Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Сьвята незалежнасьці» ў Менску спрагназавалі +4...+6°С і хмары без ападкаў


Беларускія мэтэаролягі апублікавалі прагноз надвор’я на дзень 25 сакавіка ў Менску. Гэта час, калі будзе адбывацца санкцыянаванае ўладамі «Сьвята незалежнасьці» — мітынг-канцэрт у гонар 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Цяпер беларускі Гідрамэтцэнтар прагназуе каля нуля зранку, удзень ад 4 да 6 градусаў цяпла, умераны вецер, воблачнае неба з праясьненьнямі, без ападкаў. Замежныя прагнозы адрозьніваюцца нязначна: так ці іначай, хмары без дажджу, каля +6°С.

Калі прагноз спраўдзіцца, гэта будзе далёка ня самы цёплы і далёка ня самы халодны дзень 25 сакавіка ў Менску: за апошнія дзесяць год бывала і +16°С, і –2°С, некалькі шэсьцяў на Дзень Волі праходзілі пад сьнегам.

У іншых гарадах 25 сакавіка чакаецца падобнае надвор’е. Найбольш шанцуе Берасьцю, Ваўкавыску, Горадні, Кобрыні, Слоніму і Пінску, дзе цяпер прагназуюць сонечнае надвор’е і +6...+8°С, найменш — Віцебску, дзе прагназуюць хмары і магчымасьць мокрага сьнегу пры +2...+4°С.

Папярэднія прагнозы нельга назваць цалкам дакладнымі, прагноз на 25 сакавіка можа мяняцца цягам тыдня, але наўрад ці радыкальна.

Ранейшыя доўгатэрміновыя прагнозы замежных мэтэаролягаў былі менш аптымістычныя: каля +2°С і лёгкі сьнег. Але арганізатары сьвята тады казалі, што гатовыя і да такога: сцэна будзе крытая і мае фармавацца мае пад умовы надвор’я, ставіць яе будуць надзейныя спэцыялісты.

Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску

На менскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плянуюць сабраць да 25 тысяч чалавек. У афішы гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. Дачка Лявона Вольскага Адэля Вольская засьпявае песьні бацькі. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя.

На плятформе Talaka.by арганізатарам менскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 95% неабходных сродкаў (ёсьць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў).

Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка ўжо таксама дазволеныя ў Берасьці (там маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt і іншыя) і Горадні (туды запрасілі N.R.M., вядуць збор грошай на канцэрт), у Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць яшчэ ў некалькіх гарадах.

Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсьце, нават калі яно ня будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG