Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У палеміцы Юры Дракахруста з Аксанай Забужкай мне бачацца першыя кроплі вялікай пераацэнкі каштоўнасьцяў, якая рыхтуецца хваляй накрыць нас заўтра.

У палеміцы Юры Дракахруста з Аксанай Забужкай мне бачацца першыя кроплі вялікай пераацэнкі каштоўнасьцяў, якая рыхтуецца хваляй накрыць нас заўтра.

Розьніца ў падыходах. Забужка ідзе нясьмелымі намацваньнямі і ад таго непазьбежна дзе не дамацвае, а дзе перамацвае. Юра, наадварот, катэгарычна за статус кво, адным махам. Вынік атрымліваецца падобны — недакладнасьць у ацэнках. Толькі ў Забужкі ёсьць рух і пэрспэктыва, а Юра «ўжо прыйшоў».

Рэч ня ў тым, каб параўноўваць Высоцкага і Быкава, хоць першы ня жыў пад жорсткім абстрэлам камуністычнай намэнклятуры і вэтэранаў, яму не раскідалі набор кніг, яго ня выціснулі ўрэшце з краіны. І Ленінскую прэмію Быкаву далі, каб не далі Нобэля. Рэч у тым, што пачынаючы з 1930-х гадоў Беларусь жыла і жыве ў рэжыме жорсткай, сплянаванай і добра забясьпечанай ва ўсіх сэнсах русіфікацыі. З гэтым звыкліся настолькі, што адзін малады гісторык называе гэтую зьяву «асаблівасьцю нашай нацыянальнай культуры і сацыяльна-гістарычнага разьвіцьця». Быццам русіфікацыя — не рукатворны штодзённы, штохвілінны і паўсюдны працэс, а ледзьве ня зьява прыроды. Так паўночныя карэйцы глядзяць на сваіх Кімаў, з чаго мы сьмяяліся яшчэ школьнікамі, хоць нічога сьмешнага ў тым не было. Мы жылі гэтаксама.

Да мовы ставіліся як да моды. Лічылася, што быць модным, мякка кажучы, ня тое, што трэба. Усе гэтыя шыкі, подыюмы, верціхвосткі, фарца… Тое, што сёньня называюць мадэльным бізнэсам, у савецкія часы высьмейвалася як нешта, што непазьбежна мае сувязь з крыміналам. Пра гэта гайдаеўскі фільм «Брыльянтавая рука», які ўспрымаўся на грані фолу, прыблізна як і Высоцкі, а насамрэч быў цалкам у рэчышчы палітыкі партыі. Цяпер неяк і ня сьмешна стала.

А чаму ў нас не саджалі за кнігу? Ну не за Быкава, дык за Аляхновіча. Таму што лічылася, што ў БССР, у адрозьненьне ад Украіны і рэспублік Балтыі, нацыяналізму няма. Першыя асобы моцна трымаліся такога іміджу. Таму і «Майстроўня» ў нас магла ўзьнікнуць у 1980-м, а ў Львове ці Таліне — не магла.

Гэта пра нацыяналізм. А «русский мир», якога баіцца Забужка, гэта не пра нацыяналізм. Гэта пра рабства, пра чучхе, пра Кімаў.

Разумеючы гэта, я ведаю, «куды падзець Алексіевіч». Бо і Алексіевіч — пра рабства. Яе «чырвоны чалавек» — гэта і ёсьць той зомбі, які рагоча са зрашчэньня моды з крыміналам на «Брыльянтавай руцэ», а потым апынаецца перад прорвай уласнай сьвядомасьці і ня ведае, што з гэтым рабіць, як сабраць разбураную ўраз карціну сьвету. Алексіевіч вывернула савецкага раба назнаніцу, кажучы яму: я ж таксама выварочваюся.

У сябе ў Беларусі новую карціну сьвету нам давядзецца зьбіраць зь іншых кубікаў. Савецкіх куміраў там ня будзе дакладна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG