Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавыя перамовы Беларусі й Расеі: прамежкавыя вынікі


Валер Каліноўскі, Менск

Удзельнікі: нядаўні супрацоўнік Мінэнэрга Беларусі, а цяпер незалежны спэцыяліст ў галіне энэргетыкі Валянцін Мацкевіч і кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Валер Каліноўскі: ) “Перамовы па спрэчных газавых пытаньнях паміж расейскім і беларускім урадамі, паміж “Газпромам” і “Белтрангазам”, што пачаліся летась, дасягнулі пакуль што толькі прамежкавага этапу. Дабіваючыся выкупу кантрольнага пакету акцыяў “Белтрансгазу” “Газпромам”, расейскі бок адмовіў Беларусі ў ільготных коштах на газ, бакі не змаглі падпісаць кантракту на пастаўку газу беларускім спажыўцам у 2004 годзе, і фармальна цяпер Беларусь купляе газ у незалежных пастаўшчыкоў “Ітэры” і “Транснафты” па рынкавым кошце — 47 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў газу.

Пераход на рынкавыя цэны адбыўся насуперак жаданьню беларускага боку, але тут, як бачым, яго згоды ўжо і не пыталіся. З просьбай ацаніць гэтую сытуацыю я зьвяртаюся да Валянціна Мацкевіча. Спадар Валянцін, вы нядаўна яшчэ працавалі на адказнай пасадзе ў Міністэрстве энэргетыкі, у вас там засталіся калегі і сябры, скажыце, як успрымаюць ва ўрадавых структурах гэткі паварот справаў — яны што, не чакалі такой напорыстасьці з боку расейскага ўраду і “Газпрому”?”

(Валянцін Мацкевіч: ) “Вы правільна сказалі, што яны не былі гатовыя да такой жорсткасьці, і цяпер склалася такая сытуацыя яшчэ больш складаная. Складанасьць яе ў тым, што ёсьць вялікая няпэўнасьць далейшага: невядомыя ні кошты на газ, ні аб’ёмы паставак. На гэты час пакуль заключаюцца дамовы з “Ітэрай” і “Транснафтай”, але зразумела, што галоўны пастаўшчык — гэта “Газпром”, ён кіруе ўсім працэсам. Беларускі бок выявіў і непадрыхтаванасьць, ён меў усё ж такі спадзеў, што на нейкім этапе будзе дамоўленасьць. Але гэтага не адбылося”.

(Каліноўскі: ) “Спадзяваліся, што на нейкім этапе Пуцін і Лукашэнка ўмяшаюцца і ўсё павярнуць на старыя рэйкі?”

(Мацкевіч: ) “Ну, напэўна так. Гэта была спадзеўка на тое, што і раней перамовы йшлі цяжка, ня так проста (гэта ўсё ж такі складаныя эканамічныя падлікі), але на нейкім этапе знаходзіўся агульны інтарэс, і нейкім чынам бакі падыходзілі да агульнай рысы. У дадзеным выпадку гэта абумоўлена ўсё ж такі жорсткай пазыцыяй Расеі, і гэта было не зусім чакана для беларускага ўраду”.

(Каліноўскі: ) “Пытаньне кіраўніку дасьледчага цэнтру Мізэса Яраславу Раманчуку. У.Пуцін з нагоды інтэграцыйных праблемаў неяк выказаў думку, што Расея, маўляў, і так зашмат чаго раздала раней, і цяпер яна нічога ня будзе аддаваць, а будзе толькі браць сабе. Бачна, што расейскі ўрад і “Газпром” у прыватнасьці на справе рэалізоўваюць гэты падыход. Тым ня менш, былі прыклады больш удалых перамоваў са спадарамі Касьянавым і Мілерам, якія праводзіў, напрыклад, колішні ўкраінскі прэм’ер Віктар Юшчанка. Дарэчы, вырашальны раўнд гэтых перамоваў праходзіў у Менску падчас аднаго з самітаў СНД. У выніку і цяпер Украіна большую частку патрэбнага ёй газу мае за кошт расейскага транзыту праз сваю тэрыторыю. Чаму беларускаму кіраўніцтвау не ўдалося паўтарыць гэткага посьпеху Юшчанкі?”

(Яраслаў Раманчук: ) “Перш за ўсё пазыцыя Ўкраіны больш рынкавая і больш самастойная. Яна ніколі так не гуляла ў інтэграцыю і не падпісвала ніякіх дамоваў, якія потым не выконвала. У чым прычына такой жорсткай пазыцыі “Газпрому”? Гэта ж беларускі бок падпісаў дамовы аб тым, што да 1 ліпеня будзе створанае сумеснае прадпрыемства, гэта беларускі бок браў на сябе нейкія абавязкі, якія паступова на працягу 2003 году не выконваў. І вось адносна тэзы, што расейскі бок будзе толькі браць, а беларускі будзе аддаваць, я хачу не пагадзіцца, бо менавіта беларускі бок без дазволу канфіскоўвае маёмасьць, што ідзе транзытам празь Беларусь, чым ужо абураліся амбасадары Расеі й Нямеччыны.

І калі б была нейкая прэмія Робіна Гуда ў сёньняшняй Эўропе, то безумоўна, Беларусь, як у Шэрвудзкім лесе, заняла б першае месца. Таму што канфіскавана тавараў больш чым на 200 мільёнаў даляраў. І калі гэтае газавае пытаньне абмяркоўвалася на адным з паседжаньняў ураду разам з прэзыдэнтам, то ён казаў: што вы там баіцеся за новыя кошты на газ, ну вось, канфіскуем з 20–40 фураў з дарагой тэхнікай, і ўсе гэтыя затраты мы пакрыем. Гэтае пытаньне настолькі палітызаванае…”

(Каліноўскі: ) “Спадар Мацкевіч, вы не пагаджаецеся?”

(Мацкевіч: ) “Я тут у многім не пагаджаюся са спадаром Яраславам. Тое, што гэта беларускі бок выйшаў на гэтае пагадненьне ў газавай галіне, тут цяжка пярэчыць, ініцыятыва была сапраўды беларускага боку, але відавочна, што яно было ўзаемавыгаднае. Канечне, сёньня я б увогуле не ставіў бы пытаньня, калі б адкруціць на два гады назад, гэтае пытаньне ўвогуле ня трэба было б уздымаць. Таму што прыватызацыя газавай і энэргетычнай галіны ўвогуле павінна адкладвацца на больш позьнія тэрміны. Першапачаткова яна павінна ісьці ў іншых галінах — у прамысловасьці і гэтак далей. Калі энэргетыка зойдзе наперад, яна паставіць у складаныя ўмовы сваімі коштамі прадпрыемствы.

Але калі гэтая дамова была заключаная, то яна беларускім бокам выконвалася дасканала. Юрыдычна нават ніхто не паставіў пытаньня пра тое, што гэтае пагадненьне не працуе. Тут, канечне, быў дадзены козыр Расеі, і ў гэтых інтэграцыйных працэсах Расея зайшла настолькі ў гэтых гульнях далёка, ня толькі Беларусь, але і Расея, і Расеі падавалася, што Беларусь ужо ў кішэні. Апынулася, што гэта ня так, што прэзыдэнт Лукашэнка — сувэрэнны самастойны ўладар, які адстойвае нацыянальныя эканамічныя інтарэсы Беларусі. Я так лічу: сёньня ніякім чынам нельга аддаваць Расеі кантрольны пакет над гэтай галіной”.

(Каліноўскі: ) “Спадар Раманчук, вы пагаджаецеся з апошнімі тэзамі Валянціна Мацкевіча?”

(Раманчук: ) “Я не пагаджуся са спадаром Валянцінам у тым, што Лукашэнка адстойвае нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ён адстойвае свае прыватныя інтарэсы, якія не супадаюць з інтарэсамі Беларусі. І калі Расея праводзіць тут нейкую палітыку, то яна гэта робіць у рамках тых дакумэнтаў, які падпісваў беларускі бок і спадар Лукашэнка. І калі ён сёньня гаворыць адно, а заўтра другое, альбо два гады таму казаў адно, а цяпер іншае, то я зусім не пагаджаюся, што гэтым ён адстойвае інтарэсы Беларусі. Таму што гэтая цэнавая палітыка і палітыка, якую ён праводзіць ня толькі ў галіне энэргетыкі, яна безумона шкодзіць як рэальнаму сэктару, гэтак і насельніцтву. Што тычыцца прыватызацыі, што прыватызаваць перш за ўсё: альбо энэргетыку з газам альбо прамысловасьць, то, безумоўна, ні ў адной з 27 пераходных краінаў Усходняй Эўропы не пачыналі прыватызацыю з энэргетычнага комплексу, а пачыналі з гандлю, з малой прыватызацыі, з нейкіх іншых рэчаў.

Але тут справа і ў тым, наколькі падрыхтаванае гэтае пытаньне, ці ёсьць інфармацыя, колькі гэта каштуе, у якой прававой інфраструктуры дзейнічае наш газавы комплекс, энэргетычны комплекс. Я сёньня выступаю не за тое, каб заўтра прыватызаваць гэтыя галіны, ня толькі таму, што гэта пашкодзіць нейкім эканамічным альбо энэргетычным інтарэсам Беларусі і бясьпекі Беларусі, а і таму, што калі мы ня маем закону нармальнага, судовай сыстэмы, не забясьпечаная празрыстасьць прыватызацыі, то прыватызацыя па-лукашэнкаўску альбо па-сёньняшняму прывядзе да таго, што тое, што можна было прадаць за тры мільярды даляраў, можа быць прададзена за шасьцісот мільёнаў ці мільярд. І такім чынам Беларусь страціць вельмі шмат грошай.

І тут я бы хацеў папярэдзіць і расейскі бок, што калі гэта будзе зроблена вось так кулюарна, па дамоўленасьці з адным чалавекам, то рана ці позна Беларусь стане дэмакратычнай дзяржавай і парлямэнт краіны, выбраны народам на дэмакратычных выбарах, можа паставіць пад сумнеў вось такія дамоўленасьці, і гэтыя ўгоды па прыватызацыі могуць быць прызнаныя несапраўднымі. І такім чынам тут расейскі бок таксама рызыкуе”.

(Мацкевіч: ) “Рэч у чым, спадар Яраслаў, якраз у тых патрабаваньнях, якія ставіць “Газпром”. Яны ўвогуле непрымальныя. Яны ня хочуць гарантаваць доўгатэрміновых аб’ёмаў паставак газу, як гэта зроблена для Нямеччыны на 20 гадоў”.

(Раманчук: ) “Заплаціце па 80 даляраў за тысячу кубамэтраў, і яны падпішуць”.

(Мацкевіч: ) “Не, у іх умовах гэта нават не пералічваецца, яны гэта адмаўляюць. Далей. Сэнс прыватызацыі любога прадпрыемства ў разьвіцьці, ва ўкладаньні грошаў. Якраз гэты пункт зноў жа адмаўляецца “Газпромам”. Фактычна ідзе як бы ў палітычнай плоскасьці: як казаў Чубайс, аддайце ўласнасьць. Гэта перанос расейскай схемы прыватызацыі на Беларусь. Іхныя падыходы — бальшавіцкія. У іх справа ў асноўным ідзе аб размеркаваньні”.

(Каліноўскі: ) “Тым ня менш, галоўны вынік гэтых газавых перамоваў Беларусі й Расеі на дадзены момант — пераход да рынкавых цэнаў на газ для Беларусі, правільней, вяртаньне да іх, бо Беларусь даўней ужо плаціла за газ паводле рынкавых коштаў. Што значыць гэта для беларускай эканомікі, для прадпрыемстваў і для шараговых грамадзянаў, як паўплывае гэта на дзяржаўны бюджэт і на сямейныя кашалькі?”

(Раманчук: ) “Калі ўздымаецца кошт на газ, то ўздымаецца кошт на вельмі многія іншыя рэчы. Прадпрыемствы ўжываюць газ, гэта выкліча падвышэньне сабекошту іх прадукцыі, і такім чынам можна прадказаць, што канкурэнтаздольнасьць беларускіх прадпрыемстваў будзе зьменшаная. Гледзячы на тое, што людзі, насельніцтва плацяць і так 165% ад сабекошту газу, то тут, мяркую, вельмі такая сацыяльна небясьпечная сытуацыя будзе, калі сёньня ўрад пойдзе на тое, каб яшчэ павялічыць да 200%, таму што нельга выцягнуць усяго імпарту газу за кошт насельніцтва.

Безумоўна, урад павінен павялічыць кошт газу для прадпрыемстваў. А калі прадпрыемствы і так ня маюць абаротных сродкаў, калі і так іх рэнтабэльнасьць складае да 10%, калі яны і так ўзялі больш як трыльён рублёў на выплату зарплаты, то гэта безумоўна прывядзе да таго, што яшчэ больш прадукцыі будзе асядаць у сховішчах, праблемы з выплатай зарплаты павялічацца”.

(Мацкевіч: ) “Я таксама не зусім аптымістычны, атрымліваецца так, што фактычна вялікі кошт на газ (я не магу пакуль сказаць што рынкавы, падвышэньне кошту яшчэ ня значыць, што ён стаў рынкавым), але фактычна гэта паказвае, што павінны прайсьці эканамічныя зьмены. Але пакуль наш урад на гэты момант ня мае такога адчуваньня, што танны газ ужо скончыўся, што трэба нешта рабіць, ісьці ў эканоміцы далей зьмяняць заканадаўства, даваць волю малому бізнэсу, як бы павярнуцца на 180 градусаў. І гэта вельмі мяне хвалюе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG