Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымала ініцыятараў шэсьця 25 сакавіка ў Менску: Вінярскага, Някляева, Сіўчыка

абноўлена

Уладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, архіўнае фота
Уладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, архіўнае фота

Пра затрыманьне сябра аргкамітэту сьвяткаваньня 100 год абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Вячаслава Сіўчыка Свабодзе паведаміла сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая.

Затрыманьне адбылося каля дома Вячаслава Сіўчыка, яго забралі ў Цэнтральны РУУС Менску, паведаміла Свабодзе маці палітыка Галіна Сіўчык. Яна мяркуе, што гэта прэвэнтыўнае затрыманьне, і сына забралі, каб не дапусьціць удзелу ў шэсьці 25 сакавіка ў Менску, якое не дазволенае гарадзкімі ўладамі. Як паведаміў Радыё Свабода палітык Ігар Лялькоў, Сіўчык знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна.

Паводле зьвестак «Вясны», затрыманыя таксама Максім Вінярскі і Ўладзімер Някляеў. Някляеў знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, піша БелаПАН са спасылкай на жонку палітыка Вольгу Някляеву. Максіма Вінярскага асудзілі 21 сакавіка на 10 сутак за акцыю салідарнасьці з сайтам «Хартыя-97», заблякаванага ў Беларусі, паведамляе TUT.BY.

Вячаслаў Сіўчык — у ізалятары на Акрэсьціна, Максіму Вінярскаму далі 10 сутак

Міліцыя пільнуе Міколу Статкевіча, ён не выходзіць з дому.

«Я хачу дайсьці да акцыі, — кажа Свабодзе Статкевіч. — З аднаго боку, Лукашэнка заяўляе, што ня будзе гвалтоўных захадаў, з другога боку вось што адбываецца. Яны ня хочуць масавага разгону, таму прымаюць такія вось захады.

Я і мае калегі будзем працягваць тое, што робім. Беларусы павінны ведаць, што, акрамя „канцэртнай“ апазыцыі, ёсьць народная апазыцыя. Цяпер важна, каб ня ўсе пайшлі танчыць у парку за загародку».

Арганізатары мітынгу-канцэрту апублікавалі заяву, у якой выступілі супраць затрыманьня ініцыятараў шэсьця.

«Нягледзячы на афіцыйную адмову Менгарвыканкама ў шэсьці з плошчы Якуба Коласа да Опэрнага тэатра, упэўненыя, што нават у несанкцыянаваным выглядзе шэсьце магло прайсьці цалкам спакойна, як і шэраг іншых падобных шэсьцяў, — пішуць арганізатары мітынгу-канцэрту. — Спадзяемся што 25 сакавіка затрыманыя актывісты сустрэнуць з намі каля Опэрнага тэатра, а не ў ізалятарах. Заклікаем устрымацца ад практыкі прэвэнтыўных затрыманьняў, якія супярэчаць агульнанацыянальнага сьвята стагодзьдзя БНР».

У сацсетках паведамілі таксама пра затрыманьне Паўла Севярынца, ды ён кажа Свабодзе, што цяпер на волі. На думку Севярынца, Някляеву могуць «згадаць» яшчэ не адбытае пакараньне за нібыта заклікі на несанкцыянаваную акцыю 1 лістапада мінулага году. Севярынец перакананы, што ўсе затрыманьні зьвязаныя з плянамі на шэсьці 25 сакавіка.

***

У Менску падавалі тры розныя заяўкі на шэсьці 25 сакавіка, гарадзкія ўлады забаранілі ўсе. Але ў Менску дазволілі мітынгі канцэрты 24 сакавіка і 25 сакавіка, таксама дазволілі шэраг акцыяў у іншых гарадах Беларусі.

«Не патрэбныя нам сёньня гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсьці, казаў Аляксандар Лукашэнка днём раней. — Не таму, што я іх баюся. Пройдуць па вуліцы, па Менску — перажывем. Але адзін раз, другі, трэці раз, а пасьля будзе як дваццаць гадоў таму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG