Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску. Фінальная афіша #БНР100 плюс ВІДЭА


Афіша «Сьвята Незалежнасьці» ў Менску, фрагмэнт
Афіша «Сьвята Незалежнасьці» ў Менску, фрагмэнт

Поўная афіша ў высокім разрозьненьні

Арганізатары менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», што пройдзе ў Менску 25 сакавіка ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, апублікавалі фінальную афішу.

Канцэрт пачнецца а 14-й (збор удзельнікаў а 13-й) і працягнецца да 19-й гадзіны. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя. Надвор’е можа быць прахалодным, але арганізатары да гэтага гатовыя.

На плятформе Talaka.by арганізатарам менскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 87% неабходных сродкаў (ёсьць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў).

Весьці музычную і забаўляльную частку будуць акторы «Свабоднага тэатру» Аляксей Сапрыкін і Юлія Шаўчук, адкрыцьцё правядуць славутая тэледыктарка Зінаіда Бандарэнка і вядоўца «Белсату» Усевалад Сьцебурака. Напярэдадні канцэрту заплянаваная тэатральна-музычная праграма з удзелам актораў «Свабоднага тэатру».

Паралельна з канцэртам будуць дзейнічаць пляцоўкі «Вуліца БНР» з зонамі актыўнасьці, «Ежа БНР» з пунктамі харчаваньня, «Кірмаш БНР» з сувэнірамі» і дзіцячая пляцоўка «Дзеткі БНР». У час сьвята плянуецца розыгрыш прызоў ад спонсараў.

Выступы яшчэ некалькіх вядомых гуртоў будуць аб’яўленыя за некалькі дзён да 25 сакавіка. Пакуль вядома, што на сьвяце выступяць:

Dzieciuki

Akute

Гурт таксама выступіць у Магілёве ўвечары 25 сакавіка.

Amaroka

Гурт нядаўна адрадзіўся пасьля прыпыненьня дзейнасьці, можа выступіць малым складам.

«Мутнаевока»

«Разьбітае сэрца пацана»

Ігар Варашкевіч

Лідэр гурту «Крама».

Кася Камоцкая

Лідэрка колішняга гурту «Новае Неба».

Пятро Клюеў

Лідэр колішняга гурту «Амплітуда сьмеласьці», цяпер удзельнік гурту «ЛСП». 25 сакавіка Клюеў выступіць з праграмай беларускіх гітоў XXI стагодзьдзя.

Юры Стыльскі

Лідэр гурту «Дай дарогу!».

Сьпеўны сход

Праект лідэра гурту Vuraj Сяргея Доўгушава, у межах якога ўсіх ахвочых вучаць сьпяваць беларускія песьні розных часоў. 25 сакавіка «Сьпеўны сход» прадставіць праграму «Песні і гімны БНР». Адрэпэтаваць песьні можна будзе на «Сьпеўным сходзе» 20 сакавіка ў цэнтры «Корпус».

Міхалка і Саладухі ня будзе

Арганізатары «Сьвята Незалежнасьці» запрашалі таксама Сяргея Міхалка — лідэра гуртоў Brutto і «Ляпіс-98». Але ён не адказаў арганізатарам. За яго адказаў дырэктар ягоных гуртоў: Міхалок будзе ў гэты дзень выступаць зь «Ляпісам» ў Мазыры, як было заплянавана раней.

На сьвята запрасілі і поп-сьпевака Аляксандра Саладуху. Ён спачатку казаў, што выступіць, калі мерапрыемства санкцыянаванае ўладамі (а гэта так), але потым адмовіўся ад выступу, бо «зьвязаўся зь людзьмі, якія сказалі, што ня трэба там быць». Кім былі гэтыя людзі, ён адмовіўся казаць.

Вольскі будзе тэлемастом

Лявон Вольскі казаў, што хоча выступіць на сьвяце ў Менску, ды ня зможа: яшчэ летам мінулага году ён прыняў прапанову выступіць на канцэрце да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў польскім Беластоку. Маўляў, тады цяжка было ўявіць, каб улады дазволілі ў Беларусі канцэрт на Дзень Волі. Пасьпець і туды, і туды не атрымаецца (хоць спрабавалі нават дамовіцца на гелікоптэр), таму ён абяцае правесьці тэлемост з Польшчы і прэзэнтаваць новую песьню.

Канцэрты-мітынгі ўжо дазволеныя ў Берасьці і Горадні, ёсьць заяўкі ў іншых гарадах

Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка ўжо таксама дазволеныя ў Берасьці (там маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt і іншыя) і Горадні (туды запрасілі N.R.M., вядуць збор грошай на канцэрт), у Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць у яшчэ некалькіх гарадах.

Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсьце, нават калі яно ня будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG