Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атава, Брусэль, Лёндан, Прага... Як адзначаць 100-годзьдзе БНР за мяжой


Сьвяткаваньне Дня Волі ў Канадзе, архіўнае фота
Сьвяткаваньне Дня Волі ў Канадзе, архіўнае фота

Паводле афіцыйных зьвестак, за межамі Беларусі пражывае блізу 3,5 мільёна беларусаў, дзейнічае больш за 200 нацыянальна-культурных аб’яднаньняў.​

Прадстаўнікі арганізацый беларускай дыяспары ў розных краінах сьвету падзяліліся з Радыё Свабода плянамі наконт таго, як будуць сьвяткавацца сотыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Бэльгія

Дзень Волі ў Бэльгіі, архіўнае фота
Дзень Волі ў Бэльгіі, архіўнае фота

У Бэльгіі пачаткам адзначэньня 100-годзьдзя БНР стаў пікет за дэмакратычную Беларусь, які быў наладжаны 14 сакавіка ў Брусэлі. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў адзін зь беларускіх актывістаў у Бэльгіі Мірон Крывіч. Па яго словах, 24 красавіка сябры Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня маюць усталяваць каменную шыльду на магіле раднага БНР Янкі Жучкі, які пахаваны ў прадмесьці Брусэля. Асьвячаць шыльду будзе сьвятар Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

25 сакавіка адбудзецца малебен за беларускі народ і сьвяткаваньне юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі. У той жа дзень пры іканастасе ў Беларускай грэка-каталіцкай царкве будзе ўсталяваны памятны знак 100 год БНР.

Вялікая Брытанія

Галоўныя імпрэзы, прымеркаваныя да 100-гадовага юбілею незалежнасьці БНР, адбудуцца ў Лёндане. Галоўным арганізатарам выступае Асацыяцыя беларусаў у Вялікай Брытаніі. 22 сакавіка ў брытанскай сталіцы пройдзе сустрэчы са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і кіраўніцай Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Аленай Анісім. 23 сакавіка ва ўнівэрсытэцкім каледжы Лёндану пачнецца Трэцяя штогадовая канфэрэнцыя па беларускіх дасьледаваньнях. Зьбяруцца навукоўцы Вялікай Брытаніі, Беларусі, Нямеччыны, Швэцыі, Фінляндыі, Канады, якія спэцыялізуюцца на беларускіх дасьледаваньнях.

24 сакавіка адбудзецца міжнародны навуковы сымпозіюм. У Лёндан прыедуць акадэмічныя сьпікеры зь Беларусі, Польшчы, Літвы. Брытанскай аўдыторыі раскажуць пра значэньне Беларускай Народнай Рэспублікі ў беларускай і рэгіянальнай гісторыі.

У гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, 25 сакавіка, урачыстая праграма распачнецца ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры ў Лёндане. Пасьля пройдзе ўрачыстае набажэнства ў беларускай царкве Сьв. Кірылы Тураўскага ў паўночным Лёндане. Таксама будуць наладжаныя экскурсіі па беларускай Скарынаўскай бібліятэцы з выставай прадметаў, зьвязаных зь Беларускай Народнай Рэспублікай.

Сьвяточныя акцыі да сотых угодкаў БНР таксама заплянаваныя ў Ірляндыі.

Злучаныя Штаты Амэрыкі

Роварны заезд у гонар 100-годзьдзя БНР 13 сакавіка ў Нью-Ёрку
Роварны заезд у гонар 100-годзьдзя БНР 13 сакавіка ў Нью-Ёрку

Сьвяточныя імпрэзы заплянаваныя ў месцах найбольш кампактнага пражываньня беларусаў — Нью-Ёрку, Вашынгтоне, Філядэльфіі, Кліўлэндзе. Мяркуецца, што адна з акцый пройдзе каля нью-ёрскай штаб-кватэры ААН, каб чарговым разам зьвярнуць увагу на стан правоў чалавека ў Беларусі.

Нядаўна амбасада ЗША ў Беларусі апублікавала заяву з нагоды юбілею ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

«У віры супрацьлеглых мэтаў, амбіцый, настрояў і ваенных прысутнасьцяў Беларуская Народная Рэспубліка ўжо меней чым праз год сканала. 25 сакавіка беларусы будуць ушаноўваць памяць тых, хто насуперак цяжкім і неспрыяльным абставінам адстойваў іх нацыянальную ідэнтычнасьць і незалежнасьць».

11 сакавіка ў Нью-Ёрку беларускія актывісты арганізавалі велапрабег у гонар 100-гадовага юбілею незалежнасьці БНР.

Ізраіль

Мэмарыяльны знак Янку Купалу ў Ашдодзе
Мэмарыяльны знак Янку Купалу ў Ашдодзе

Галоўныя ўрачыстасьці ў Ізраілі заплянаваныя 25 сакавіка ў Ашдодзе, на поўдзень ад Тэль-Авіву. Месца збору — каля помніка Янку Купалу.

9 сакавіка, у дзень прыняцьця Другой Устаўной Граматы БНР, у Ерусаліме каля Сьцяны Плачу прайшла малітва за Беларусь. Тады пад бел-чырвона-белым сьцягам і дзяржаўным сьцягам Iзраiлю зачыталі 101 псальм цара Давіда, дабраславеньне Вольнай Беларусі, малітву «Памятай Беларусь» і малітву за аднаўленьне Ерусалімскага храма. Пасьля заканчэньня былі выкананыя гімны — беларускі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і ізраільскі «Хатыква» (Надзея).

Канада

Беларусы Канады 25 сакавіка зьбяруцца ў Таронта. Сьвяточная імпрэза і канцэрт пройдуць у мясцовай ратушы.

Канада стала першай сярод замежных краін, дзе 100 год БНР адсьвяткавалі ў сталіцы.

11 сакавіка каля сотні сябраў Згуртаваньня беларусаў Канады і Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе атрымалі магчымасьць адзначыць юбілей БНР у сьценах парлямэнту Канады. Гэтаму паспрыяў дэпутат Чандра Арый, які ў якасьці сьвяточнай пляцоўкі прапанаваў Цэнтральны будынак парлямэнту.

У залі, дзе звычайна праходзяць урадавыя паседжаньні, прагучалі гімны Канады і Беларускай Народнай Рэспублікі («Мы выйдзем шчыльнымі радамі»), малітва «За Беларусь», прачытаная архіепіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Сьвятаславам.

Перад прысутнымі выступіла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якую заля вітала стоячы. Выступалі кандыдат гістарычных навук Галіна Туміловіч, прафэсарка Зіна Гімпелевіч і старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады Алена Лявончанка. Яны распавялі пра асновы беларускай ідэалёгіі, на якую абапіраліся лідэры БНР.

Латвія

Беларусы Латвіі, абʼяднаныя ў таварыства «Сьвітанак», адзначаць сьвята канцэртам, мастацкай выставай і сяброўскай вячэрай. Імпрэзы пройдуць 24 сакавіка, бо 25-га ў гэтай краіне — дзень жалобы па ахвярах камунізму.

Пра гэта расказаў мастак, грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» і абʼяднаньня мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» Вячка Целеш.

«Несумненна, будзем адзначаць, — сказаў ён. — Праўда, давядзецца гэта зрабіць загадзя, бо ў нядзелю 25 сакавіка ў Латвіі Дзень жалобы. У гэты дзень традыцыйна ўшаноўваюць суайчыньнікаў, рэпрэсаваных бальшавікамі ў 1941 годзе. Вывешваюцца дзяржаўныя сьцягі з чорнымі стужкамі — у памяць пра землякоў, якія загінулі па дарозе ў Сыбір і ў высылцы. Таму юбілей абвяшчэньня незалежнасьці БНР справім напярэдадні, 24 сакавіка».

У рамках сьвяточнай імпрэзы ў Рызе будуць выстаўленыя працы сябраў мастакоўскага абʼяднаньня «Маю гонар».

У Рызе на 100-годзьдзе незалежнасьці БНР узгадаюць Кастуся Езавітава

Літва

Сьвяткаваньне юбілею БНР у Літве арганізавана сумесна Беларускім домам правоў чалавека імя Звоскава, моладзевай асацыяцыяй «StudAlliance», Таварыствам беларускай культуры ў Літве, Студэнцкім прадстаўніцтвам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, беларускімі і літоўскімі грамадзкімі дзеячамі пры падтрымцы Віленскага гарадзкога самакіраваньня, Сэйма Літвы і Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў.

23 сакавіка ў літоўскім Сэйме адбудзецца беларуска-літоўская канфэрэнцыя «Літва і Беларусь: 100 гадоў таму і цяпер». 24 сакавіка пройдуць культурніцкія імпрэзы ў бары «Paviljonas»: фотавыстава і сьвяточны канцэрт пры ўдзеле менскага гурту «PAWA».

Магіла Антона і Івана Луцкевічаў на могілках Росы ў Вільні
Магіла Антона і Івана Луцкевічаў на могілках Росы ў Вільні

25 сакавіка адбудзецца ўшанаваньне памяці дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі на могілках Росы. Пасьля гэтага служба ў памяць пра дзеячоў БНР у касьцёле Сьвятога Барталямэя ў Зарэччы. Завершыцца дзень урачыстым прыёмам у гарадзкой ратушы і сьвяточным канцэртам.

Польшча

Лявон Вольскі, архіўнае фота
Лявон Вольскі, архіўнае фота

У Варшаве акцыя 25 сакавіка пройдзе традыцыйным маршрутам Дня Волі: аб 11 гадзіне паводле мясцовага часу ўдзельнікі зьбяруцца каля помніка Тадэвушу Касьцюшку, адкуль пройдуць да помніка Адаму Міцкевічу. Сьвяточныя імпрэзы польскія беларусы правядуць і ў іншых гарадах, у тым ліку ў Беластоку. У Беластоцкай опэры 25 сакавіка выступіць Лявон Вольскі.

Сьвяткаваньне ўжо стала прадметам гучных абмеркаваньняў, бо 25 сакавіка там будзе выступаць Лявон Вольскі, якога таксама хацелі б бачыць на канцэрце каля Опэрнага тэатру ў Менску. Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак даў зразумець, што перанос выступу немагчымы.

Расея

Нацыянальна-культурны цэнтар «Крывічы» ў Іркуцку
Нацыянальна-культурны цэнтар «Крывічы» ў Іркуцку

У Расеі юбілей БНР адзначаць у Іркуцку. Як паведаміў актывіст дыяспары Алег Рудакоў, 17 сакавіка актывісты клюбу «Крывічы» выпраўляюцца ў «тур» па беларускіх пасяленьнях, дзе 100 гадоў таму па аграрнай рэформе Сталыпіна атабарыліся дзясяткі тысяч выхадцаў зь беларускіх земляў. Будуць наладжаныя майстар-клясы «Школы беларускага танцу».

24 сакавіка актывісты наладзяць сьвята «Гуканьне вясны» ў этнічных беларусаў зь вёскі Каразей, а 25 сакавіка ў Іркуцку пройдзе ўрачыстая вечарына «100 гадоў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі». Паводле Алега Рудакова, у праграме даклады па тэме, прагляд дакумэнтальнага фільму пра тагачасныя падзеі, канцэрт, а таксама фуршэтны стол. Запрашэньні дасланыя іншым нацыянальна-культурным абʼяднаньням, прадстаўнікам гарадзкой і абласной адміністрацый.

Пра сьвяточныя імпрэзы ў іншых гарадах Расеі не паведамляецца.

Украіна

Дзень Волі ў Кіеве, архіўнае фота
Дзень Волі ў Кіеве, архіўнае фота

У Кіеве створаны арганізацыйны камітэт для адзначэньня 100-годзьдзя БНР. Імпрэзы 25 сакавіка пачнуцца за гадзіну да менскіх, апоўдні паводле мясцовага часу. З плошчы Незалежнасьці плянуецца зладзіць стрым, у якім мясцовыя палітыкі павіншуюць беларусаў зь юбілеем БНР.

Пасьля калёна рушыць да месца на вуліцы Грушэўскага, дзе падчас украінскай Рэвалюцыі годнасьці снайпэр застрэліў гамельчука Міхаіла Жызьнеўскага, затым — да помніка Герою Ўкраіны Вячаславу Чарнаволу, які трагічна загінуў 25 сакавіка 1999 году. Адтуль — на вуліцу Герояў Нябеснай сотні, на Храшчацік і да помніка Ўладзімеру Караткевічу ля беларускай амбасады.

