Ежы Папялушка быў харызматычным сьвятаром, які першым адправіўся да ўдзельнікаў страйку на Варшаўскі мэталюргічны завод у 1981 годзе. Пасьля ён быў зьвязаны з працоўнымі і прафсаюзам «Салідарнасьць», які знаходзіўся ў апазыцыі камуністычнаму рэжыму ў Польшчы, паведамляе Радыё Польшча.
У яго пропаведзях зьмешваліся духоўныя навучаньні з палітычнымі пасланьнямі, крытыка камуністычнай сыстэмы і заахвочваньне людзей да пратэсту. Пропаведзі ксяндза Папялушкі рэгулярна трансьляваліся па радыё «Свабода» і таму ён стаў вядомы па ўсёй Польшчы сваёй бескампраміснай пазыцыяй да рэжыму ПНР.
Служба бясьпекі МУС Польскай Народнай Рэспублікі неаднаразова спрабавала прымусіць яго замаўчаць або запалохаць. 19 кастрычніка 1984 гады айцец Ежы Папялушка быў схоплены па дарозе з Быдгошчы ў Варшаву і па-зьверску забіты. Зьнікненьне ксяндза справакавала масавыя антыўрадавыя выступы па ўсёй краіне. Яго цела было знойдзена ў Вісьле 30 кастрычніка. 3 лістапада адбыліся пахаваньне.
Ежы Папялушка нарадзіўся ў вёсцы Акопы на Падляшшы. Частка старэйшых жыхароў гэтай мясцовасьці, у тым ліку і палякаў, размаўляюць мясцовым дыялектам беларускай мовы. Гэтая мова была роднай мовай сям’і Папялушкі.
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.