Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫ СЬНЕГАПАД ПАРАЛІЗАВАЎ ЖЫЦЬЦЁ СТАЛІЦЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня раніцай у некаторых раёнах Менску месьцічы вымушаныя былі несьці на руках сваіх дзетак у садкі, ходнікі зьніклі пад сьнегам.

(Жанчына: ) "Сёньня раніцай выпаў сьнег. Я выйшла на вуліцу й ногі адразу сталі мокрыя. Набрала сьнегу ў боты. Чаму не прыбіраюць?"

Грамадзкі транспарт зьбіўся з графіку. На прыпынках можна было бачыць вялікія натоўпы людзей. Уладальнікі прыватных аўтамабіляў расчышчалі сьнег хто рыдлёўкай, хто палкай, каб выехаць з двароў на вуліцы. Але на вуліцах ляжала шмат падмоклага сьнегу і з-за гэтага рэзка вырасла колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў.

(Кіроўца: ) "Сёньня спазьніўся на працу. Адграбаў машыну дзве гадзіны. У прынцыпе, сьнег гэта добра, але з-за адсутнасьці ўборачнай тэхнікі людзі спазьніліся на працу".

(Іншы кіроўца: ) "Штогод адно й тое ж. Сьнег выпадае, яго не пасьпяваюць убіраць... Ня выехаць, не заехаць. Шмат здарэньняў. Вось і я выехаў і, калі ласка, машыну крыху падрапалі. Яны павінны чысьціць дарогі ці не? Тым больш, што й прагноз надвор'я ведалі, што будуць ападкі і нічога не зрабілі".

Людзі назіралі за групамі супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі на невялікіх адлегласьцях адна ад адной, якія працавалі на месцах здарэньняў. На аўтакалёнках зьявіліся вялізныя чэргі.

(Супрацоўнік бэнзакалонкі: ) "Раніцай быў моцны сьнегапад. Цяжка было праехаць на тэрыторыю аўтазаправачнай станцыі. Былі вымушаны самі чысьціць, але атрымлівалася ня вельмі добра. Ну, таму кіроўцы й абураныя".

Тысячы жыхароў сталіцы сёньня спазьніліся на працу.

(Жанчына: ) "Сёньня спазьнілася на працу, бо йшоў сьнег і не хадзіў транспарт. Тралейбус прыйшоў адзін, потым другі, трэці..., а я не магла сесьці. Народу было шмат, таму спазьнілася. Кожны год адно і тое ж. Такое ўражаньне, што для нашых уладаў сьнег гэта нешта надзвычайнае і нечаканае".

Я патэлефанавала намесьніку генэральнага дырэктара прадпрыемства "Горрэмаўтадар" Аляксею Кузьмічу і спытала: "Чаму кожны год першы сьнег успрымаецца як надзвычайнае здарэньне?":

(Кузьміч: ) "Дакладаю вам, што сьнег пайшоў а дванаццатай гадзіне ночы. За гэты тэрмін наша служба высыпала на дарогі 1473 кубамэтра песка-салянай змесі і 45 тон солі. Наша служба займаецца толькі дарогамі і ходнікамі дый то ня ўсімі. Чаму вы лічыце, што гэта трагедыя? Гэта сьнег і снегапад. Чаму ніхто не абураецца, што ў возеры замерзла вада і нельга займацца летняй рыбалкай? Бо гэта зіма. Вось сёньня мне патэлефанавала дыспетчарка, якая працавала ўначы. Яна з такім абурэньнем кажа, што пачула па радыё, як нейкі грамадзянін з Менску казаў, што яму дрэнна было дабірацца па праспэкце. Дык яна кажа: "Я не магу. Я б забіла, я б разарвала яго за тое, што ён так кажа".

Сапраўды, звычайна зімой ў Беларусі бывае сьнег, але чамусьці камунальныя службы Менску штогод першы сьнег успрымаюць як прыродны катаклізм, а жыхары сталіцы сутыкаюцца з аднымі і тымі праблемамі. Але ёсьць катэгорыя мінчукоў, якая ў гэты дзень вельмі задаволеная становішчам — гэта дзеці. Школьнікі кажуць, што ў гэты дзень, па-першае, ёсьць паважная прычыны спазьніцца на ўрокі, а, па-другое, на перапынках можна гуляць у сьнежкі і ляпіць сьнегавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG