Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяўкі на мітынгі на #БНР100 падалі ў Баранавічах, Віцебску і Магілёве


7 сакавіка сябры руху «За свабоду» падалі заяўкі на мітынгі, прысьвечаныя 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, у чатырох гарадах: Баранавічах, Віцебску, і Магілёве.

Ва ўсіх заяўках просяць дазволіць імпрэзы 25 сакавіка. У Баранавічах заяўка пададзеная на вулічны фэстываль, кірмаш і мітынг (сёньня берасьцейскі абласны каардынатар руху Юры Казакевіч мае сустрэцца з намесьнікам старшыні гарвыканкаму).

У Віцебску просяць дазволіць мітынг і канцэрт (заяўка пададзеная ад імя абласной арганізацыі Партыі БНФ), таксама плянуюцца ўскладаньні кветак і вечарына-канцэрт на прыватнай сядзібе.

У Магілёве заяўку падалі на інфармацыйны пікет у цэнтры гораду, экскурсію па гарадзкіх мясьцінах, зьвязаных з БНР, канцэрт, а таксама круглы стол «Шляхі станаўленьня Беларускай дзяржаўнасьці». Як сказаў Свабодзе Аляксандар Сілкоў з руху «За Свабоду», пікет просяць дазволіць ля кінатэатру «Перамога» на пешаходнай вуліцы Ленінскай, хоць практыка зваротаў да чыноўнікаў сьведчыць: калі ў заяўцы не пазначаны стадыён на вуліцы Чалюскінцаў, то гэта становіцца падставаю для яе адхіленьня. Але ў звароце да ўладаў актывісты прыводзяць прыклад Менску, дзе дазволілі канцэрт у цэнтры гораду — ля Опэры. Імпрэзы прысьвечаныя БНР працягнуцца да 31 сакавіка — у гэты дзень 1918 году грамадзкасьць гораду на сходзе падтрымала абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі

У Слуцку каардынатар руху па Менскай вобласьці Віталь Амяльковіч падаў у гарвыканкам прапанову «далучыцца да сьвяткаваньня», стварыць рэгіянальны аргкамітэт правядзеньня ўрачыстых мерапрыемстваў (нават цягам усяго 2018 году). Таксама актывісты будуць рыхтаваць свае акцыі.

Тым часам у Менску дазволілі мітынг-канцэрт ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка і мітынг у Кіеўскім сквэры 24 сакавіка, пададзеная паўторная заяўка на шэсьце праз цэнтар гораду.

Раней у Берасьці чальцы мясцовага аргкамітэту падалі заяўку на правядзеньне 25 сакавіка мітынгу і вулічнага фэсту ў цэнтры гораду з канцэртам, пляцоўкамі рамесьнікаў, майстар-клясамі і фатазонамі.

Горадзенскія гарадзкія ўлады папярэдне вусна пагадзіліся на канцэрт і мітынг, а абласныя ўлады нават разаслалі лісты ва ўсе раённыя музэі з рэкамэндацыяй правесьці творчыя мерапрыемствы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

У Гомлі пакуль не плянуецца мітынгаў 25 сакавіка. Мясцовы аргкамітэт раней заплянаваў экскурсію і невялікі канцэрт-віктарыну ў мясцовым грамадзка-палітычным цэнтры з удзелам бард-сьпявачкі Вольгі Цярэшчанкі, бо раней мясцовыя ўлады не ішлі на супрацу. Але, кажа Свабодзе сябра АГП Ўладзімер Кацора, пасьля навінаў пра дазвол канцэрту ў Менску гомельскі аргкамітэт падаў заяўку на вялікі канцэрт у гарадзкім цэнтры культуры, шукаюць дадатковых выступоўцаў. Калі вялікі канцэрт забароняць, выступ Цярэшчанкі застаецца рэзэрвовым варыянтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG