Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады дазволілі канцэрт!» — пераможная рэакцыя. Улады дазволілі, — іншы голас, — значыць, тут падвох (хочуць нас раскалоць, рысуюцца перад Брусэлем, хочуць, каб мы тут танчылі, а там будуць вінціць нашых таварышаў). «Улады не дазволілі шэсьце!» — абураная рэакцыя. А мы пойдзем, бо кожны год ходзім, таму пойдзем, толькі каб насуперак уладам пайсьці і хай вінцяць.

Але гэта не мерапрыемства ўладаў. Не яны суб‘ект Дня Волі, каб з прыдыханьнем чакаць, што яны скажуць, каб з радасьцю ці зь ярасьцю рэагаваць на іхныя рашэньні.

Суб‘ект гэтага сьвята адзін — той канстытуцыйны народ, які бязь лішняга патасу мы называем грамадзянскай супольнасьцю, а ў гістарычнай пэрспэктыве гэта тая правасуб‘ектная шляхта, якая стагодзьдзямі ваявала і сьвяткавала і сама вырашала, ваяваць ёй ці сьвяткаваць. Спрачаліся, сварыліся і нават біліся, але неяк жа пагаджаліся на нешта адно — ня блыталі сьвята з вайною. Бо калі б не пагаджаліся і блыталі, — не былі б народам, не стварылі б сваёй багатай культуры, не захавалі б на працягу стагодзьдзяў незалежнасьці. Яе і страцілі недзе ў часы палянізацыі і падзелаў Рэчы Паспалітай, калі, фігуральна кажучы, і ваявалі і сьвяткавалі ў адзін час. Дашчэнту страцілі сваю правасуб‘ектнасьць і нават сваё імя. Вось калі суб‘ектам «нашага» жыцьця сталі «ўлады», але ня нашы. Надоўга, аж да 25 сакавіка 1918 году ня мы, а яны так ці інакш вырашалі або правакавалі, ваяваць нам ці сьвяткаваць.

Сёньняшнія ўлады можна называць як заўгодна — антыбеларускія, гэбісцкія, акупацыйныя, дыктатарскія, каляніяльныя — яны ў гэтай справе ніякія. І гэта ня іхнае рашэньне — ваяваць нам ці сьвяткаваць. Мы ня можам ведаць іхных матываў (яны і самі ня ведаюць). Факт той, што яны не суб‘ект гэтага сьвята. Яны як умовы надвор‘я. Невядома, што 25-га будзе больш перашкаджаць — залева з градам на цэлы дзень ці міліцэйскія загародкі. Галоўнае, што суб‘ект сьвята — народ, грамадзянская супольнасьць, умоўна — сучасная шляхта. Яна вырашыла 25 сакавіка сьвяткаваць аднаўленьне сваёй правасуб‘ектнасьці. І сьвяткаваць у першую чаргу для таго, каб самой у гэтай суб’ектнасьці ўпэўніцца і ўмацавацца. Каб заўтра, калі спатрэбіцца і яна вырашыць ваяваць, ваяваць было каму. Але ўсяму свой час. Час ваяваць і час сьвяткаваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG