамілі «Найвышэйшым».

Калі выявілася, што паведамленьне трапіла ў замежны друк, тэлеграфіста затрымалі і пасадзілі.

Луцкевіч: самазвана ствараецца незаконны ўрад

Тэлеграму са сваёй вэрсіяй падзеяў разаслаў на тыя самыя адрасы і Антон Луцкевіч: «стары кабінэт застаўся кропка рада абрала найвышэйшую раду пяць чалавек перадала ёй мандаты разьехалася кропка адначасна ластоўскі крачэўскі захарка бялевіч бадунова мамонька ствараюць самазвана новы ўрад выступаюць незаконна імя рады кропка». Інтрыга гэтая была сплеценая эсэфамі ў Бэрліне з удзелам Варонкі, упэўнены Луцкевіч.

Чый сход памылковы

На першым пасьля перавароту паседжаньні Рады Народных Міністраў Захарка, міністар фінансаў, заявіў, што сход, на якім ён быў прысутны, абраў новы ўрад, што ён лічыць урад Луцкевіча неправамоцным і слухацца яго не зьбіраецца, што надалей лічыць сябе міністрам фінансаў і ніякага справаводзтва і грошай нікому здаваць не плянуе.

На гэта астатнія міністры на чале з прэм’ерам адказалі, што Захарка быў на памылковым сходзе, які быў «прыватным сходам групы бальшавіцкі-настроеных членаў фракцыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і сацыялістаў-фэдэралістаў і ніякага грунту лічыць сябе правамоцным сходам Рады Рэспублікі ня меў».

Было пастаноўлена: зьняць Захарку з пасады міністра і скарбніка, распачаць супраць яго судовую справу і ўчыніць усе крокі дзеля атрыманьня ад ужо былога міністра дзяржаўнай касы і справаводзтва.

Луцкевіч просіцца ў адстаўку. Яго не пускаюць

Пачала сваю працу Найвышэйшая Рада. На першым сходзе старшынём быў абраны Янка Серада. На другім Антон Луцкевіч падаў заяву аб адстаўцы. Заяву ня толькі што адхілілі, але да абавязкаў кіраўніка Ўраду і міністра замежных справаў дадалі яшчэ апусьцелае пасьля Захаркі крэсла міністра фінансаў.

Палкоўнік Езавітаў стварае дызайн Полацкага Крыжа

Езавітаў, натхнёны першымі вайсковымі посьпехамі Асобнага атраду БНР пад камандай Балаховіча, прапануе заснаваць баявы ордэн — Полацкі Беларускі Крыж, «каб падтрымліваць у Атрадзе добры вайсковы настрой». Палкоўнік сам распрацаваў палажэньне аб ордэне і нават зрабіў макет ордэна і ордэнскай стужкі. Полацкі Крыж меў пяць ступеняў і дзьве катэгорыі — за баявыя заслугі і за мірныя. Ступені пазначаліся на стужцы зорачкамі (баявыя) або крыжыкамі (мірныя).

У рапарце Езавітаў намаляваў эскізы каляровымі алоўкамі. А фатаграфія макету недзе згубілася — да адрасата рапарту Антона Луцкевіча яна ўжо не дайшла.

Дзьверы польскай пасткі зачыняюцца

Пасьля бурлівых менскіх падзеяў старшыня Ўраду (адзін з двух) Антон Луцкевіч выехаў у Варшаву з намерам вярнуцца на канфэрэнцыю ў Парыж. Аднак Парыжу ён ужо больш не пабачыць. Hotel Saski ў Варшаве на некалькі месяцаў станецца месцам, дзе беларускі прэм’ер будзе фактычна інтэрнаваны. Дзьверы польскай пасткі зачыніліся. Гэта стане канцом дзяржаўна-палітычнай кар’еры Антона Луцкевіча.

Папярэднія публікацыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG