Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Гомля не далі дазволу сьвяткаваць #БНР100: памяшканьне занялі «Бабы Шанэль»


Гарадзкія ўлады Гомля адмовілі арганізацыйнаму камітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў правядзеньні канцэрту, сказаў Свабодзе сябра аргкамітэту, прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора.

«Там пішуць, што няма магчымасьці прадставіць залю, якую мы просім, гарадзкі Цэнтар культуры, і іншага нічога не прапануюць, — кажа Ўладзімер Кацора. — Гэта азначае, што не дазволілі адзначыць».

Уладзімер Кацора, архіўнае фота
Уладзімер Кацора, архіўнае фота

​25 сакавіка ў Гарадзкім цэнтры культуры анансаваны спэктакаль «Бабы Шанэль» тэатральнага калектыву «Сустрэча». Афіша мерапрыемства зьявілася на сайце ўстановы 12 сакавіка — ужо пасьля падачы заяўкі на імпрэзу «Сьвята Незалежнасьці» (тую заяўку падалі 7 сакавіка).

Што рабіць цяпер, аргкамітэт будзе вырашаць 16 сакавіка. Кацора адзначае, што наўрад ці аргкамітэт стане прасіць іншае памяшканьне, напрыклад, у прафсаюзаў: часу ўжо мала, дый грошай там запатрабавалі б больш.

Мясцовы аргкамітэт спачатку плянаваў экскурсію і невялікі канцэрт-віктарыну ў мясцовым грамадзка-палітычным цэнтры (вул. Палеская, 52) з удзелам сьпявачкі Вольгі Цярэшчанкі, бо раней мясцовыя ўлады не ішлі на супрацу. Але, натхнёныя дазволам на мітынг і канцэрт у Менску, актывісты падалі заяўку на вялікі канцэрт, пакінуўшы ранейшую ідэю ў якасьці рэзэрвовага варыянту.

* * *

На менскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плянуюць сабраць да 25 тысяч чалавек. У афішы гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы (але Лявону Вольскаму давядзецца выступаць праз тэлемост, бо ягоны выступ у Беластоку ў той жа дзень ня хочуць пераносіць). На плятформе Talaka.by арганізатарам менскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 88% неабходных сродкаў (ёсьць і іншыя шляхі ахвяраваньняў).

Мітынг-канцэрт 25 сакавіка ўжо таксама дазволены ў Горадні (туды запрасілі N.R.M., на канцэрт пакуль сабрана толькі 7% патрэбных сродкаў) і Берасьці (выступяць :B:N:, Re1ikt і іншыя, сабрана 10%), а ў Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць яшчэ ў некалькіх гарадах.

Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсьце, нават калі яно ня будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG