Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч пакуль не атрымаў адказу зь Менгарвыканкаму наконт маршу 25 сакавіка 


Мікола Статкевіч падчас леташняга «Маршу абураных беларусаў» у Менску

Паплечнікі Міколы Статкевіча яшчэ ня маюць адказу ад менскіх уладаў наконт «Маршу годнасьці і волі» 25 сакавіка ў Менску. Хоць пяць дзён, за якія рашэньне мусіць быць абешчана, заканчваюцца якраз сёньня.

7 сакавіка сябра аргкамітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Сяргей Спарыш падаў заяўку на сьвяточнае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа да сквэру Янкі Купалы. Пры гэтым адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч яшчэ раней заявіў, што правядзе 25 сакавіка шэсьце, нават калі яго не дазволяць.

На пачатку месяца аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР падзяліўся на дзьве працоўныя групы, якія паасобку займаюцца арганізацыяй канцэрту і правядзеньнем шэсьця.

«Паводле ўсіх нормаў, крайні тэрмін адказу — сёньня, бо пры вылічэньні сам дзень акцыі ня лічыцца, — патлумачыў Свабодзе Мікола Статкевіч. — Так, магчымы варыянт, што могуць адправіць поштай. З улікам таго, што па Менску ліст ідзе дзень, пачакаем да заўтрашняй раніцы. А як адказу ня будзе, мы маем права лічыць, што ўлада шэсьце не забараніла. Вядома, калі нашы калегі, якія падпісалі заяўку, усё ж не атрымаюць адказу, я дзеля падстрахоўкі яшчэ раз паведамлю ўладам пра намер Беларускага нацыянальнага кангрэсу правесьці, згодна з Канстытуцыяй, Марш годнасьці і волі».

Прапанова адзначыць 100-годзьдзе БНР з канцэртам, але бяз маршу, выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG