Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі экс-прэм’ера Гарыбашвілі асудзілі на пяць гадоў зьняволеньня


Іраклі Гарыбашвілі, архіўнае фота
Іраклі Гарыбашвілі, архіўнае фота

У Грузіі былога прэмʼер-міністра і экс-лідэра цяперашняй урадавай партыі «Грузінская мара» Іраклія Гарыбашвілі прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў легалізацыі незаконных даходаў у асабліва буйным памеры.

Як паведаміла Генэральная пракуратура Грузіі, Гарыбашвілі заключыў угоду са сьледзтвам.

Апроч пазбаўленьня волі, яму прызначылі штраф у памеры аднаго мільёна лары (каля 370 тысяч даляраў). На карысьць дзяржавы таксама будзе канфіскаваная сума, «атрыманая ў выніку злачыннай дзейнасьці і канфіскаваная падчас ператрусу яго жылога дома», — шэсьць з паловай мільёнаў даляраў.

«Рэха Каўказу» са спасылкай на адваката піша, што былы прэмʼер Грузіі ўжо адпраўлены пад варту.

Паводле сьледчых, Гарыбашвілі, які займаў пасады міністра абароны і прэмʼер-міністра ў 2019-2024 гадах, як дзяржаўная службовая асоба, паводле закону «Аб барацьбе з карупцыяй» ня меў права ўдзельнічаць у прадпрымальніцкай дзейнасьці і атрымліваць даходы, акрамя зарплаты. Нягледзячы на гэта, Гарыбашвілі таемна займаўся бізнэсам і атрымліваў незаконныя прыбыткі.

Як сьцьвярджаецца, у дэклярацыях ён указваў ілжывыя зьвесткі, быццам штогод атрымліваў буйныя грашовыя падарункі ад члена сямʼі. Такім чынам ён спрабаваў узаконіць частку прыбыткаў — у памеры каля 300 тысяч даляраў, атрыманых ад удзелу ў прыватным бізнэсе.

Менавіта падчас прэмʼерства Гарыбашвілі Аляксандар Лукашэнка у красавіку 2015 году зрабіў першы афіцыйны візыт у Грузію.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG