Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, сакавік 1918-га



Добрая фатаграфія. Штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва

Мы пачынаем наш фотапрагляд якраз у 92-ю гадавіну аб'яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Прапаную фота, як мяркуецца, з пачатку сакавіка 1918 г. (Крыніца – Deutsches Bundesarchiv – падае 1914-1918 гг.).

На здымку пляц Волі ў Менску, зьняты з вакна верхняга паверху гасьцініцы Эўропа камэрай 9х12 (па маіх ацэнках).
Кампазыцыя здымка, прапрацоўка дэталяў (неба ды інш.) сьведчаць, што здымаў майстар фатаграфіі. Ва ўсялякім разе, чалавек дасьведчаны ў фотамастацтве. Зьнята хораша, кампазыцыйна правільна.

Для нас важна, што паказаны ня толькі гістарычны пляц пэрыяду БНР, але адлюстраваны дух таго даўняга горада і сьвежы сакавіцкі дзень. Мы яго адчуваем і ўяўляем. Узьнікае ілюзія нашай прысутнасьці па аналёгіі адчуваньня. Тут ёсьць элемэнт таго спыненага часу, які ўласьцівы фотамастацтву.

Здымак яшчэ цікавы тым, што яго можна дэталёва разглядаць, параўноўваючы з сёньняшнім днём. Маладыя дрэвы, канавязь, фурманкі, рэдкія людзі на пляцы. Мы як бы пранікаем у той сьвет. Але адбываецца гэта найперш, дзякуючы таму тонкаму настрою сьвежага дня на пераломе зімы і вясны, які адлюстраваў фатограф. У мастацтве не праз рацыё, а праз пачуцьцё, выкліканае хараством, мы пранікаем у сутнасьць вобразу.

Вось перад намі той Менск 1918 года, той беларускі магдэбургскі горад, які тут (на здымку) амаль не зьмяніўся з часоў В. Дуніна-Марцінкевіча, які пісаў: “Нямаш, браткі, як Менск наш бяленькі”... Гэты “Менск бяленькі” потым разбурылі рускія бальшавікі. У 60-80-х гадах мне разам зь іншымі абаронцамі старога горада прышлося змагацца і шмат стараньняў і працы пакласьці, каб не зруйнавалі яго дазваньня. І нешта засталося, нешта адноўлена, нешта адновім ў будучыні. Тут (у аднаўленьні рэчаіснасьці) фатаграфія іграе першаступенную ролю. Гэтая, што перад намі, даносіць дух і настрой мінулага часу.

Фатаграфія гарадоў – гэта асобная вялікая тэма ў фотамастацтве. Такіх здымкаў – мільёны ў кожнай краіне. Накоплена вялікая культурная інфармацыя, якая уплывае на разьвіцьцё асобы і культуры народа, адлюстроўвае гісторыю народнага існаваньня, бо горад ёсьць знакавым вобразам і модулем разьвіцьця культуры цывілізацыі. Адначасна горад быў крыніцай захапленьня і творчасьці шмат якіх мастакоў-фатографаў, якія, як правіла, імкнуліся выявіць “душу горада” праз сваё эстэтычнае ўспрыняцьце.

Зь беларускіх фатографаў выдатна выявіўся ў “гарадзкой” творчасьці Ян Булгак (аб ім будзе наступная наша старонка). Ягоныя здымкі Вільні – гэта рамантычная сымфонія і народны гімн. Гэтая ж фатаграфія нашага невядомага менскага фатографа не сымфонія і ня гімн, але сьвежая звонкая песьня пра горад, які мы амаль што страцілі.

Здымак зьмешчаны ў Сеціве для свабоднага карыстаньня: (Bundesarchiv, Bild 146 – 2008-0050).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG