Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі Пазьняка затрымалі на мяжы


Зянон Пазьняк, фота Юліі Дарашкевіч

Зянон Пазьняк, фота Юліі Дарашкевіч

Берасьцейская мытня накіравала ў суд Маскоўскага раёну Берасьця заяву адносна наяўнасьці экстрэмізму ў кнігах Зянона Пазьняка «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» і «Добрая фатаграфія».

Паводле намесьніка Зянона Пазьняка ў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту Алеся Чахольскага, па два асобнікі гэтых кніг у яго забралі на праверку 27 верасьня на польска-беларускай мяжы.

Акрамя таго, мытнікі накіравалі запыт у менскую міліцыю, і мясцовы ўчастковы інспэктар дапытаў у справе магчымай датычнасьці да экстрэмізму самога спадара Чахольскага.

Алесь Чахольскі абураны гэткімі дзеяньнямі супрацоўнікаў мытных органаў:

«Гэта помста Зянону Пазьняку за тое, што дваццаць сем гадоў таму, летам 1988 году, у газэце „Літаратура і мастацтва“ ён надрукаваў артыкул „Курапаты. Дарога сьмерці“. У ім старшыня партыі выкрыў злачынствы і знайшоў ахвяраў расейскага НКВД. Тое, што злачынцы хавалі доўгія дзесяцігодзьдзі. Гэтага расейскае НКВД і іх нашчадкі не даравалі і ніколі не даруюць Зянону Пазьняку. Яны расстралялі там больш за дзьвесьце тысяч нашых суайчыньнікаў і цяпер шукаюць у Курапатах „экстрэмізм“. Гэтак адбываецца таму, што не было суду над злачынцамі і злачыннай сыстэмай, а таму ён абавязкова павінен адбыцца».

Сёлета гарадзенская мытня затрымлівала і кнігу Зянона Пазьняка «Terra Dei». Аднак у гэтай кнізе прыкметаў экстрэмізму не знайшлі.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG