Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Сьвята незалежнасьці» ў Горадні пачалі збор грошай. Трэба больш за 8 тысяч рублёў


Горадзенскія ўлады 13 сакавіка дазволілі актывістам правесьці канцэрт-мітынг 25 сакавіка — на 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Збор удзельнікаў прызначаны на 13.00 у Калоскім парку.

На сайце Talaka.by арганізатары канцэрту зьбіраюць грошы на аплату арэнды апаратуры і сцэны, кампэнсацыі выканаўцам, аздабленьне пляцоўкі і аплату камунальных паслуг, сымболіку і прома-прадукцыю. Усяго трэба сабраць 8720 рублёў. Уваход на канцэрт-мітынг будзе бясплатным, таму «купіць» можна «велізарную ўдзячнасьць», сувэніры кшталту значкоў і паштовак, а таксама статус спонсара.

«Мы выкарыстоўваем усе шляхі для збору сродкаў, камусьці зручна зрабіць ахвяраваньні прыватна — калі ласка, хтосьці можа дапамагчы тэхнічна, паўдзельнічаць у камандзе валянтэраў — запрашаем!» — пішуць на старонцы збору сродкаў.

Арганізатары канцэрту плянавалі зрабіць хэдлайнэрам гурт N.R.M. зь Пітам Паўлавым. Музыкі ня маюць заплянаваных выступаў на 25 сакавіка і папярэдне пагадзіліся прыехаць на канцэрт у Горадню. Хто дакладна выступіць на канцэрце 25 сакавіка ў Горадні, арганізатары абяцаюць паведаміць неўзабаве.

Сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР у Горадні пачнецца 23 сакавіка — арганізатары хочуць правесьці літаратурную вечарыну. На 24 сакавіка Горадзенскі аргкамітэт Дня Волі заплянаваў беларускую дыктоўку.

Ужо дазволеныя канцэрты ў Менску і Берасьці, заяўкі на мітынгі пададзеныя ў Баранавічах, Гомлі, Віцебску і Магілёве

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На іх вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 85% неабходнай сумы, таксама сродкі зьбіраюць іншымі шляхамі.

Падрыхтоўка менскага канцэрту ідзе добра, улады не перашкаджаюць і прыслухваюцца да прапановаў, арганізатары не баяцца магчымага кепскага надвор’я. На менскім канцэрце могуць выступіць Лявон Вольскі, гурты Krama, Neuro Dubel, J:морс, Akute, Dzieciuki і іншыя.

Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі заяўку на шэсьце 25 сакавіка ў Менску, асобнае ад мітынгу-канцэрту, бо ранейшую заяўку на шэсьце і мітынг-канцэрт адхілілі, прынялі толькі новую заяўку на мітынг-канцэрт бяз шэсьця.

Таксама сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР дазволілі ў Берасьці. Сьвяточныя фэст пачнецца 25 сакавіка а 13-й гадзіне на плошчы Свабоды. Музычную частку адкрые выступ духавога аркестру Берасьця, працягнецца сьвята рок-канцэртам. Дакладна вядома, што на Дні Волі ў Берасьці выступяць гурты :B:N:, Cad Coddeu, Re1ikt, Zolki Band і «Спрат».

Заяўку на правядзеньне канцэрту і мітынгу 25 сакавіка падалі ў Гомлі. У Баранавічах, Віцебску і Магілёве сябры руху «За свабоду» падалі заяўкі на мітынгі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG