Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя: на #БНР100 у Менску будзе агляд рэчаў


Міліцыя на Дні Волі ў Менску, 25 сакавіка 2013 году

ГУУС Менгарвыканкаму апублікавала на сваім сайце паведамленьне пра агляд падчас менскага «Сьвята незалежнасьці» 25 сакавіка — мітынг-канцэрт у гонар 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Міліцыя папярэджвае, што, згодна з арт. 11 закону «Аб масавых мерапрыемствах», на тэрыторыі сьвята будзе праводзіцца агляд грамадзянаў і рэчаў пры іх «з дапамогай тэхнічных і спэцыяльных сродкаў».

«У выпадку адмовы грамадзяніна ад асабістага агляду альбо ад агляду наяўных пры ім рэчаў ён не дапускаецца ў месца правядзеньня масавага мерапрыемства», — дадае міліцыя.

Раней арганізатары канцэрту казалі, што агляд быў абавязковай умовай Менгарвыканкаму. Паслугі аховы сьвята, як і паслугі мэдыкаў і прыборку тэрыторыі, аплочвае горад.

Дазволеныя ўладамі мерапрыемствы з нагоды 100-годзьдзя БНР
Дазволеныя ўладамі мерапрыемствы з нагоды 100-годзьдзя БНР

«Прагучала, што калі акцыя пойдзе не паводле заплянаванага сцэнара, то ў гарадзкой міліцыі будзе дастаткова сілаў і сродкаў, каб яго спыніць, — казаў пасьля адной з сустрэчаў зь міліцыяй чалец аргкамітэту #БНР100 Юрась Губарэвіч. — Але што мелася на ўвазе пад „незаплянаваным сцэнаром“, не тлумачылася».

Тым, хто ідзе не на сьвята, а ў Опэрны тэатар (там будзе «Лебядзінае возера»), міліцыя рэкамэндуе праходзіць праз вуліцу Алаізы Пашкевіч і мець пры сабе квіткі.

***

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 94% неабходнай сумы, зьбіраюць сродкі і іншымі шляхамі. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя. Надвор’е можа быць халодным, але арганізатары да гэтага гатовыя.

У рэгіёнах сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР дазволілі пакуль у Берасьці, Горадні і Лідзе. Гарвыканкамы ў Берасьці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўваньня і працы камунальных службаў. Сябры руху «За свабоду» чакаюць адказу на заяўкі ад уладаў Віцебску і Магілёва. Шэраг мерапрыемстваў заплянаваны за мяжой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG