Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Brutto: Міхалка ня будзе на менскім канцэрце #БНР100. Таксама ня будзе Саладухі


Сьпевакі Сяргей Міхалок і Аляксандар Саладуха

Сяргей Міхалок 25 сакавіка будзе граць у Мазыры з праектам «Ляпіс-98» і ня зможа выступіць на менскім канцэрце ля Опэрнага тэатру, прысьвечаным 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пра гэта Свабодзе паведаміў Антон Азізбекян, арганізатар канцэртаў праектаў Сяргея Міхалка. Сам Міхалок працяглы час не выходзіць на сувязь. Цяпер няма неабходнасьці, каб канцэрты камэнтаваў сам Міхалок, кажа Азізбекян, а калі «будзе нагода», то ў гуртоў Міхалка «ёсьць свае каналы для інфармаваньня».

Канцэрт у Мазыры заплянаваны ўжо даўно, тлумачыць Азізбекян, і ніякіх зьмены ў графіку ўжо немагчымыя. Тым больш, як ён кажа, канцэрт — гэта ня проста «прыехаць, выйсьці на сцэну і адсьпяваць». Выступ рыхтуецца за некалькі дзён, трэба прывезьці апаратуру, яе наладзіць і праверыць.

Арганізатары канцэрту раней публічна зьвярнуліся да Міхалка, бо тыдзень не маглі зь ім зьвязацца, прапаноўвалі арганізацваць гурту транспарт да Менску і зь Менску. Сярод прычынаў выступіць у Менску 25 сакавіка арганізатары канцэрту называлі песьні гуртоў Міхалка кшталту «Грай», «Ня быць скотам», «Будзь сьмелым», «Родны край», «Belarus Freedom»), якія «сталі ня проста гітамі, а сапраўднымі гімнамі новай Беларусі». Усе гэтыя песьні выконвалі або «Ляпіс Трубяцкі», або Brutto, але яны не ўваходзяць у рэпэртуар праекту «Ляпіс-98», зь якім Міхалок выступіць у Мазыры.

Днём раней ад выступу на «Сьвяце незалежнасьці» адмовіўся сьпявак Аляксандар Саладуха. Яго запрашалі, сьпявак спачатку сказаў, што можа выступіць, калі мерапрыемства дазволенае (а яно санкцыянаванае ўладамі), але пазьней перадумаў, бо «зьвязаўся зь людзьмі, якія сказалі, што ня трэба там быць».

Удзел у канцэрце пацьвердзілі гурты Amaroka, Dzieciuki, «Крама» і сьпявак Пётра Клюеў, імаверна выступяць таксама Лявон Вольскі, гурты Akute, Neruo Dubel і J:Морс.

На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 70% неабходнай сумы, таксама сродкі зьбіраюць іншымі шляхамі. Арганізатары шукаюць спонсараў сярод камэрцыйных кампаніяў.

Усё пра гісторыю БНР і сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР на Радыё Свабода >>

Падарожжа ў БНР на Радыё Свабода >>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG