Бо колькі прыпадае міліцыянтаў на аднаго мітынгоўца ў Менску? Ну, у лепшым выпадку, двое на аднаго. У скрайнім выпадку, калі гэта студэнтка-першакурсьніца ці 80-гадовы пэнсіянэр, тады двух грэнадзёраў будзе яўна замала. Тут трэба мінімум пяць самых загартаваных байцоў выпускаць. Ахвяраваць рэзэрвам.
Але ёсьць у краіне такія страшныя людзі, на якіх палююць дзясяткі міліцыянтаў, даішнікаў і супрацоўнікаў КГБ. Пэнсіянэр Віктар Дашкевіч. Які жыве ў Капыльскім раёне, у вёсцы Калодзезнае. І напярэдадні апазыцыйных акцыяў адчувае на сабе ўвесь ціск КГБ БССР.
У 2010 годзе 19 сьнежня Дашкевіч быў на Плошчы. Затым адбыў свае суткі. І стаў на асаблівым уліку ў раёне. Капыльскі міліцыянт так яму і сказаў: «Дзякуй богу, што ты такі ў раёне адзін. Было б болей, мы б ня ведалі, як справіцца. А так, аднаго…»
Аднойчы, напярэдадні чарговай акцыі, на якую Дашкевіч ехаць зусім не зьбіраўся, за ім ужо сачылі органы. У той дзень у Капылі адбываўся кірмаш, куды і намерваўся зьезьдзіць Віктар. Да яго раніцай заехаў брат. Мужчыны селі ў машыну. Калі выяжджалі зь вёскі на трасу, заўважылі міліцэйскі легкавік. Віктар прыгнуўся, каб быць незаўважаным. І такім чынам разьмінуліся зь міліцыянтамі.
Уяўляеце, які супэр-агент супрацьстаіць спэцслужбам Капыльшчыны? Крыху прыгнуўся і выскачыў з пасткі. Але ж які дэтэктыў без пагоні? Праваахоўнікі пад’ехалі пад вароты. Даведаліся, што гаспадара няма дома. І далі па газах. Разварочваліся на вясковай вуліцы як дрыфтэры. Падчас віражу даўбануліся ў калодзеж. Ды так, што прабілі бэтоннае кальцо. На памятым аўто працягнулі пагоню і дагналі нашых герояў каля Капыля. Спынілі. Абшукалі салён і багажнік. Маўляў, было паведамленьне пра небясьпечныя грузы. Нічога не знайшлі. І проста селі на хвост.
Затым было доўгае кружляньне па Капылі. Зь неадступным хвастом. Потым нашы героі пакінулі машыну ў адным з двароў, і за ёй яшчэ колькі гадзін сачылі мужныя міліцыянты. Дашкевіч пашпацыраваў па кірмашы, пасьля пайшоў да брата ў госьці. Таму колькі міліцыянты «осуществяли наблюдение» ў тым двары, невядома. Цікава, на якой гадзіне да іх дайшло, што аб’ект у Менск не паедзе?
А яшчэ цікавей, колькі чалавека-гадзін пайшло на гэтую спэцапэрацыю? Колькім супрацоўнікам КГБ і байцам міліцыі адзін грамадзянін дае працу і шанец для службовага росту? Колькі кар’ер можа ўзьняць угору адзін прыкметны грамадзянін. А як, напэўна, цікава, весела і бясьпечна гуляцца ў супэрагентаў.
Цяжка ўявіць, што яны ўсе адчувалі вясной. Калі плошчы раённых гарадоў запоўніліся новымі, незнаёмымі і нядобразычлівымі тварамі. Шок? Ступар? Страх? Адчай? Але наўрад ці радасьць ад аб’ёму будучай работы.
Прабітае бэтоннае кальцо мясцовыя ўлады нядаўна адрамантавалі. Пад чуткім кіраўніцтвам начальніка ДАІ прывезьлі новае і замянілі. Яшчэ і прабачэньня папрасілі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.