Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язык міністра


Зміцер Бартосік
Зміцер Бартосік

Расейскі герой 1812 году Дзяніс Давыдаў, калі пайшоў у партызаны, надзеў кажух і адгадаваў сабе даўжэзную бараду. Каб расейскія мужыкі не прынялі за француза.

Бо калі паголены і ў мундзіры — адназначна нейкі нярускі. Галоўная фішка ў тым, што нават расейская мова не рабіла Давыдава ў вачах мужыкоў сапраўдным расейцам. Бо многія ніякай іншай мовы і ня чулі. Для іх гэта была чалавечая мова. Зязюля кувае, пеўнік кукарэкае, а чалавек гаворыць. Тое, што ў людзей ёсьць яшчэ нейкая француская ці якая іншая мова — было для іх за мяжой сьвядомасьці.

Гэтую гісторыю я ўспомніў у сувязі зь міністрам культуры Беларусі. Не, на Дзяніса Давыдава гэты міністар зусім не падобны. А вось сваёй сэнтэнцыяй наконт беларускай мовы, якая, пры беларускім дубляжы, парушыць аўтарскую задуму рэжысёра дубляванага фільму... Гэтай сэнтэнцыяй міністар нагадаў мне тых расейскіх партызанаў, што змагаліся супраць французаў.

Падобна на тое, што міністар ніякіх іншых моваў ніколі ня чуў. Гэты чысты і даверлівы чалавек зь вялікімі вачыма немаўляці глядзеў фільмы з Жэрарам Дэпардзьё, з Арнольдам Шварцэнэгерам, з Адрыяна Чэлентана і ня ведаў, што на экране за іх гавораць акторы маскоўскіх тэатраў. І ніхто з дарослых яму не адкрыў гэты галоўны фокус кіно. І сваю наіўную веру ён пранёс па кар’ернай лесьвіцы ажно да пасады міністра. Тады нам пашанцавала зь міністрам. Ня кожны дзень на такой пасадзе бачыш такую некранутую чысьціню.

Зрэшты, пан міністар усё ж ведае пра існаваньне яшчэ адной, акрамя расейскай, мовы. У магчымасьцях якой, напэўна, вельмі сумняваецца.

Мой даўні таварыш і калега Серж Мінскевіч, які таксама мае ніжагародзкія карані, расказваў пра сваё першае наведваньне Ніжняга Ноўгараду. У ягоным сьвеце таксама было дзьве мовы. Адна была гарадзкая. На ёй гаварылі ў горадзе бацькі і сябры. Другая была вясковая. На ёй гаварылі ў вёсцы бабулі і вясковыя дзеці. Але аднойчы Серж трапіў у Ніжні. Дзе, вядома, гаварылі на мове гарадзкой. Пасьля яны паехалі ў ніжагародзкую вёску. І там усе людзі таксама гаварылі па-гарадзкому. Гэта быў шок і пераварот сьвядомасьці. Так Серж даведаўся, што няма ніякай ні гарадзкой, ні вясковай мовы.

Падобна на тое, што міністар яшчэ ня быў у расейскай вёсцы. Зрэшты, у беларускай сталіцы ён таксама бывае мала дзе. Калі яго шакуе беларускамоўны «Форэст Гамп».

Што б такога параіць міністру, каб яму адкрылася таямніца, якую Мінскевіч спасьцігнуў пад Ніжнім? Паслухаць Вольскага і Варашкевіча? Пачытаць Арлова і Глёбуса? Схадзіць у тэатар на Марціновіча і Багаслаўскага?

А можа, хай застаецца ў сваім наіўным сьвеце? Бо якое дачыненьне мае ягонае міністэрства да таго, што робяць сучасныя беларускія творцы? І чым гэтым сьпевакам і літаратарам можа дапамагчы гэтае міністэрства? Ды нічым. Затое пануе гармонія. Пад такім сьцягам, з такім правадыром, з такімі вязьнямі, як Юркойць, мусіць быць менавіта такі міністар культуры.

А вось вусы можна і не адгадоўваць. Беларускія партызаны ўжо адчулі чужака.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG