Камень усталяваны на месцы былых габрэйскіх могілак па вуліцы Сухой. Памятны камень стаў дзявятым у мэмарыяльным комплексе.
Цырымонія была прымеркаваная да гадавіны першай дэпартацыі з Брно ў Менск у гады Другой сусьветнай вайны. Рада горада Брно абвясьціла 2015-ты Годам прымірэньня з нагоды 70-годзьдзя заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Кіраўніцтва горада падтрымала ініцыятыву габрэйскай абшчыны аб устаноўцы помніка.
З шасьці тысяч габрэяў Брно, дэпартаваных у Менск, выжыла ўсяго дзевяць чалавек. Рэалізацыя праекту па ўсталяваньні памятнага каменю зь беларускага боку была арганізаваная Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханэса Рау.