Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (8). Раман Скірмунт ідзе ў прэм'еры


Раман Скірмунт

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Едуць камісары. Украінскія

Дыпляматычная місія на чале з Аляксандрам Цьвікевічам, якая выправілася ў Кіеў яшчэ 26 сакавіка, так і не давяла справу далей за прызнаньне з боку УНР дэ-факта. Самым балючым пытаньнем была беларуска-ўкраінская мяжа. Беларускія дзеячы вагаліся — ціснуць на ўкраінцаў ці не, бо лёс мяжы так ці йначай вырашаўся на ўкраінска-расейскіх перамовах, якія пачаліся 29 красавіка ў Курску і пасьля працягваліся ў Кіеве.

Бальшавікі на перамовах выступалі як гаспадары беларускіх земляў, часова акупаваных немцамі, і не дапускалі нават думкі пра існаваньне незалежнай Беларусі. На перамовы ні ў Курск, ні ў Кіеў беларусы ня трапілі, і ўсё вырашалася бязь іх.

Тым часам у беларускія паветы пад кантролем УНР (Гомельскі, Рэчыцкі, Мазырскі, Пінскі) пачалі прыяжджаць новапрызначаныя ўкраінскія камісары, пра што беларускія дыпляматы даведаліся не ад сваіх украінскіх калегаў, а з паведамленьняў зь месцаў.

Беларуская дэлегацыя падала ўладам УНР пратэст, запэўніўшы, што «ў братэрскіх дачыненьнях Украіны і Беларусі ніколі не было і, мы верым, ніколі ня будзе абвостранасьці і ўзаемных крыўдаў, спароджаных аднабаковымі распараджэньнямі або ўзаемнай непаінфармаванасьцю».

Гомель хоча абвясьціць сябе вольным горадам

Гомель і Гомельшчына на сваю палітычную будучыню мелі свой асобны погляд. Калі ў Кіеве рыхтаваўся працяг украінска-расейскіх перамоваў аб межах, старшыня Гомельскай гарадзкой управы Багданаў накіраваў дэлегацыі БНР у Кіеве ліст з патрабаваньнем даць права жыхарам Гомля і Гомельшчыны свабодна вырашыць пытаньне аб дзяржаўнай прыналежнасьці праз рэфэрэндум.

Да ліста была далучаная копія пастановы Гомельскага павятовага земскага сходу «выбраць дэлегацыю з двух чалавек, упаўнаважыць іх дамагчыся на мірнай Кіеўскай канфэрэнцыі прызнаньня за Гомельскім паветам правоў на самавызначэньне, і калі гэткія будуць дадзеныя, то хадайнічаць аб вызваленьні павету ад адміністрацыйных і вайсковых уладаў усіх дзяржаваў».

Але вольнасьці горад Гомель так і не атрымаў — ні ад Менску, ні ад Кіева, ні ад Масквы.

Эўропа ў Менску, Менск у Эўропе

У пачатку траўня ў Менску адкрыліся дзьве «палявыя кнігарні», куды паступіла маса мастацкіх, бэлетрыстычных, гістарычных і этнаграфічных выданьняў, кніг, альбомаў і картаў, што датычылі Беларусі, Літвы, Курляндыі ды іншых акупаваных краёў.

Апрача таго, жыхары сталіцы БНР рэгулярна і апэратыўна (на другі дзень пасьля выхаду) атрымлівалі замежную прэсу: віленскія, беластоцкія, варшаўскія, чанстахоўскія і больш за 20 назваў нямецкіх і аўстрыйскіх газэт, а таксама ілюстраваныя часопісы. У тых самых кнігарнях можна было купіць і беларускія выданьні зь Вільні.

Польскі народны дом робіцца Беларускім

12 траўня споўніўся год з дня сьмерці ў Ялце паэта Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды былы Польскі народны дом, які перайшоў у распараджэньне беларускіх арганізацыяў, быў перайменаваны ў Беларускі народны дом імя Максіма Багдановіча. Дом мясьціўся на вуліцы Ніжне-Ляхаўскай, 7. (Такіх вуліц у Менску было чатыры, але нумар 7 мела толькі адна — пазьней яна называлася вуліцай Гірша Лекерта, цяпер гэта пешы праход з усходняга боку стадыёну «Дынама».)

Пры Народным доме меліся ісьці курсы і лекцыі беларусазнаўства, арганізавацца школа для непісьменных, тамсама плянавалася адкрыць Беларускі народны клюб.

Цалкам нечуваныя прыпеўкі

Адкрыўся Народны дом у нядзелю 19 траўня тэатральнай імпрэзай — была пастаўленая п’еса Ўладзімера Галубка «Бязьвінная кроў» у выкананьні Таварыства беларускай драмы і камэдыі, рэжысэр Флярыян Ждановіч. Сярод выканаўцаў галоўных роляў выступілі і былі пахваленыя крытыкай і драматург, і рэжысэр. Затое «некалькі сонна правёў ролю сына сацыяліста п. Фальскі».

У заключэньні спэктаклю ў дывэртысмэнце выступіў упершыню новы беларускі хор Пярэсьпенскай царквы, «явивший большой успех исполнением совершенно не слыханных доселе белорусских частушек и дум».

Тэрарысты рыхтуюць замахі на беларускіх дзеячоў

Беларуская партызанская арганізацыя «Зялёны Дуб» праславілася сваімі дзеяньнямі — пераважна ўзброеным змаганьнем з бальшавікамі — на пачатку 1920-х. Аднак гэтая назва гучала ў Менску ўжо ў 1918 годзе. «Па горадзе ходзяць чуткі, — пісалася ў газэтах, — пра арганізаваную нібыта ў Менску групу тэрарыстаў „Зялёны Дуб“, якая мае за мэту ўчыненьне тэрарыстычных актаў супраць цэлага шэрагу беларускіх дзеячоў. На сьлед гэтай арганізацыі ўжо напалі...»

Праўда, маладзёвая арганізацыя з такой самай назвай, арыентаваная на сялянства і інтэлігенцыю, зьявілася ў Расеі ўжо ў 1910 годзе. Але што за зеленадубаўцы фігуравалі ў тых чутках? Ці іх злавілі і хто іх лавіў? Хто гэта — той «шэраг беларускіх дзеячоў»? Ці не было гэта нейкае рэха палітычнага расколу сярод беларускіх незалежнікаў? Няма адказу... Хто такія сагайдакі

На пачатку ХХ стагодзьдзя па сьвеце пачаў шырыцца скаўцкі рух. Не засталася ад яго ўбаку і беларуская моладзь часоў БНР. Менская вучнёўская грамада (тая самая, што змагалася з Народным Сакратарыятам за сваю друкавальную машынку) ініцыявала заснаваньне новага культурна-асьветнага і спартовага таварыства на манер скаўцкага. Беларускія скаўты меліся звацца «сагайдакі». Сагайдакам у даўнія часы называўся боекамплект коннага лучніка — лук у чахле і калчан са стрэламі.

Мэтай таварыства было фізычнае і маральнае выхаваньне пад дэвізам «Няхай жыве Незалежная Беларусь».

Раман Скірмунт спрабуе стаць прэм’ерам

14 траўня першы склад Народнага Сакратарыяту, праіснаваўшы тры месяцы («тэрмін вельмі рэдкі для ўлады, арганізаванай рэвалюцыйным шляхам»), склаў свае паўнамоцтвы. Першы незалежніцкі ўрад выразна сацыялістычнага кірунку за гэты час страціў дзьве траціны складу і ў выніку палітычнага крызісу саступіў месца правым сілам.

Фармаваньне новага кабінэту было даручана буйному земляўласьніку Раману Скірмунту, прапановы ўвайсьці ў новы ўрад атрымалі Язэп Варонка, генэрал Кіпрыян Кандратовіч, былы менскі гарадзкі галава Станіслаў Хржанстоўскі. Зьмянілася і кіраўніцтва Рады БНР, на пасадзе старшыні Янку Сераду замяніў Язэп Лёсік. Аднак пройдзе два месяцы, і новы ўрад сыдзе з палітычнай сцэны, так фактычна і не прыступіўшы да выкананьня абавязкаў.

У Віцебску «распрадаюць Беларусь гуртам і ўраздроб...»

У акупаваным бальшавікамі Віцебску праца беларускіх арганізацыяў была цалкам паралізаваная. Беларускія грамадзка-палітычныя дзеячы былі часткова разагнаныя, часткова тэрарызаваныя і загнаныя ў падпольле. Віцебская арганізацыя Беларускай сацыялістычнай грамады на чале зь Міхаілам Мялешкам перайшла на нелегальнае становішча, Вайсковая рада Паўночнага фронту разагнаная і закрытая.

Затое шырокае поле дзейнасьці бальшавікі пакінулі палякам, а менавіта «1-му Польскаму рэвалюцыйнаму палку». Полк гэты, афіцыйна чырвонаармейскі, нічым не адрозьніваўся ад бабруйскіх палкоў Доўбар-Мусьніцкага, улучна з сымболікай — арлы. У Менску абураліся: «У Віцебску польская акупацыя дае сябе адчуць мацней за бальшавіцкую, а гэта, мабыць, і ёсьць праграмай дзейнасьці ленінскіх „саўнаркомаў“, якія распрадаюць Беларусь направа і налева, гуртам і ўраздроб...»

У Маскве думаюць пра Беларусь

У Маскве тымчасам зьявіліся і беларускія бальшавікі. Група дзеячоў, незадаволеная ігнараваньнем іх бальшынёю беларускіх арганізацыяў, пайшла на службу да маскоўскіх бальшавікоў. Савет народных камісараў даў ім грошай на выданьне беларускай газэты «Дзяньніца» і арганізацыю нацыянальнага камісарыяту ў Маскве. Уплыў гэтай бальшавіцкай установы пашыраўся на Смаленскую і частку Віцебскай губэрняў.

«Большую частку сваёй працы члены Беларускага бальшавіцкага камісарыяту грамадзяне Жылуновіч, Чарвякоў, Скарынка, Войтка і інш. аддаюць тыднёвай газэце „Дзяньніца“, дзе няспынна пішуць усялякія нісянеціцы пра паўнамоцныя беларускія цэнтральныя арганізацыі ў Вільні і Менску, пішуць у газэце даносы на паасобных дзеячоў, заклікаюць чытачоў „да барацьбы“ зь імі і пад.

І ўсё гэта за некалькі дзясяткаў тысячаў рублёў, седзячы ў цёплых апартамэнтах сацыялізаванага маскоўскага асабняка, далёка ад шматпакутнага беларускага народу і ад цэнтраў беларускай культуры і дзяржаўнага жыцьця», — інфармаваў грамадзкасьць Народны Сакратарыят у Менску.

«Газэту вядзе Жылуновіч і на нас усіх разам з вамі сабак вешае...» — наракаў Язэп Варонка ў лісьце Антону Луцкевічу.

Ядзімыя прадукты для сталоўкі

Рада БНР мела сваю сталоўку, якая забясьпечвала будзённыя патрэбы радных, пэрсаналу і наведнікаў. Яе забесьпячэньнем займаліся самі палітыкі, пасылаючы харчовых кур’ераў у менскае навакольле: «Гэтым сьведчым, што грамадзяніну Івану Макарчуку даручана Народным Сакратарыятам закупіць у м. Сьмілавічах і ў ваколіцах ядзімых прадуктаў для сталоўкі пры Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі».

Праз тыдзень становіцца вядома пра вынікі харчовай экспэдыцыі: Народны Сакратарыят просіць у нямецкага камэнданта Менску дазволу, каб Іван Макарчук правёз са Сьмілавічаў 15 пудоў бульбы і 4 пуды аўса для коней, «што знаходзяцца ў распараджэньні НС БНР».

«Отторжение от России»

Рада БНР і Народны Сакратарыят былі не адзінымі прэтэндэнтамі на мясцовую ўладу ў Беларусі ва ўмовах акупацыі і ў далейшай пэрспэктыве. З уцёкамі бальшавікоў адрадзілася дзейнасьць органаў улады дэмакратычнай Расеі, у Менску прадстаўленых Менскім губэрнскім земствам і Менскай гарадзкой думай.

20 траўня на губэрнскім земскім сходзе гэтыя сілы прынялі рэзалюцыю ў беларускім пытаньні. Яны пацьвердзілі вернасьць пастановам Усебеларускага Зьезду (пра аўтаномію Беларусі ў складзе Расеі), прызналі правільным выдзяленьне грошай Радзе БНР «у пачатку яе дзейнасьці», асудзілі курс Рады і НС БНР на «отторжение от России».

Пытаньне палітычнай будучыні Беларусі, паводле земцаў і думцаў, «можа быць вырашана толькі Беларускім Устаноўчым сходам, а не самазвана групай грамадзянаў, якою зьяўляецца цяперашні склад Беларускай Рады, які страціў усялякую сувязь з Усебеларускім Зьездам і беларускім народам».

Рада БНР прызначыла скліканьне Ўстаноўчага Сходу на 1 сьнежня 1918 году, але тады ўжо будзе не да зьездаў...

Пінчуцкая мова

24 траўня Народны Сакратарыят вырашаў пытаньні прамоцыі беларускай справы праз друкаваныя выданьні. Было пастаноўлена асыгнаваць сродкі на газэты-тыднёвікі ў Кіеве, Маскве, Петраградзе, Віцебску, Смаленску, Магілёве, Горадні, Вільні, Беластоку, Пінску, Гомлі, Полацку і на ўсялякі выпадак у Менску.

Пасьля Пінску ў дужках прыпісана — нотабэнэ! — «выдаваць на пінчуцкай мове».

Папярэднія публікацыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG