Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рытуал родаў


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Ракіцкі: ) “Ёсьць у жыцьці кожнага, абсалютна кожнага чалавека, адна падзея, для яго самая важная, абавязковая і часам няпростая. Толькі ня дадзена нам памятаць пра гэтую падзею і ўжо аніяк не паўтарыць яе. І ёсьць гэтае дзіва – і сапраўды дзіва! – нашае нараджэньне на сьвет, роды. Момант, гадзіна, дзень, а столькі вакол яго і сьвятасьці, і страху, і болю, і таямніцы… Можа, многія слухачкі, прайшоўшы праз сучасныя радзільныя дамы, перажыўшы доўгіх дзевяць месяцаў трывог і чаканьня, скептычна ўсміхнуцца: падумаеш, сьвятасьць, але з тым, што гэта таямніца, пагодзяцца ўсе. І асабліва мужчыны. Нам ня дадзена нараджаць... Пакінуўшы ў баку чыста мэдычныя аспэкты родаў, паспрабуем прыадчыніць міталягічную сутнасьць чалавечых народзінаў, прасачыць сымбалічныя сэнсы тае містэрыі, якою ёсьць роды”.

(Валодзіна: ) “Архаічная сутнасьць сэмантыкі родаў палягае ў атаесамленьні іх з дарогай, той дарогай, якую пераадольвае маленькі пасланец засьветаў да нас, да людзей. Сама жанчына паўстае як разабранае на часткі топасу цела, зь якога, як з элемэнтаў хаосу, зьяўляецца новая касьмічная адзінка – чалавек”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем – этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.
Дык як жа раджалі беларускія жанчыны ў мінулым?”

(Валодзіна: ) “Можна сказаць, што да другой усясьветнай вайны абсалютная большасьць жанчын нараджала дома. Дапамагала ім у гэтым бабка-павітуха, далёка не заўсёды спрактыкаваная ў падобных дзеях. Часьцей за ўсё роды старанна хаваліся, верылі, што чым больш людзей пра гэта ведае, тым даўжэй і больш давядзецца пакутваць радзісе. Ну а нараджалі ў трох асноўных пазыцыях: лежачы на сьпіне з разведзенымі нагамі, седзячы на каленях у мужа і стоячы. Стоячы і трымаючыся рукамі за замацаваны за столь ручнік. Такі звычай у сёньняшнія дні запісаў Генадзь Лапацін на Веткаўшчыне:

“Вот мне раджаць прыперла. Свякруха выцягвае стол, знімае вікону, хоць Мацер Божую, калі німа “Неўталімай Купіны”. Стол станове, усе транты з цябе скідае – юбкі, андаракі, рубашкі былі з каўнярамі – усё скідае, паводзіць вакол стала, пацалуіш вікону… прывязала, во, брус, каля бруса гвоздзь быў бальшы, не адна ж я была нявестка, а дзве ці колькі, зацаплівае аборку, тут табе пастанове, і, як нажымаеш, бярэш за вяроўку, штоб не павалілась, цянеш і крычыш не сваім матам”.

У дадзеным апісаньні вылучаецца ваджэньне вакол стала, што як бы інсцэнуе зьяўленьне дзіцяці на сьвет, што на мініроўні можа чытацца як рух плоду ў мацярынскім лоне, а на максіроўні – як пераадоленьне дзіцем мяжы між двума сьветамі”.

(Ракіцкі: ) “Мае значэньне, відаць, і такое распрананьне жанчыны?”

(Валодзіна: ) “Перад тым як раджаць, разьвязвалі ўсе вузлы, маніста здымалі і персьні, распляталі косы. Разьвязвалі паясы і расшпілялі каўняры ўсе прысутныя. Акрамя таго, трэба заслонку адчыніць, і дзьверы, і правесьці яе праз парог, праз градкі, праз вуліцу. Сэнс гэтых звычаяў у пазбаўленьні жанчыны ўсіх культурна-сацыяльных характарыстык, вызваленьні прадукавальных сілаў. Рытуалы кіраваліся на тое, каб адкрыць цела ўсімі магчымымі сродкамі”.

(Ракіцкі: ) “Калі расплятаньне косаў і здыманьне бранзалетаў тут зразумелае, дык пры чым жа дзьверы ды заслонка?”

(Валодзіна: ) “Тут яшчэ раз яскрава адбіваецца сымбалічны паралелізм паміж рознымі роўнямі Сьвету. Цела чалавека сымбалічна раўнуецца да посуду, касьцюму, жыльлю, да самога Космасу. Наглядна ўзаемныя праекцыі мікра– і макракосмаў, аналёгіі між целам чалавека і элемэнтамі ляндшафту, топасу дэманструюць замовы. Максымальнае раскрыцьцё цела кадуецца ляндшафтавымі аналёгіямі: “Гара, разайдзіся, камень, раскаціся, жалеза, растапіся, шкло, разьбіся, вада, разьліся, дубок, разьвейся, младзенец, на гэты свет зьявіся”.

“Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай маці пакланюся. Прачыста Божа маці з прастола ўставала, рабе божай Тацяне дзіцятка адмаўляла, сустаўчыкі адмыкала. Божа маці да цэркаўкі ішла, залатыя ключы нясла, срэбныя замочкі адмыкала, царскія вароты адчыняла. Вы, замочкі, адмыкайцеся, царскія вароты, адчыняйцеся, маладзец маленькі, на гэты свет з'явіся”.

Як і ў замове, у цяжкіх выпадках старэйшы ў сям'і мужчына просіць сьвятара расчыніць царскія вароты ў царкве: тады i “нованараджэнцу” адчыняцца вароты мацярынскага ўлоньня”.

(Ракіцкі: ) “Апошнім часам пішуць, расказваюць пра тое, што ў радзільных палатах дазваляюць прысутнічаць мужу. Праўда, ахвотнікаў пакуль ня так і многа, але ж… А ў традыцыі агаворваўся ўдзел мужчыны ў родах? Калі так, то ў чым гэта выяўлялася?”

(Валодзіна: ) “Хаця роды – справа жаночая, удзел мужчыны бралі. Ня ўсюды гэта, аднак, дазвалялася. У асобных вёсках верылі нават, калі муж ці хто зь сямейнікаў будзе прысутнічаць тут, жанчыне будзе цяжэй раджаць. У іншых выпадках муж заставаўся і выконваў загады бабкі: што-небудзь прынесьці, падтрымаць, дапамагчы. Часам жонка раджала, седзячы на каленях у мужа і павярнуўшыся да яго сьпіной. Аднак, з аповядаў вясковых жанчын і з этнаграфічнае літаратуры вядома і пра сымбалічны ўдзел бацькі ў родах. Такая традыцыя вядомая многім народам сьвету і носіць назву кувады.

Вылучаюць два віды кувады. Пры адным зь іх муж трывае пакуты па-за сваёй воляй. Прычыніць яму боль можа як радзіха, так і бабка. З расказаў інфармантаў вядома, што бабка прывязвала нітку адным канцом радзісе да рукі, а другім – да прычыннага месца мужчыны. Пры кожнай схватцы боль перадаваўся і мужу. З выказваньняў аднаго такога пакутніка з Маларыцкага раёну:

“Ужэ нэ буду більш дыты прыжываты, бо тежко родыты. Ты много родыла, а я толькі однэ, і то чуть нэ вмэр”.

(Ракіцкі: ) “Для падобных дзеяў і ня трэба магічных здольнасьцяў, толькі фантазія. Дзе ж тут міталёгія і магія?”

(Валодзіна: ) “У тым, што пакуты маглі пераносіцца на бацьку адно толькі сілай слова. У Жабінкаўскім раёне расказваюць пра бабку, якая праз малітву дасягала таго, што хварэў муж, а ня жонка. Чалавек падае, на каленях лазіць, а жонка прывядзе дзяціну і сьмяецца. Ну, а другім відам кувады было добраахвотнае выяўленьне мужам родавых пакутаў. Калі роды зацягваліся, ён клаўся на падлогу ля жонкі, стагнаў, крычаў, тая пераступала праз яго.

У адной зьбеларускіх легендаў ідзе гаворка нават пра тое, што раней кожны з мужоў дапамагаў сваёй жонцы:

“Кажуць, калісьці былі чарадзеі. Перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты, ішоў у пушчу і там крычаў і біўся аб дрэва. А жонкі раджалі лягчэй, а мужчыны. кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе. Потым, як заўсёды, ад гатага засталася адна абалонка. Ніхто амаль не ўмеў “браць на сябе”, але ў пушчу ўсё адно ішлі”.

(Ракіцкі: ) “Ну, а сэнс бацькоўскіх “родаў” – у чым? Толькі ў спагадзе да жонкі? Ці ў культуры ім надаваўся іншы сэнс?”

(Валодзіна: ) “Несумненная тут псыхалягічная падтрымка жанчыны. Акрамя таго, такія своеасаблівыя “роды” бацькі гарантавалі законнасьць дзіцяці, падкрэсьлівалі, што гэта ягонае дзіця, біялягічнае сваяцтва пацьвярджалася рытуалам. Але многа больш пажаданай у час родаў была ўсё ж прысутнасьць бабкі, прычым, гэтаксама і з чыста рэальнай неабходнасьці ў дапамозе, і з сымблічных варункаў”.

(Ракіцкі: ) “Дапамога яе натуральная, відаць, бабка выконвала функцыі сучаснай акушэркі. А ў чым жа сымболіка?”

(Валодзіна: ) “Ужо нават выбар бабкі строга рэглямэнтаваўся. Мусіла гэта быць жанчына “чыстая”, што азначае найперш яе няздольнасьць ужо да дзетанараджэньня, а таксама маральныя якасьці і аддаленасьць ад сфэры сьмерці. Так, яна не хадзіла абмываць нябожчыкаў ці плакаць па іх. Важна тое, што бабка выконвала ролю правадніцы маленькага чалавека з аднаго сьвету на другі, выступала ў ролі мэдыятара, забясьпечвала правільнасьць самога рытуалу родаў. А гэта ў далейшым спраграмуе долю дзіцяці і нават адкарэктуе ягоны зьнешні выгляд”.

(Ракіцкі: ) “І як гэта яна рабіла?”

(Валодзіна: ) “Найперш рэкамэндавалася прымаць дзіця ня голымі рукамі, а на тканіну, каб дзіця не было голым, г.зн. бедным. І прымаць хлопчыка, скажам, у бацькаву кашулю, а дзяўчынку – у матчыну спадніцу. Бо калі наадварот, то будуць надта ахвочымі да процілеглага полу.

“Пуп бабка адразала хлопчыку на дубовай дошцы, каб моцны быў як дуб, альбо на сякеры, каб прыдатны да мужчынскіх заняткаў, ну а дзяўчынцы – на жаноцкім начынні: верацяне, прасліцы. А хто і кніжку падкладаў. Гэта каб разумныя былі.Як родзіцца дзевачка, та хутчэй выводзяць з стайні коней, на каняку садзіцца дзяцюк і гарцуе па дарозе, каб тая дзевачка, як вырасьце, хутчэй пайшла замуж”.

(Ракіцкі: ) “Гэта для долі. А для зьнешняга выгляду?”

(Валодзіна: ) “Бабка прыгладжвала галоўку, папраўляла вушкі, абавязкова паціскала за носік, “каб прыгожы быў”, ня быў курносы, своеасабліва хрысьціла дзіця: гэта злучала правую ножку з левай ручкай і наадварот. Словам, пачынала дзеі ў сымбалічным замацаваньні маленькага прышэльца з засьветаў на гэтым, нашым, белым сьвеце”.

(Ракіцкі: ) “А на небе загаралася новая зорка, вышэйшыя сілы вызначылі ўжо лёс новага чалавечка. Няхай жа будзе ён добры да шчаслівы...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG