Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах на сьвяткаваньні #БНР100 выступіць Зьміцер Бартосік


Зьміцер Бартосік, архіўнае фота
Зьміцер Бартосік, архіўнае фота

Дзьве імпрэзы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР заплянавалі ў Баранавічах: сьвяточны канцэрт у Маладым парку ў цэнтры гораду і вечарыну ў музычнай школе.

Арганізатары мітынгу-канцэрту ў Маладым парку сабралі неабходныя сродкі на аплату працы міліцыі, мэдыкаў ды камунальнікаў, сказаў сябра руху «За свабоду» Ўладзімер Гундар. Раней паведамлялася, што правядзеньне акцыі пад пытаньнем, бо на ўсё гэта няма грошай.

«Нам быў выстаўлены рахунак на аплату паслугаў міліцыі, хуткай дапамогі і камунальнікаў. Дзякуючы ахвяраваньням людзей мы сабралі неабходныя грошы, таму мерапрыемства адбудзецца», — кажа Ўладзімер Гундар.

Як кажа Гундар, мітынг-канцэрт пройдзе ў Маладым парку Баранавічаў 25 сакавіка з 12 да 16 гадзіны.

«Праграма імпрэзы пакуль дапрацоўваецца, аднак вядома, што з гістарычным выступам пра ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі выступіць гісторык Ігар Мельнікаў. Будуць нашыя выступоўцы, будзе наладжаны канцэрт аўтарскіх выканаўцаў, галоўным зь якіх будзе выступ Зьмітра Бартосіка. Плянуецца гістарычная віктарына з сувэнірамі, будзе арганізаваны кірмаш рамесьнікаў, магчыма, будзе танцавальная пляцоўка», — сказаў Уладзімер Гундар аб праграме сьвята.

У той жа дзень, 25 сакавіка, з 15-й да 18-й гадзіны адбудзецца Сьвята незалежнасьці ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў на вуліцы Горкага, 20 у Баранавічах. Імпрэзу арганізоўвае гарадзкая філія Таварыства беларускай мовы.

Мапа #БНР100: што дзе будзе ў Беларусі і сьвеце. Абнаўляецца:

Улады ўжо дазволілі сьвяточныя мерапрыемствы 25 сакавіка ў Баранавічах, Берасьці, Горадні, Кобрыні і Лідзе, заяўкі на масавыя мерапрыемствы ў Гомлі і Магілёве адхілілі, але там будуць ладзіцца вечарыны і музычныя выступы, на якія не патрэбен дазвол уладаў. У Віцебску далі дазвол на правядзеньне мітынгу, але з арганізатараў запатрабавалі вялікія грошы за ахову пікету, таму арганізатары адмовіліся ад яго правядзеньня. Усе шэсьці ў Менску, на якія падаваліся заяўкі, забаранілі.

Усе навіны пра #БНР100 >>>

Сайт арганізатараў #БНР100 >>>

Праграма галоўнага менскага канцэрту >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG