Супрацоўніка амбасады Расеі ў Нікасіі на Кіпры 8 студзеня знайшлі мёртвым у яго кабінэце, паведамляе кіпрскі тэлеканал ANT1. Паводле каналу, паліцыя была паінфармаваная празь некалькі гадзін пасьля таго, як знайшлі цела.
Прадстаўнікі амбасады Расеі не пусьцілі ў кабінэт групу паліцыянтаў, якая прыбыла на месца, цела ім перадалі ў двары дыпмісіі. У амбасадзе паліцыянтам паведамілі, што сьмерць наступіла ў выніку самагубства і што супрацоўнік пакінуў перадсьмяротны ліст, але яго адправяць у Маскву.
Тэлеканал не называў імя дыплямата. Пазьней у тэлеграм-канале дыпмісіі зьявілася паведамленьне аб сьмерці супрацоўніка, названага «А.В. Панов». У ім таксама гаворыцца, што амбасада супрацоўнічае з уладамі Кіпру для вяртаньня яго цела на радзіму.
Паліцыя Кіпру раней таксама паведаміла, што 7 студзеня на востраве зьнік 56-гадовы былы дырэктар кампаніі «Уралкалий» Уладзіслаў Баўмгертнер. Паводле выданьня Philenews, апошні раз яго бачылі 7 студзеня, калі ён выходзіў з дому ў Лімасоле. Пра зьнікненьне Баўмгертнера паведаміў яго супрацоўнік.
Пошукі вядуцца ў прыбярэжным раёне непадалёк ад вёскі Пісура, дзе апошні раз быў зафіксаваны сыгнал яго мабільнага тэлефона. У іх бяруць удзел супрацоўнікі паліцыі, пошукава-выратавальныя групы і добраахвотнікі.
У 2003-2013 гадах Баўмгертнер быў камэрцыйным, а потым генэральным дырэктарам расейскай кампаніі «Уралкалий». Пазьней, з сакавіка 2017 году па кастрычнік 2021 году ён займаў пасаду генэральнага дырэктара кампаніі Alevo.
У жніўні 2013 году па абвінавачаньні ў злоўжываньні паўнамоцтвамі ён быў арыштаваны ў Беларусі, куды прыбыў для правядзеньня перамоваў са старшынёй беларускага ўраду Міхаілам Мясьніковічам. Баўмгертнер стаў самым высокапастаўленым расейскім топ-мэнэджэрам, узятым пад варту ў Беларусі ў найноўшай гісторыі.
Акалічнасьці затрыманьня ў аэрапорце перад вылетам у Расею, трохмесячнае знаходжаньне ў сьледчым ізалятары і пад хатнім арыштам у Менску, складаныя перамовы на высокім узроўні аб вызваленьні, прыцягнулі да лёсу бізнэсоўца значную ўвагу грамадзкасьці і СМІ. У лістападзе 2013 году Баўмгертнера перадалі Расеі.