Сытуацыя зь літоўскімі фурамі, якія захрасьлі ў Беларусі, не зьмянілася, а асацыяцыя перавозьнікаў Linava сабрала больш за 100 транспартных кампаній, каб падаць калектыўны пазоў супраць ураду Літвы, заявіў прэзыдэнт асацыяцыі Эрландас Мікенас, якога цытуе Delfi.
«Ніякіх зрухаў, што тычыцца вяртаньня фураў, у нас няма. Няма ніякіх навін ні зь Беларусі, ні з боку [літоўскага] ўраду. У цяперашні час мы, як асацыяцыя, дапамагаем перавозьнікам арганізоўваць сустрэчы з адвакацкімі канторамі, заўтра адбудзецца апошняя, а ў сярэдзіне тыдня мы вырашым, зь якой кампаніяй будзем супрацоўнічаць».
Па словах прэзыдэнта Linava, першы чым падаваць пазоў, перавозьнікі з дапамогай юрыстаў спачатку будуць шукаць магчымасьцяў дамовіцца з урадам. Ён паскардзіўся, што перавозьнікі атрымоўваюць мала інфармацыі пра намаганьні літоўскага ўраду пра вызваленьне фураў.
«Міністэрства транспарту запэўніла нас, што МЗС актыўна працуе над гэтым пытаньнем, хоць мы пакуль не атрымлівалі ніякай інфармацыі наконт гэтага. Яны гавораць, што ня могуць расказаць аб усіх мерах, якія прымаюцца. Мы запісаліся на сустрэчу зь міністрам замежных спраў і паглядзім, ці ўдасца нам пагаварыць, таму што да гэтага часу ў нас практычна не было кантакту», — падсумаваў прадстаўнік перавозчыкаў.
Пасьля актывізацыі патоку мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі, якія ня раз парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку 2025 году ўрад Літвы закрываў апошнія пункты пропуску Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю.
Улады Беларусі пасьля закрыцьця Літвой мяжы забаранілі рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па краіне. Было абвешчана, што перавозьнікі, якія завязьлі на мяжы, павінны разьмясьціць свае транспартныя сродкі на спэцыяльных паркоўках і плаціць за гэта.
Пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, літоўскія фуры засталіся пад аховай на беларускіх памежных пераходах. Менск адмовіў Вільні ў магчымасьці іх вяртаньня.