Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкія біскупы Беларусі заклікалі маліцца 25 сакавіка за краіну і народ


Касьцёл Сьвятога Францыска Ксавэрыя у Горадні, ілюстрацыйнае фота
Касьцёл Сьвятога Францыска Ксавэрыя у Горадні, ілюстрацыйнае фота

У касьцёлах Беларусі ў Пальмавую нядзелю, што сёлета прыпадае на 25 сакавіка, будуць маліцца за Беларусь і беларускі народ у сувязі з 100-й гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, перадае «Беларуская служба Ватыканскага радыё».

«Утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі — першы крок да сёньняшняй незалежнасьці, — тлумачыць афіцыйны прадстаўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько. — Касьцёл ня можа застацца ў баку, нягледзячы на тое, што 25 сакавіка сёлета будзе вельмі важным днём у Вялікім посьце — гэта Пальмавая нядзеля. Касьцёл сваёй малітваю, сваёй прысутнасьцю асьвячае нашую зямлю, таму біскупамі было прынятае рашэньне аб стварэньні адмысловай малітвы, якой сьвятары ў гэты дзень будуць прасіць Бога за нашу Бацькаўшчыну, наш народ, каб добры Бог дабраслаўляў і напаўняў нашую штодзённасьць сваёй прысутнасьцю».

Ці будзе малітва асобнай па завяршэньні эўхарыстыі, ці будзе адным з заклікаў да вернікаў, пакуль ня вырашана. У некаторых парафіях заплянаваная асобная імша за Беларусь. Паводле Санько, кожны сьвятар, верагодна, будзе сам прымаць рашэньні па сваёй парафіі.

Вінцэнт Гадлеўскі, адзін з заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі
Вінцэнт Гадлеўскі, адзін з заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі

Гісторык Сяргей Харэскі адзначыў цесную сувязь лёсу БНР і лёсу Касьцёлу на беларускіх землях: 100 год таму разгарнула сваю дзейнасьць Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, у Менск вярнуліся шматлікія ксяндзы і прадстаўнікі нацыянальнага руху, як то Адам Станкевіч, Язэп Германовіч і Вінцэнт Гадлеўскі, а апошні ад імя каталіцкага сьвятарства выступаў на Першым усебеларускім зьезьдзе, які і прывёў да абвяшчэньня БНР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG