Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці пачалі зьбіраць грошы на канцэрт на #БНР100


Плякат «Сьвята Незалежнасьці» ў Берасьці
Плякат «Сьвята Незалежнасьці» ў Берасьці

Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў 13 сакавіка фэст «100 год БНР». Канцэрт-мітынг пачнецца а 12-й гадзіне 25 сакавіка на плошчы Свабоды.

Арганізатары берасьцейскага канцэрту запусьцілі на плятформе Talaka.by збор грошай: для сьвята трэба 5 000 рублёў. Уваход будзе вольны, таму «купіць» можна «шчырую ўдзячнасьць», а таксама замовіць нешта з прома-прадукцыі, накрыклад значок ці паштоўку, квіткі на аўтобусную экскурсію па мясьцінах, зьвязаных зь Беларускай Народнай Рэспублікай, квіткі на іншыя канцэрты, бонусныя карткі піўной крамы. Таксама арганізатары шукаюць валянтэраў.

«Шмат чаго атрымліваецца зрабіць бясплатна, — пішуць на старонцы збору грошай. — Нас вызвалілі ад выдаткаў за ахову і мэдычнае абслугоўваньне. Але многае патрабуе укладаньняў: аплата тэхнікаў, арэнда некаторай апаратуры, кампэнсацыі выдаткаў музыкам, што прыедуць зь Менску і будуць удзельнічаць у трохгадзінным канцэрце для берасьцейцаў. Асобныя выдаткі на аздабленьне сьвята — урачыстую сымболіку і промапрадукцыю».

На канцэрце маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt, CadCoddeu, Zolki Band і «Спрат». Акрамя музыкі, на сьвяце плянуецца кірмаш, майстар-клясы рамесьнікаў, фотазона і іншыя забавы, перад канцэртам пройдзе сьвяточны мітынг з удзелам прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў, грамадзкіх дзеячоў і гісторыкаў.

***

На менскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плянуюць сабраць да 25 тысяч чалавек. У афішы гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы (але Лявону Вольскаму давядзецца выступаць праз тэлемост, бо ягоны выступ у Беластоку ў той жа дзень ня хочуць пераносіць). На плятформе Talaka.by арганізатарам менскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 88% неабходных сродкаў (ёсьць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў).

Мітынг-канцэрт 25 сакавіка ўжо таксама дазволены ў Горадні (туды запрасілі N.R.M., на канцэрт пакуль сабрана толькі 7% патрэбных сродкаў), а ў Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць у яшчэ некалькіх гарадах.

Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсьце, нават калі яно ня будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG