Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч правядзе на Дзень Волі шэсьце, нават калі яго не дазволяць

абноўлена

Шэсьце на Дзень Волі, 2016 год
Шэсьце на Дзень Волі, 2016 год

Працоўная група па правядзеньні шэсьця на Дзень Волі вызначыла час і маршрут правядзеньня дэманстрацыі 25 сакавіка ў Менску. Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку Мікалай Статкевіч.

Паводле ягоных слоў, пачатак шэсьця пад назвай «Марш годнасьці і волі» заплянаваны на 12:00 на плошчы Якуба Коласа. Заяўку на правядзеньне акцыі Статкевіч з паплечнікамі плянуе падаць 7 сакавіка. У ёй будзе заяўлены маршрут «плошча Якуба Коласа — праспэкт Незалежнасьці — плошча Перамогі — вул. Кісялёва — вул. Багдановіча — Опэрны тэатар».

Калі ў Менгарвыканкаме не дадуць дазволу на акцыю, напісаў Статкевіч, шэсьце пойдзе маршрутам «плошча Якуба Коласа — праспэкт Незалежнасьці — вуліца Янкі Купалы — Опэрны тэатар».

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота
Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

У размове з Радыё Свабода Мікалай Статкевіч нагадаў, што прадстаўнікі чатырох партый, на дадатак да дазволенага канцэрту, падалі яшчэ заяўку на шэсьце ад парку Янкі Купалы да Опэрнага тэатру.

«Калі на адно і тое ж месца трапляюць дзьве заяўкі, гэта падстава для адмовы. Мы ня хочам, каб нашая заяўка была афіцыйнай прычынай гэтаму непрацягламу шэсьцю, таму гэты кавалак мы абмінаем у сваёй заяўцы. Калі заяўка ня будзе задаволеная, у нас гэтага абмежаваньня няма. Навошта тады круціцца? Трэба, каб больш людзей на праспэкце ўбачылі наш сьцяг», — патлумачыў два магчымыя маршруты шэсьця Мікалай Статкевіч.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч мяркуе, што заяўка на шэсьце ад плошчы Якуба Коласа не паўплывае на рашэньне Менгавыканкаму адносна паралельнага па часе шэсьця ад помніка Янкі Купалы.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Палітык адзначыў, што дзеяньні Статкевіча наўрад ці зьменяць стаўленьне ўладаў да ўжо дазволенага канцэрту ля Опэрнага. Аднак Янукевіч падкрэсьліў, што пры гэтым лічыць «дэструктыўнымі» пляны Статкевіча на 25 сакавіка.

«Мне здаецца, у нацыянальна-дэмакратычным грамадзтве быў кансэнсус адносна таго, што ў гэты дзень мы павінны прапанаваць кампраміс ці перамір’е ўладам, няхай можа і на адзін дзень. Мы павінны паказаць усяму грамадзтву і сьвету, што ёсьць нацыянальная еднасьць вакол каштоўнасьцяў незалежнасьці. А спадар Мікола (Статкевіч — РС) хоча змаганьня ўвесь час і ў гэты дзень».

Дазвол канцэрту бяз шэсьця выклікаў рознагалосьсі сярод апазыцыі

2 сакавіка гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. Пры гэтым Менгарвыканкам ня стаў дазваляць вялікае шэсьце праз цэнтар гораду: ранейшую заяўку, якая ўключала ў сябе і шэсьце, улады адхілілі, а ў цяперашняй заяўцы аргкамітэт папрасіў дадаткова разглядзець магчымасьць непрацяглага шэсьця ад помніка Янку Купалу да Опэры. Паводле заяўнікаў, адказ гарадзкіх уладаў адносна гэтай заяўкі будзе 12 сакавіка.

Прапанова адзначыць 100-годзьдзе незалежнасьці БНР з канцэртам, але бяз шэсьця, выклікала хвалю дыскусій і абмеркаваньняў на пасяджэньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных чальцоў выступала за традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка — за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.

5 сакавіка Статкевіч разам зь іншымі прыхільнікамі шэсьця на 25 сакавіка прыйшлі пад дзьверы ўправы Партыі БНФ, нягледзячы на перанос сустрэчы аргкамітэту #БНР100 «у сувязі з рознагалосьсямі». Палітык патлумачыў адсутнасьць на сходзе арганізатараў канцэрту каля Опэрнага тэатру немагчымасьцю для іх супрацоўнічаць з арганізатарамі шэсьця. Каб разьвязаць рознагалосьсі, Статкевіч прапанаваў падзяліць аргкамітэт на дзьве працоўныя групы: па арганізацыі канцэрту і шэсьця.

На канцэрт на #БНР100 запрасілі Саладуху. Яны гэта сур’ёзна?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG