Літоўскія грузавікі застаюцца на тэрыторыі Беларусі зь лістапада, калі Літва часова закрывала мяжу зь Беларусьсю, а Беларусь пасьля не дазволіла літоўскім грузавікам выехаць. Ніякай новай інфармацыі пра грузавікі не дае ні беларускі, ні літоўскі бок, сказаў у размове з Свабодай кіраўнік лягістычнай кампаніі Kelruva і сябра асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava Віталь Гігевіч.
«Зь лістапада ніякіх зрухаў няма. Няма інфармацыі ні ад беларускага, ні ад літоўскага боку. Такое адчуваньне, што нашая праблема ўжо вырашылася і яе няма, але ж гэта ня так», — кажа Віталь Гігевіч.
Кіраўнік нацыянальнай асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava Эрландас Мікенас кажа, што цяпер перавозьнікі працуюць з адвакатамі, шукаюць выйсьце з сытуацыі.
«У нас нічога не зьмянілася зь лістапада. Толькі груз нам аддалі, удалося забраць», — паведаміў кіраўнік асацыяцыі.
Зь ягоных словаў, у Беларусі застаюцца больш за 1250 грузавікоў і агулам больш за 4000 адзінак тэхнікі (паўпрычэпы і інш.), але гэтая лічба можа быць большай.
Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў адзін з мэнэджараў літоўскай лягістычнай кампаніі. Зь яго словаў, далі магчымасьць перагрузіць груз з фураў на іншыя машыны, але самі фуры застаюцца ў Беларусі.
10 сьнежня літоўскія перавозьнікі арганізавалі акцыю пратэсту ў Вільні, каб прыцягнуць да праблемы ўвагу літоўскіх уладаў. Тады ж у асацыяцыі перавозьнікаў заяўлялі, што страты перавысілі ўжо 100 мільёнаў эўра.
5 студзеня стала вядома, што перавозьнікі Літвы рыхтуюць пазоў у суд супраць ураду Літвы. Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене параіла ім падаваць пазоў не на літоўскі, а на беларускі ўрад.
Літоўскі бок прыняў рашэньне цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю 27 кастрычніка ў адказ на залёты метэазондаў з кантрабандай зь беларускага боку. Тады беларускі бок забараніў выяжджаць літоўскім фурам, а 10 лістапада ўсе фуры перамясьцілі на адмысловыя стаянкі з аплатай 120 эўра ў дзень на загад Лукашэнкі.
19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Тады беларускі бок дазволіў уяжджаць і выяжджаць іншым грузавікам, але тыя, хто заехаў раней, так і засталіся на стаянках. Менск патрабуе вырашэньня пытаньня на палітычным узроўні шляхам сустрэчы і перамоваў.
Форум