Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (14). Луцкевіч выяжджае ў Парыж, Беларусь займаюць палякі


Польскія ўланы, 1919

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Антон Луцкевіч у бальшавікоў

Горадзенскае «сядзеньне» Антона Луцкевіча нарэшце скончылася 18 лютага — зь Вільні прыйшла вестка, што стан здароўя брата Івана рэзка пагоршыўся. Антон «ураз сабраўся і назаўтра паехаў».

У бальшавіцкай Вільні беларускі прэм’ер прабыў пару тыдняў:

«Прыглядаўся да кіпеўшай тут працы, інфармаваў аб тым, што дзеецца „на захадзе“... Тым часам прыехалі з Горадні кур’еры Алексючанка і Курбскі зь весткай, што ў Горадню тэлефанаваў з Коўна Цьвікевіч, каб я зараз варочаўся. Прадстаўнікі майго ўраду Цьвікевіч, Смоліч і Захарка прыехалі ў Бэрлін з Украіны і прывезьлі грошы, пазычаныя майму ўраду ўрадам Пятлюры. Дык ёсьць магчымасьць ехаць у Парыж на міравую канфэрэнцыю. Атрымаўшы гэту вестку, я мусіў разьвітацца з Іванам і Вільняй ды ехаць».

Савецкая Ўкраіна блякуе УНРаўскую пазыку

У Горадні Луцкевічу давялося затрымацца яшчэ на добры тыдзень, чакаючы Цьвікевіча з украінскімі акрэдытывамі. Гэтае чаканьне дорага абышлося: калі ўжо ў Бэрліне Луцкевіч прыйшоў у нямецкі банк атрымаць на акрэдытыў грошы, выявілася, што за некалькі дзён да таго ўрад Украінскай ССР (абвешчанай 10 сакавіка) наклаў сэквэстар на ўсе актывы ўраду УНР у нямецкіх банках.

Так былі страчаныя 1 666 000 нямецкіх марак украінскай пазыкі. Давялося паслаць Цьвікевіча і Зайца ў Вену па другую частку пазыкі — 3 000 000 кронаў — выпісаную на аўстрыйскі банк. Да Вены бальшавіцкія рукі яшчэ былі не дацягнуўшыся, і грошы ўдалося атрымаць. Але з усіх гэтых прычынаў Луцкевіч праседзеў у Бэрліне ад канца сакавіка аж да чэрвеня.

Бэрлін — сталіца БНР

У Бэрлін беларускія ўрадоўцы выехалі 20 сакавіка — пакінуўшы землі абвешчанай за год да таго Беларускай Народнай Рэспублікі.

На другі дзень на першым паседжаньні Рады Народных Міністраў БНР у Бэрліне было вырашана, што ў выпадку акупацыі Горадні беларускі ўрад мае пераехаць далей на літоўскую тэрыторыю, калі будзе немагчыма затрымацца ў іншым пункце тэрыторыі беларускай. Аднак фактычна ўвесь урад на той момант апынуўся ў Бэрліне, які на некалькі месяцаў стане чарговай «сталіцай» БНР.

Што пра сустрэчу з Масарыкам піша Луцкевіч

Чакаючы выезду ў Парыж, Антон Луцкевіч пад’ехаў з Бэрліну ў Прагу і 29 красавіка нанёс візыт прэзыдэнту Томашу Масарыку:

«Масарык прыняў мяне зь незвычайнаю сардэчнасьцю і нейкаю прастатою... Ён са шчырым спачуваньнем паставіўся да нашых спраў. Між іншым, са смуткам адзначыў, што Польшча, якая лёгка магла б пасьля Расеі заняць месца правадыра славянства, пра гэтую ролю абсалютна не клапацілася.

З уласьціваю чэхам практычнасьцю Масарык сам закрануў пытаньне пра дыпляматычную дапамогу з боку чэскай місіі. «У Парыжы, — казаў, — цяпер знаходзіцца Бэнэш, і зь ім трэба абавязкова скантактавацца. Праўда, там знаходзіцца і наш прэм’ер Крамарж, але гэта масквафіл старое даты, апошні з магіканаў. Зь ім пра вашы справы размаўляць ня варта... А Бэнэш будзе ахвотна вам служыць сваёю парадаю і падтрымкаю на міжнародным абшары. За гэта я ручаюся.

Аўдыенцыя працягвалася амаль дзьве гадзіны. Пры разьвітаньні Масарык яшчэ раз запэўніў мяне ў сваіх беларускіх сымпатыях і абяцаў, што як толькі беларускі ўрад умацуецца, Чэхаславакія адразу ж установіць зь ім дыпляматычныя адносіны».

Што пра сустрэчу з Луцкевічам піша Масарык

Назаўтра Масарык паслаў інструкцыі Бэнэшу (дакумэнт знайшлі чэскія дасьледнікі Даніела Колэнаўска і Міхал Плавэц):

«Быў у мяне ўчора прэм’ер Беларускай рэспублікі. Яны дамагаюцца нашай маральнай, а наколькі можна, і палітычнай дапамогі. Яны прыйдуць да Вас, выкладуць сваю справу і пададуць мэмарандум.

Гэтая Беларуская рэспубліка ёсьць плодам расейскага распаду; яны мусілі б застацца расейцамі і баста! Як украінцы; але Расея распалася, а таму цяпер арганізацыя гэтых краёў лепшая, чым распад пад маскоўскім штучным цэнтралізмам! Таму мы, не паглыбляючыся ў філялёгію і ўнутраную адміністрацыю, прымаем status quo. З гэтага гледзішча я іх запэўніў, што мы будзем рады зь імі гандляваць і г. д.

Аднак асьцярожна з палякамі, якія ў нашай нэўтральнасьці ўбачаць антыпольскасьць, бо яны хочуць завалодаць беларускай тэрыторыяй. І яшчэ асьцярожна з доктарам Крамаржам, чыё русафільства магло б адпалохаць і беларусаў, і ўкраінцаў».

У Парыж беларусы безнадзейна позьняцца

Урэшце толькі ў канцы траўня зь Вены прывезьлі грошы, і Антон Луцкевіч 24-га мог выехаць у Парыж. Дый папярэдняя дэлегацыя — Кандратовіч, Азнабішын і сакратар Баркоў — выехала з Бэрліну толькі 29 красавіка. На той момант канфэрэнцыя працавала ўжо чацьвёрты месяц, магчымыя канкурэнты беларусаў — палякі, літоўцы, антыбальшавіцкія расейцы — ужо выклалі, дзе маглі, свае пазыцыі.

Беларусы і так мелі вельмі мала шанцаў нечага ў Парыжы дасягнуць, а да таго яшчэ і безнадзейна спазьніліся.

Ленін думае пра Беларусь

Пра тое, што адбывалася ў першыя месяцы 1919 году на Ўсходзе, у Архівах БНР амаль ня згадваецца. Тым часам абвешчаная на Новы год беларуская «нібы-рэспубліка» была здадзеная на гістарычны мэталалом, а замест яе 27 лютага створаная такая самая папяровая «літоўска-беларуская» савецкая рэспубліка. Ад Беларусі ў ёй засталося няшмат.

Як тлумачыў завадатар сусьветнай рэвалюцыі У. Ленін, «Республика буферная и нужна постольку, поскольку граничит с другими странами. Поскольку Смоленск, Витебск и Могилев не граничат, постольку их можно исключить».

Гэта на тэму «Ленін думае пра Беларусь».

Палякі думаюць пра Беларусь

Пра Беларусь думалі ня толькі ў Маскве, але і ў Варшаве. Сусьветная рэвалюцыя, якая паўзла на захад з адступленьнем нямецкіх войскаў, на тэрыторыі Беларусі наткнулася на палякаў. Ужо ў сярэдзіне лютага польскія вайсковыя аддзелы выйшлі да заходніх межаў Беларусі, а ў сакавіку рушылі на ўсход. 19 красавіка яны занялі Вільню, 28 красавіка — Горадню, 8 жніўня — Менск. Пачалася польская акупацыя Беларусі.

Расейскія жарты

30 траўня старшыня Рады Народных Міністраў БНР ужо вядзе палітычную дзейнасьць у Парыжы. Сярод першых кантактаў — апошні пасол дэмакратычнай Расеі ў Францыі Васілій Маклакоў. Той апісаў стаўленьне да БНР так: «Акт аб незалежнасьці Беларусі быў аднабаковы, і з гэтай прычыны Расея яго ня можа лічыць правамоцным: гэткім ён мог бы стацца толькі тады, калі б яго пацьвердзіла Агульнарасейская Канстытуанта (Устаноўчы Сход. — С. Ш.). Цяпер жа, — дадаў Маклакоў жартліва, — вы проці нас бунтаўшчыкі!»

Тамаш Грыб атрымлівае найшырэйшыя паўнамоцтвы

Асірацелая пасьля ад’езду старшыні Рада Народных Міністраў засядае ў Коўне. Грашовая сытуацыя ўраду палепшылася, і міністры заняліся дзяржаўнай творчасьцю. Так, пры Міністэрстве ўнутраных справаў «дзеля барацьбы з націскам варожых сіл і абароны незалежнасьці і непадзельнасьці» быў створаны Агітацыйна-палітычны аддзел, начальнікам якога быў прызначаны радны Рады БНР Тамаш Грыб. Яму быў вызначаны аклад і дадзеныя зайздросныя паўнамоцтвы:

«Тамаш Грыб мае права прызначаць і звальняць урадавых палітычных павятовых і губэрнскіх камісараў, а таксама ў надзвычайных мамэнтах абвяшчаць ад імя Беларускага Ўраду Рады Народных Міністраў вышэйшую дзяржаўную ўладу на мяйсцох і арганізацыю збройнае сілы дзеля падтрыманьня гэтае ўлады».

Папярэднія публікацыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG