Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ Аксане Забужцы: куды падзець Алексіевіч


Юры Дракахруст

Ва Ўкраіне зараз віруюць гарачыя спрэчкі, якія спарадзіла нататка ў ФБ дырэктара Ўкраінскага інстытуту нацыяльнай памяці Ўладзімера Вятровіча, які напісаў, што куміры савецкай інтэлігенцыі 70-80-х, у тым ліку і ўкраінскай інтэлігенцыі — Высоцкі, Булгакаў — гэта «шчупальцы „расейскага сьвету“. Сваё слова ў палеміцы сказала і вядомая ўкраінская пісьменьніца Аксана Забужка.

Яна ня толькі вызначала сваё стаўленьне да спрэчнага сюжэту, але і прапанавала сваё бачаньне нядаўняга мінулага. Паводле Забужкі

- за ўсю украінскую культуру „па-за праграмай“ у СССР "сьвяціў" рэальны турэмны тэрмін,

- куміры 70-х-80-х — „фронда позьнебрэжнеўскай фарцы пад гэбэшным дахам“, якую бліскуча ўвасабляў „маскоўскі плэйбой“ Высоцкі, гэта была „зьверху ўніз“ спушчаная мода — „ад Андропава“ у шырнармасы,

- "па-за закон“ (да сякеры па галаве, для асабліва ўпартых, уключна) у нас выносілася, даслоўна, усё, што магло спарадзіць у публікі глыбока „антысавецкае“ (менавіта так!) меркаванье аб украінскай культурнай самастойнасьці».

Ну, пра ўласна ўкраінскі досьвед — крыху пазьней. Але паспрабаваў спраецыраваць тлумачальную схему пісьменьніцы на Беларусь. Ці так было яно ў БССР у 70-80-я гады? Дастаткова назваць тры імені — Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Сьвятлана Алексіевіч. Зь імі — як было?

Ці «сьвяціў» рэальны тэрмін зьняволеньня за іх чытаньне, ці былі яны «па-за законам»? Не. І блізка не. Ці была іх творчасьць «фрондай позьнебрэжнеўскай фарцы пад гэбэшным дахам», мода на іх была спушчаная ад Андропава? Ну, паводле лёгікі спадарыні Забужкі — відаць, так. І Алексіевіч, і Адамовіч, і Быкаў друкаваліся ў савецкіх выдавецтвах і часопісах, Алексіевіч і Адамовіч мелі легальную працу ў савецкіх дзяржаўных установах, усе яны мелі нават узнагароды ад камуністычнай улады. За што — за тое, што маглі спарадзіць «глыбока антысавецкае меркаваньне аб беларускай культурнай самастойнасьці»? Камуністы ня мелі звычкі ўшаноўваць ордэнамі і мэдалямі за «антысавецкую прапаганду і агітацыю».

Ну а зараз — пра Ўкраіну. Я не вялікі знаўца ўкраінскай літаратуры. Але прыгадваецца, што першым старшынём Народнага Руху Ўкраіны быў пісьменьнік Іван Драч, а адным зь яго намесьнікаў — таксама пісьменьнік Уладзімер Яварыўскі. Менавіта Рух ва Ўкраіне быў таранам, які разбураў і ў рэшце разбурыў камуністычную ўладу і імпэрскае панаваньне. А Драч і Яварыўскі — яны апынуліся на чале Руху хіба зь лягерных нараў? Іх творы ў савецкай Украіне не друкавалі, яны выносіліся «па-за закон», за іх чытаньне пагражала турма? Неяк з таго, што я ведаю, зь іх біяграфіяў, паўстае іншая карціна — што і друкаваліся легальна, і па-за закон іх творчасьць не выносілася. Значыць, паводле Аксаны Забужкі, былі яны хто?

Насамрэч і Адамовіч, і Алексіевіч, і Быкаў, і Драч, і Яварыўскі жылі і працавалі ў «шэрай зоне» паўдазволенага, паміж хваласьпевамі на адрас партыі і камунізму і наўпроставай апазыцыяй камуністычнай сыстэме, пад ціскам цэнзуры і зь вялікімі непрыемнасьцямі ад улады. Менавіта ў гэтай зоне ў Расеі 70-80-х існавалі і Высоцкі, і Стругацкія, і творы Булгакава. Не забаронена, але і непажадана, не «контра», але сумнеўныя з пункту гледжаньня партыйнай артадоксіі. «Некантраляваны падтэкст», як казалі савецкія цэнзары. Гэтая зона магла быць шырэйшай ці вузейшай у Маскве, Кіеве і Менску, але яна паўсюль была. І нашто прыдумляць казкі пра ўкраінскую і беларускую літаратуры, культуры, якія нібыта падзяляліся адно на трубадураў рэжыму і змагароў з гэтым рэжымам?

Ці, калі быць пасьлядоўнай (-ным), то трэба ўжо запісаць у «птушанят гнязда Андропава» і названых мной беларускіх і ўкраінскіх літаратараў. Іх статус у савецкім грамадзтве не адрозьніваўся прынцыпова ад статусу тых жа Высоцкага і Стругацкіх. Я не параўноўваю таленты і славу, але статус, палажэньне было прыкладна такое ж.

Аксана Забужка і Сьвятлана Алексіевіч
Аксана Забужка і Сьвятлана Алексіевіч

Алексіевіч дык і зараз называе сябе «чалавекам расейскай культуры». І піша да таго ж па-расейску, і друкуецца пераважна таксама ў Расеі, прынамсі, на той мове, на якой яна піша. Ну а калі так, дык хто ж яна, паводле Аксаны Забужкі, як не «шчупальце «расейскага сьвету»? Чаму Высоцкі — «шчупальце», а Алексіевіч — не?

Калі пасьлядоўна ўжываць падыход Аксаны Забужкі да Беларусі, то трэба ці выкінуць зь беларускай літаратуры ладную частку яе цьвету, гонару ці інтэлектуальным трукам зрабіць падпольшчыкамі і паўстанцамі творцаў, якія ані падпольшчыкамі, ані паўстанцамі не былі. На мой погляд, ня варта рабіць ані першае, ані другое. І не дзеля Расеі, а дзеля самой Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG