Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякі гэта не прарыў». Гісторык Краўцэвіч пра сьвяткаваньне юбілею БНР


«А што, па вялікім рахунку, сьвяткаваць?! Усё адбылося? БНР, Беларусь? У сёньняшняй сытуацыі больш падстаў сьвяткаваць 1 студзеня 1919 г. прыхільнікам БССР», — напісаў у сацыяльных сетках пра адзначэньне юбілею БНР Алесь Краўцэвіч. У інтэрвію Свабодзе гісторык патлумачыў, чаму аддае перавагу малалікаму шэсьцю на Дзень Волі перад шматтысячным канцэртам.

— Сп. Алесь, гэтыя словы вы напісалі ў камэнтары пад маім тэкстам на сайце «Нашай Нівы». Гэта вельмі моцныя словы. А можа нават плявок у тысячы людзей, заангажаваных у сьвяткаваньне 100-годзьдзя незалежнасьці БНР.

— Плявок у людзей — гэта надта рэзкія словы. Я хачу сказаць, што гэтае сьвята мае падвойны кантэкст. Вельмі файна, што канцэрт адбудзецца. Вельмі файна, што адкрываюцца шыльды, што ставяцца камяні. Але я згодны з калегам Алегам Латышонкам, што выступ музыкаў 25 сакавіка ў Менску — гэта не эпахальная падзея. Гэта падмена рэальнай ацэнкі сытуацыі. Што мы сёньня маем? Канцэрт, які дазволіла антыбеларуская ўлада. Улада хацела нейкім чынам не дапусьціць да шэсьця, бо сытуацыя ў краіне вельмі цяжкая, вельмі вялікая незадаволенасьць. Невядома, якая іскра гэтую незадаволенасьць каналізуе ў магутны выбух. І арганізатары канцэрту падхапілі гэтую тактыку і пагадзіліся на ўмовы ўлады. Яны прыдушылі людзей, якія змагаюцца, якія выходзяць на вуліцы. А на вуліцы выходзяць людзі рашучыя.

— Іншыя людзі, якія зь недаверам глядзяць на шэсьце, кажуць, што калі яно пачнецца як несанкцыянаванае, то людзей паб’юць. І што на яго ўвогуле прыйдуць пару сотняў чалавек, бо рэшта будзе баяцца. І ў выніку не адбудзецца ані шэсьця прыстойнага, ані канцэрту. І, магчыма, людзі страцяць магчымасьць пабачыць, колькі іх шмат, тых, для каго Дзень Волі — важны дзень.

— А хіба год таму былі іншыя прагнозы? Тое самае казалі. Выйдуць, маўляў, людзі на вуліцу, іх паб’юць, выйдзе пару сотняў. Хто-небудзь прадказаў гэтыя маршы недармаедаў? Пытаюся як гісторык: ці нехта ўвогуле можа прадказаць рэвалюцыю? А вы ўжо заранёў усё расклалі па паліцах. А як абзывалі Сіўчыка і Статкевіча? Я лічу, што арганізатары канцэрту паступілі не да канца дакладна. Гэтая моладзь кшталту як калісьці ў міжваенны пэрыяд Яраслаў Гашак у праскай піўной стварыў «Партыю ўмеркаванага прагрэсу ў рамках законнасьці». Я выдатна разумею Алега Латышонка, выбітнага спэцыяліста ў пэрыядзе гісторыі БНР. Але ўлада баіцца, улада дазваляе, і таму трэба рабіць усё, што можна. Я супраць таго, што арганізатары канцэрту супрацьпаставілі сваю акцыю шэсьцю. Я абураны выступам журналіста Арцёма Гарбацэвіча, які напісаў, што год назад у пратэстах недармаедаў было за што падстаўляць сьпіны пад дубінкі, за дэкрэт. А зараз, атрымліваецца, няма за што. Вось гэтыя прагматыкі, якія вырасьлі пры Лукашэнку, выклікаюць пэўнае раздражненьне.

— Спадар Алесь, а ці Зянон Пазьняк таксама прагматык, які вырас пры Лукашэнку? Некалькі месяцаў таму ў інтэрвію мне ён казаў, што трэба дамаўляцца з уладамі наконт годнага сьвята і бязь лёзунгаў кшталту «Мы ня быдла». І партыя Пазьняка, дарэчы, 24 сакавіка ладзіць акцыю ў Кіеўскім скверы ў Менску, якую назвала прэлюдыяй да мітынгу-канцэрту каля Опэрнага тэатру. Дарэчы, менавіта мітынгу-канцэрту, бо шмат хто чамусьці забываецца пра слова мітынг.

— Файна. І я за канцэрт, і ўсе імпрэзы, і ўсе саступкі, якія робіць улада. Але нельга рабіць з гэтага адзіную сотую ісьціну. Ёсьць яшчэ і другія моманты.

— Ёсьць час для рэвалюцыі, а ёсьць час для сьвята. Дык можа гэта акурат другі выпадак?

— Я разумею гэтую эўфарыю. Гэта трэба адзначаць толькі дзеля таго, каб паказаць, што мы сіла, сабраць шмат людзей. Але больш разумею гэтае сьвята ў суседніх дзяржавах. Там нацыянальныя дзяржавы, якія падтрымліваюць сваю культуру, рэалізуюць нацыянальныя інтарэсы. А што маем мы? Мы ня маем беларускай дзяржавы. Андрэй Дынько напісаў, што некалькі крокаў улады — «гэта прарыў». Ніякі гэта не прарыў. Адносіны гэтай улады да БНР, нашай незалежнасьці могуць зьмяніцца. Але ня зьменяцца адносіны да гэтага іхных куратараў у Маскве. І таму ніколі ўлада ніякіх прарываў не дазволіць.

— Вы ўчора пісалі ў Фэйсбуку пра «новых патрыётаў-„мэнэджараў“, якія гнабяць патрыётаў-„змагароў“ і дзейнічаюць у рамках, пастаўленых антыбеларускай уладай». Але той жа самы Алег Латышонак, якога вы падтрымалі, бярэ ўдзел у канфэрэнцыі з нагоды БНР, якую арганізавала Акадэмія навук, то бок у пастаўленых антыбеларускай уладай рамках, пра якія вы кажаце. І такіх прыкладаў значна больш, калі ўлада ідзе на саступкі.

— Давайце быць трохі больш гнуткімі ў гэтай сытуацыі. Сытуацыя выглядае так: трэба згадажацца на ўсё, дзе ўлада дае слабіну, але адначасова імкнуцца выйсьці за рамкі, якія ўлада паставіла. Трэба рабіць усё, на што яна пагаджаецца, але не гуляць толькі ў той прасторы, якую яна нам абмяжоўвае. У гэтым мая асноўная нязгода. Гэта канфармісцкі падыход, калі мы зацыкліваемся на нечым адным, а яшчэ і асуджаем тых, хто хоча нешта рабіць па-за рамкамі ўлады.

— А самі вы будзеце на шэсьці ў Менску? Які фармат сьвяткаваньня вы абралі для сябе?

— Мяне вельмі настойліва запрасілі працаваць у гэты час у студыі Белсату. Але я пайшоў бы на сьвята ў Горадні — зь сям’ёй, зь бел-чырвона-белым сьцягам, на дазволеную ўладамі акцыю.

Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску. Фінальная афіша #БНР100 плюс ВІДЭА

— Вы падтрымалі Алега Латышонка. Магчыма, ён меў рацыю ў сутнасьці, але форма была выкарыстаная непрымальная. Вам так не здаецца?

— Я не лічу, што канцэрт у Беластоку важнейшы, чым у Менску, але ня трэба з гэтага рабіць абсалют. Пройдзе канцэрт, і праз пару дзён пра яго забудуць. Я разумею Латышонка, бо не рэалізавалася БНР.

— Ёсьць дзяржава Беларусь. Пра гэта марылі айцы-заснавальнікі. Магчыма, ня ў той форме, якую бачылі яны, але і тое ня факт. Сярод беларускіх дзеячоў таго часу былі і прыхільнікі фэдэрацыі з Расеяй, сымпатыкі бальшавікоў, «западнарусы», шматмоўныя людзі. Але факт бясспрэчны — ёсьць дзяржава Беларусь.

— Ёсьць дзяржава, якая называецца Рэспубліка Беларусь. Але я не згадажюся, што гэта беларуская дзяржава.

— І магчыма таму кожная акцыя вакол 25 сакавіка — гэта і ёсьць кропля, якая точыць камень і надае краіне больш беларускай формы.

— Так, згодны. Але гэта не нагода абражаць людзей, якія хочуць ладзіць шэсьце.

— А што вы маеце на ўвазе пад абразамі?

— Пасьля вашага стрыму Свабоды з паседжаньня аргкамітэту гучалі галасы, што прыхільнікаў шэсьця трэба выдаліць, інакш забароняць канцэрт.

— Дык ці абраза гэта? Можа гэта проста справядоівая і патрэбная спрэчка пра важную справу?

— Калі выбіраць, што на гадавіну БНР важнейшае — вялікі канцэрт ці малое шэсьце — я выбраў бы малалікую дэманстрацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG