Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1254 новых асуджаных, два палітвязьні памерлі. Праваабаронцы ацанілі маштабы рэпрэсій у 2025 годзе


Турма ў Менску. Архіўнае фота
Турма ў Менску. Архіўнае фота

«Нязьменна цяжкай» назвалі праваабаронцы «Вясны» сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, калі прааналізавалі вынікі 2025 году ў аналітычным дакладзе. Яны ня згодныя зь меркаваньнем пра аслабленьне рэпрэсій у мінулым годзе.

«Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да іншадумцаў, удзельнікаў пратэстных ініцыятыў, журналістаў і праваабаронцаў», — зазначаюць у «Вясьне» і прыводзяць лічбы, якія сьведчаць пра няспыннасьць рэпрэсій: ня менш за 1 254 чалавекі, зь іх 355 жанчын былі асуджаныя летась. На канец 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзіўся 1 131 палітвязень (зь іх 167 — жанчыны), падлічылі праваабаронцы.

У «Вясьне» адзначаюць, што палітычных зьняволеных у месцах няволі ўтрымліваюць у асабліва жорсткіх умовах, пад строгім кантролем. Цягам мінулага году ў калёніях загінулі два палітвязьні — Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны. Паводле «Вясны» агулам з 2020 году дзевяць палітвязьняў памерлі ў калёніях і СІЗА.

Пры гэтым у «Вясьне» адзначаюць, што 2025 год стаў годам, калі кардынальна зьмяніліся ўмовы збору зьвестак пра рэпрэсіі: улады прыхоўваюць зьвесткі пра палітычна матываваны перасьлед і перашкаджаюць дзейнасьці збору такіх дадзеных.

У аналітычным дакладзе «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025» годзе «вясноўцы» не прыйшлі да высновы пра зьніжэньне ўзроўню рэпрэсій у Беларусі.

«Улады працягваюць і чаргуюць перасьлед удзельнікаў пратэстных выступаў, іншадумцаў, прыхільнікаў альтэрнатыўнай дэмакратычнай палітыкі, праціўнікаў расейскай агрэсіўнай зьнешняй палітыкі, салідарных з рэпрэсаванымі, не робячы адрозьненьняў па сацыяльным становішчы, полу і ўзросту», — зазначаецца ў справаздачы «Вясны».

Паводле праваабаронцаў, надзеі «на хуткае скарачэньне рэпрэсій, вызваленьне палітвязьняў у абмен на скарачэньне санацыйнага ціску, агучаныя прадстаўнікамі амэрыканскай дыпляматыі ў пачатку 2025 году, не апраўдаліся».

Праваабаронца, былы палітзьняволены Леанід Судаленка ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што пакуль не даводзіцца казаць пра паслабленьне рэпрэсій у Беларусі.

«Якое паслабленьне, калі зноў за год больш за тысячу, а дакладна 1254 абвінаваўчых прысудаў вынесена паводле паводле яўна палітычных справаў! Рэпрэсіі не спыняюцца і нават не аслаблі. Іншая рэч, што за год адбылося некалькі заўважаных вызваленьняў палітвязьняў. Больш за сто палітвязьняў, у тым ліку вядомыя асобы, апынуліся за мяжой — гэта немагчыма не вітаць. Але гэта не зьмяніла агульную сытуацыю з тым, як у краіне ставяцца да свабодаў, да правоў чалавека.

Па-ранейшаму як толькі раздаецца нейкі дэмакратычны голас, дык адразу па яго зьяўляюцца спэцслужбы і любы чалавек — журналіст, праваабаронца, просты грамадзянін з асобным меркаваньнем — аказваецца за кратамі. Прыкмет паляпшэньнем сытуацыі з правамі чалавека асабіста я не бачу ды і не чакаю такога паслабленьня ад дзейнай улады. Нядаўна Лукашэнка на адной з нарадаў гэтак і сказаў, што ад падаўленьня іншадумства адыходзіць не зьбіраецца. І мы бачым, што не адыходзяць», — сказаў праваабаронца Леанід Судаленка.

У якасьці прыкладу Леанід Судаленка спаслаўся на вялікія лічбы арыштаваных па гэтак званай справе «Беларускага Гаюна», затрыманьні па якой працягваюцца.

«Па маіх зьвестках толькі ў Гомельскай вобласьці ўжо сотні арыштаваных па гэтай справе, а па ўсё краіне ў СІЗА зноў і зноў трапляюць беларусы ўсяго за фотаздымак, камэнтар альбо данат. Калі б улады хацелі спыняць рэпрэсіі, дык гэтых новых хваляў не было б. Але не — помста і запалохваньне застаюцца іх мэтай, да грамадзянаў зь іншым меркаваньнем па-ранейшаму ставяцца як да ворагаў і гэтага не хаваюць», — лічыць Леанід Судаленка.

Праваабаронца прызнаў, што летась абвінавачаным паводле «палітычных» артыкулаў часьцей сталі прысуджаць «хімію» замест калёніі, але такія выракі ён таксама ня лічыць паслабленьнем рэпрэсій.

«Хімія» у маральным пляне часта нават больш цяжкае пакараньне, чым калёнія. Мне даводзілася сустракаць у калёніі былых «хімікаў», якіх за парушэньне рэжыму адпраўлялі за краты, і яны пра гэта расказвалі. Што маральна вельмі цяжка, бо прыгнятаюць бясконцыя праверкі, што заўсёды вісіць пагроза патрапіць у няволю. І пасьля «хіміі» чалавек не стане цалкам вольным: яго гэтак сама заносяць у сьпісы экстрэмістаў і тэрарыстаў, яму не дастанецца добрая праца, часьцей увогуле ніякая не дастанецца. Таму калі гучаць галасы, што «хімій» сярод прысудаў стала больш і гэта нібыта паслабленьне рэпрэсій — дык я ня згодны. Гэта не паслабленьне рэпрэсій, а пашырэньне атмасфэры страху ў грамадзтве, бо з «хімікам» кантактуе больш людзей, на якіх гэта ўзьдзейнічае як прыклад таго, што лепш маўчаць і не высоўвацца», — мяркуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Паводле агляду праваабаронцаў «Вясны» ім за 2025 год паведамілі пра 2 384 выпадкі крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, што сьведчыць пра нязьменна вялікі памер гэтак званых «схаваных рэпрэсій».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG