Як паведаміў «Позірк», пастанову «аб завяршэньні ліквідацыйнай вытворчасьці» вынес судзьдзя Аляксандр Ханеўскі, які абавязаў прызначанага раней антыкрызісным кіраўніком прадпрымальніка Руслана Куліча «закрыць банкаўскія рахункі даўжніка».
Пастанова магла быць абскарджаная ў апэляцыйнай інстанцыі на працягу 15 дзён з моманту прыняцьця, але няма інфармацыі пра тое, што гэта было зроблена, паведамляе «Позірк».
Паводле зьвестак «Позірка» крэдыторамі адносна БелаПАН былі прызнаныя Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама інспэкцыя Міністэрства падаткаў і збораў Першамайскага раёна Менска і філіял «Белдзяржстраху» па Менску. Падаткавікі патрабавалі ад кампаніі БелаПАН 521.617 рублёў 97 капеек, страхавальнікі — 8.417 рублёў 25 капеек. З улікам пэнсійнага фонду набегла агульнай «запазычанасьці» 1.143.028 рублёў 11 капеек (плюс 400 рублёў дзяржпошліны). Гэтыя грошы судзьдзя Аляксандр Ханеўскі пастанавіў спагнаць з Андрэя Аляксандрава і Дзьмітрыя Наважылава, агулам на дваіх — больш за мільён рублёў у дадатак да штрафаў паводле прысуду Менскага абласнога суду ад 2022 года (Аляксандраву — 1000 базавых велічынь, Наважылаву — 700).
Hашэньне аб ліквідацыі БелаПАН Эканамічны суд Менска прыняў 1 лютага 2024 году.
Па «справе БелаПАН» у студзені 2021 года былі затрыманыя экс-намесьнік дырэктара кампаніі БелаПАН Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна, праз паўгода — два дырэктары БелаПАН — Дзьмітрый Наважылаў, які заняў гэтую пасаду ў канцы 2018 года пасьля сьмерці заснавальніка кампаніі Алеся Ліпая, і Ірына Леўшына, якая ўзначальвала БелаПАН да арышту 18 жніўня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 года судзьдзя Менскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка пакараў Наважылава на 6 гадоў пазбаўленьня волі па ч. 1 арт. 3611 (Стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня) і ч. 2 арт. 243 (Ухіленьне ад выплаты падаткаў у буйным памеры) Крымінальнага кодэксу, Леўшыну — да чатырох гадоў зьняволеньня па ч. 1 арт. 361. Леўшына выйшла на свабоду 7 сьнежня 2024 г., Наважылаў павiнен вызвалiцца 7 сьнежня 2026 г.
Андрэй Аляксандраў быў асуджаны да 14 гадоў зьняволеньня, ягоная жонка Ірына Злобіна, якая ня мела дачыненьня да кампаніі БелаПАН, была асуджаныя на 9 гадоў, як і ён паводле абвінавачаная ў «здрады дзяржаве» (арт. 356) і «падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках» (ч. 2 арт. 342).
- Беларуская інфармацыйная кампанія БелаПАН была заснаваная ў 1991 годзе журналістам Алесем Ліпаем, які памёр у жніўні 2018 году.
- У пачатку лістапада 2021 году КДБ унесла БелаПАН у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў».
Хто такі Андрэй Аляксандраў
Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў межах іхнай справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Спачатку Аляксандрава абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 30 чэрвеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачаньне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
- Андрэй Аляксандраў нарадзіўся 27 студзеня 1978 году ў Ніжнім Тагіле.
- Дзяцінства прайшло ў Паставах. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».
- У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
- Вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане.
- Быў штатным супрацоўнікам міжнародных праваабарончых журналісцкіх арганізацыяў Index on Censorship і Article 19. Але вярнуўся ў Беларусь.
- У 2015–2018 быў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля працаваў у агенцтве мэдыякансультантам на дамове.
- Андрэй любіць футбол (заўзее за «Лівэрпуль»), літаратуру, піша вершы.
Форум