Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары канцэрту #БНР100 публічна зьвярнуліся да Міхалка, бо тыдзень ня могуць зьвязацца


Сяргей Міхалок, архіўнае фота
Сяргей Міхалок, архіўнае фота

На сайце кампаніі адзначэньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі зьявіўся адкрыты ліст да беларускага музыкі Сяргея Міхалка, лідэра гуртоў Brutto і «Ляпіс-98».

Абноўлена: Міхалка і Саладухі ня будзе на менскім канцэрце #БНР100

Арганізатары пішуць, што іх штодня пытаюць, ці будзе Міхалок удзельнічаць у сьвяточным канцэрце, які пачнецца а 14-й гадзіне 25 сакавіка ля менскага Вялікага тэатру опэры і балету.

«Але мы ня ведаем, што адказваць, бо ня можам ужо тыдзень зьвязацца з вамі асабіста, – пішуць у лісьце. – Таму вырашылі апублікаваць гэты зварот і патлумачыць, чаму вельмі важна, каб 25 сакавіка вы выступілі на сьвяткаваньні 100-годзьдзя незалежнасьці БНР».

Сярод аргумэнтаў прыводзяцца любоў беларусаў да творчасьці Міхалка (беларусы езьдзілі на канцэрты ягоных гуртоў за мяжу, калі тыя былі забароненыя ў Беларусі), шэраг патрыятычных песень (кшталту «Грай», «Ня быць скотам», «Будзь сьмелым», «Родны край», «Belarus Freedom»), якія «сталі ня проста гітамі, а сапраўднымі гімнамі новай Беларусі».

Гурт Brutto напярэдадні сьвята мае езьдзіць па Беларусі з турам (22 сакавіка – Салігорск, 23 сакавіка – Рэчыца, 24 сакавіка – Гомель), а 25 сакавіка Міхалок мае выступіць у Мазыры з праектам «Ляпіс-98».

Арганізатары разумеюць, што за адзін дзень выступіць і ў Менску, і ў Мазыры нерэальна, але дадаюць: нельга казаць «немагчыма», не паспрабаваўшы. Яны прапануюць Міхалку арганізаваць транспарт з Гомля ў Менск, выступ у Менску да 16-й гадзіны, транспарт зь Менску ў Мазыр. Таксама арганізатары «перакананыя, што няма рэальнай праблемы перанесьці канцэрт у Мазыры на некалькі гадзінаў ці на дзень».

***

Канцэрт ля Опэрнага санкцыянаваны менскімі ўладамі. Удзел пацьвердзілі гурты Amaroka, Dzieciuki, «Крама» і сьпявак Пётра Клюеў, верагодна выступяць таксама Лявон Вольскі, гурты Akute, Neruo Dubel і J:Морс. На канцэрт таксама запрашалі Аляксандра Сададуху, але ён «зьвязаўся зь людзьмі, якія сказалі, што ня трэба там быць».

На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 70% неабходнай сумы, таксама сродкі зьбіраюць іншымі шляхамі. Арганізатары шукаюць спонсараў сярод камэрцыйных кампаніяў, першым такім спонсарам стала мэблевая фірма «Цесьляры» Зьмітра Дашкевіча.

Усё пра гісторыю БНР і сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР на Радыё Свабода >>

Падарожжа ў БНР на Радыё Свабода >>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG