Прэм’ерка Літвы рэкамэндавала перавозьнікам падаваць пазоў на беларускі, а не літоўскі ўрад

Прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене. Архіўнае фота
Прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене. Архіўнае фота

Літоўскія перавозьнікі плянуюць падаць пазоў супраць свайго ураду за фуры, якія захрасьлі на мяжы зь Беларусьсю, а ўрад дагэтуль ня ведае, колькі такіх грузавікоў.

Як паведамляе літоўскае выданьне Delfi, прэм’ер-міністарка Інга Ругінене падкрэсьлівае, што гэты пазоў павінен быць накіраваны ў Беларусь.

Паводле яе, перавозьнікаў таксама спачатку просяць падаць дакладную колькасьць грузавікоў, якія не вярнуліся зь Беларусі, каб ацаніць панесеныя страты.

«Перавозьнікі павінны накіраваць свой пазоў у Беларусь, бо з моманту закрыцьця мяжы мы дакладна заявілі, што ўсім грузавікам зь беларускага боку будзе дазволена вярнуцца дадому ў Літву. Беларусы затрымалі грузавікі і дагэтуль ня маюць і не тлумачаць праўных падставаў для гэтага», — заявіла Ругінене журналістам у Вільні.

Паводле прэмʼеркі Літвы, цяпер ад перавозьнікаў патрабуюць падаць дакладныя зьвесткі аб грузавіках, якія захрасьлі на беларускім баку.

«Сёньня цыркулююць розныя лічбы, розныя маніпуляцыі зь лічбамі, але рэальнага ўліку няма. Пакуль ня будзе рэальнага ўліку, я нават не магу ўявіць, як разьлічыць страты. Усім неабходна выканаць хатнюю працу і паглядзець на рэальныя лічбы — тады мы зможам гаварыць», — дадала прэмʼер-міністар.

Прэзыдэнт арганізацыі Linava Эрландас Мікенас заявіў, што арганізацыя абʼяднала больш за 100 транспартных кампаній для падачы калектыўнага пазову супраць ураду.

У адказ на атаку мэтэазондамі з кантрабандай зь беларускай тэрыторыі у канцы леташняга кастрычніка ўрад Літвы закрываў пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю.

Паводле тэлеканалу LRT, значная колькасьць грузавікоў ужо нібыта працягвае працаваць, курсуючы паміж Літвой і Беларусьсю, невялікая колькасьць усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі.

Linava: Ніводная фура не была адпушчаная

Кіраўнік Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Linava Эрландас Мікенас раней заявіў, што зь беларускіх стаянак ня выпусьцілі ніводную фуру, перадае LRT.

Паводле зьвестак літоўскай мытні, апублікаваных некалькі тыдняў таму, у Беларусі захрасьлі 185 літоўскіх фураў і паўпрычэпаў. У той жа час Linava працягвае сьцьвярджаць, што там засталося каля 4 тысяч транспартных сродкаў, зь якіх 1,25 тысячы — цягачы.

Міжнародны зьвяз аўтамабільнага транспарту (IRU) 5 сьнежня зьвярнуўся да беларускіх службаў з просьбай растлумачыць прычыны затрыманьня фураў, падаць іх колькасьць і месца знаходжаньня. Але адказу не атрымаў. Уладальнікам фураў тым часам працягваюць выстаўляць рахункі за стаянку.

Міністар транспарту Літвы Юрас Тамінскас заявіў, што дазвол на міжнародныя перавозкі на Ўсход маюць каля 2,6 тысячы фураў.

Літоўска-беларускі памежны крызіс

Крызіс на беларуска-літоўскай мяжы ўзьнік пасьля прылётаў паветраных балёнаў з кантрабандай зь Беларусі ў апошнія месяцы 2025 году, што прывяло да таго, што ўрад Літвы 29 кастрычніка вырашыў закрыць на месяц для большасьці беларусаў памежныя пункты пропуску.

У адказ улады Беларусі сьпярша забаранілі выезд літоўскіх фураў у іншыя краіны, апроч Літвы, а потым увогуле заблякавалі іх на платных стаянках, ня выпусьціўшы іх і пасьля адкрыцьця Літвой памежных пунктаў.

Фактычна памежныя пункты не працавалі зь вечара 26 кастрычніка да 1-й гадзіны ночы 20 лістапада.

Асацыяцыя Linava, якая абʼядноўвае некаторых перавозьнікаў, 10 сьнежня арганізавала каля Сейму ў Вільні пратэст з нагоды сытуацыі на мяжы, заклікаючы ўрад прыняць рэальныя меры і вярнуць грузавікі.

​
XS
SM
MD
LG