За два дні да таго, 23 сакавіка, у кіеўскай мэрыі пройдзе сьвяточны канцэрт, прысьвечаны 100-годзьдзю БНР. Акцыі на 25 сакавіка будуць таксама ў іншых гарадах Украіны — вядома пра пляны сьвяткаваньня ў Чарнігаве і Львове, прычым у Львове акцыю плянуе не беларуская дыяспара, а самі ўкраінцы.

Чэхія

У Чэхіі, дзе пахаваныя некаторыя лідэры БНР, адзначэньні пачнуцца ўжо 21 сакавіка. У гэты дзень у праскай кавярні Mist адбудзецца літаратурны батл з нагоды 100-х угодкаў аднаўленьня незалежнасьці.

На 25 сакавіка заплянаваны цэлы шэраг рознафарматных імпрэзаў. Арганізатары — Рада БНР, абʼяднаньні SKARYNA, PAHONIA, Běloruský kutok ды іншыя.

Раніца пачнецца флэшмобам «Сонца незалежнай Беларусі». Пасьля пройдзе беларускамоўная служба ў грэка-каталіцкай царкве Kostel sv. Kosmy a Damiána Na Slovanech. Апоўдні будзе наведваньне магілаў прэзыдэнтаў БНР на Альшанах, а таксама афіцыйнае адкрыцьцё дошкі на магіле консула БНР Мікалая Вяршыніна.

Дзень Волі на Альшанскіх могілках у Празе, архіўнае фота
Дзень Волі на Альшанскіх могілках у Празе, архіўнае фота

Затым мае адбыцца ўрачыстасьць у Старагарадзкой ратушы. Чакаюцца сяброўскія прывітаньні беларускіх і чэскіх гасьцей, жывы мост зь Менскам, выступы гісторыкаў, сустрэча са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і прэзэнтацыя кнігі мэмуараў «Дарога». Будзе паказаны дакумэнтальны фільм «БНР і рамантыка», завершыцца маратон канцэртам.

Беларускі півавар і падарожнік Кірыл Якімовіч цягам дня будзе прадаваць са сьвяточнымі зьніжкамі эксклюзіўнае «бел-чырвона-белае» піва, якое адмыслова зварыў да гэтай падзеі.

26 сакавіка ў бібліятэцы імя Вацлава Гаўла адбудзецца дыскусія на тэму «Зараджэньне дзяржавы: дзьве высьненыя рэспублікі — БНР і Чэхаславаччына».

* * *

Культурна-адукацыйныя акцыі ў гонар 100-гадовага юбілею абвяшчэньня незалежнасьці БНР таксама пройдуць у Францыі, Швайцарыі, Швэцыі, Эстоніі і некаторых іншых краінах.

Дадавайце ў камэнтах пра імпрэзы, якія прапушчаныя ў гэтым аглядзе.

Беларусы за мяжой: дзе і колькі

Ад пачатку ХХ стагодзьдзя больш за ўсё выхадцаў зь беларускіх земляў прытулілі ЗША і Канада — агулам больш за 1 мільён. У Расеі жыве прыкладна 900 тысяч этнічных беларусаў, дыяспара ва Ўкраіне налічвае 300 тысяч.

У Ізраіль зь Беларусі пераехалі блізу 150 тысяч чалавек, 100 тысяч жывуць у Латвіі, 70 тысяч — у Літве і прыкладна столькі ж у Польшчы, 60 тысяч — у Казахстане. Прысутнасьць у іншых краінах нязначная: каля 15 тысяч ва Ўзбэкістане, 12 тысяч у Эстоніі, 10 тысяч у Аўстраліі, 7 тысяч у Вялікай Брытаніі, 5 тысяч у Малдове, каля 4 тысяч у Аргентыне. Жывуць беларусы ў Армэніі, Бэльгіі, Францыі, Швайцарыі, Швэцыі, Чэхіі, Кіргізстане і іншых дзяржавах.

Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску. Фінальная афіша #БНР100 плюс ВІДЭА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG