Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: “У эміграцыю я паехаў з Olympus...”


Зянон Пазьняк. Фота Юліі Дарашкевіч.

Зянон Пазьняк. Фота Юліі Дарашкевіч.

“Пазьняк выбірае: добрая фатаграфія” — аўтар новага цыклю Свабоды Зянон Пазьняк набыў вядомасьць фотамастака задоўга да таго, як стаў вядомым палітыкам.


“Не сапсаваў ніводнай стужкі”


Навумчык:
У дваццаць тры гады вы выдалі свой першы фотаальбом, у дваццаць шэсьць — другі, а ў трыццаць зь нечым ужо фігуравалі ў беларускай энцыкляпэдыі як прызнаны фотамайстар. Вы ўспрымалі занятак фатаграфіяй як прафэсію?

Пазьняк: Калі б я жыў у іншай краіне, дык, магчыма, я б так і думаў і гэтым бы займаўся як асноўным заняткам. У той краіне, дзе я жыў, у Савецкім Саюзе, гэта было немагчыма. Няможна было быць свабодным мастаком, і няможна было пражыць. Таму я гэта адразу разумеў, і я бачыў сваю будучыню як вольнага мастака, які можа тварыць свабодна, незалежна ад вымогаў грамадзтва, вымогаў улады, цэнзуры і гэтак далей. Я цікавіўся ня толькі фатаграфіяй, але і мастацтвам найперш, і навукай, гісторыяй, і я мысьліў свой лёс менавіта такім чынам — на мастацкай і навуковай глебе. А фатаграфія — гэта тое паралельнае жыцьцё, якім я жыў, зьбіраўся жыць і, фактычна, жыву па сёньняшні дзень.

Навумчык: Як нарадзілася вашае захапленьне фатаграфіяй? Быў жа, пэўна, нейкі штуршок, нешта паўплывала на выбар?

А фатаграфія — гэта тое паралельнае жыцьцё, якім я жыў, зьбіраўся жыць і, фактычна, жыву па сёньняшні дзень.
Пазьняк:
Не было ніякага штуршка, і не магу нічога ўспомніць, што паўплывала. Я думаю, што цяга да фатаграфіі нарадзілася разам са мной. Проста, калі ў дзяцінстве я бачыў фатаграфіі, фотаапараты, як здымаюць, — у душы было нейкае трымценьне. Гэта вельмі падабалася і вельмі хацелася. Бо я інтуітыўна адчуваў, што тут магу выразіць сам сябе і магу адлюстраваць, зрабіць тое, чаго ніхто ня бачыць. Вось фатаграфія мне ўяўлялася такой магчымасьцю. І ў чатырнаццаць гадоў я так гэтым загарэўся, што гэта заўважыла мама мая, купіла мне фотаапарат і дапамагла ўладкавацца на такія курсы, якія вёў адзін стары фатограф. Нас там было двух вучняў. Вось я скончыў гэтыя курсы. Уласна кажучы, я пачаў працаваць зь першага націску на спуск. Не сапсаваў ніводнай стужкі, ніводнага кадру, адразу ўсё пайшло. Так што сказаць, што каб нехта, нешта, была нейкая прычына — не магу. Яно неяк нарадзілася само сабой.

Тры мінусы лічбавай фатаграфіі


Навумчык: Вы ўжылі слова “стужка”, а ў цяперашнім сьвеце для мільёнаў, што трымаюць у руках фотакамэру, яно ніяк не асацыюецца з фатаграфіяй. Пачалася эра лічбавай фатаграфіі. Лічбавая камэра зрабіла рэвалюцыю ў фатаграфіі, далучыўшы да яе мільёны тых, хто ня стаў бы вазіцца з праяўляльнікамі, фіксажамі... Раней сямейны альбом складаўся з сотні здымкаў, а зараз іх можа быць дзясяткі тысяч на дысках. Ці зьмяніла лічба фотамастацтва?

Пазьняк: Лічбавая фатаграфія зрабіла рэвалюцыю ў інфармацыі і ў масавай культуры. Фатаграфія ў значнай ступені стала зьявай масавай культуры. Лічбавая фатаграфія дэмаралізавала фатаграфію як масавы занятак, вельмі пашырыла яе масавае ўжываньне і панізіла ўзровень. Я б не сказаў, што лічбавая фатаграфія істотна паўплывала на мастацкую фатаграфію. Такога не назіраецца. Назіраюцца адваротныя тэндэнцыі. Тэндэнцыі дэмаралізацыі, амярцьвеньня натуры, таму што яно зыходзіць з самой прыроды гэтай фатаграфіі. Але магчымасьці, безумоўна, ёсьць вялікія. Зь цягам часу, я думаю, яны будуць дастаткова добра выкарыстаныя, ва ўсякім разе ў рэпартажнай фатаграфіі лічбавыя магчымасьці выкарыстаныя дасканала. Але павялічыўся чыста інфармацыйны аспэкт.

Ну вось хоць бы такі прыклад.

Лічбавая фатаграфія зрабіла рэвалюцыю ў інфармацыі і ў масавай культуры. Фатаграфія ў значнай ступені стала зьявай масавай культуры. Лічбавая фатаграфія дэмакратызавала фатаграфію як масавы занятак, вельмі пашырыла яе масавае ўжываньне і панізіла ўзровень.
У наступным годзе мы будзем адзначаць 20-годзьдзе нашай Незалежнасьці, калі 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы. У той дзень адбылася вялізная падзея ў беларускай гісторыі, гэта дата на ўзроўні з 25-м сакавіка 1918 году. Але, падбіраючы ілюстрацыйны матэрыял для кніжкі пра аднаўленьне Незалежнасьці, я са зьдзіўленьнем убачыў, што здымкаў таго дня вельмі мала. Мала здымкаў дэпутатаў у Авальнай залі, мала здымкаў людзей на плошчы перад Домам ураду — хаця на плошчу выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Дык вось, магчыма, калі б тады існавалі лічбавыя камэры, дзень 25 жніўня 1991 году быў бы значна лепш зафіксаваны для гісторыі.

Што датычыць мастацкага аспэкту — ня бачу ніякага зруху наперад. І ёсьць прычыны.

Па-першае, магчымасьць рабіць вельмі шмат сэрыйных кадраў пазбаўляе чалавека, які глыбока не навучаны ў фатаграфіі, мастацкага думаньня, асэнсаваньня. У выніку адбываецца творчая дэмаралізацыя. Некалі мы, прафэсійныя фатографы, не ўспрымалі ўсур'ёз вузкую стужку — фатограф павінен здымаць на шырокую стужку. І ня толькі таму, што гэта дае добрую якасьць, але гэта зусім іншы падыход у час здымкі, гэта адпаведнае думаньне, гэта проста іншае бачаньне сьвету. А тых, якія здымалі на 36 кадраў, называлі “пстрыкачамі”, таму што людзі бяздумна маглі рабіць дзясяткі дубляў. Гэта такі быў пабытовы падыход у прафэсійнай фатаграфіі да вузкай стужкі.

Лічбавая камэра — яна дала такія магчымасьці, што чалавек не задумваецца над творчым працэсам. Гэта тычыцца людзей, якія дастаткова адукаваныя ў фатаграфіі. Што тычыцца масавай культуры, масавага ўжываньня, дык, на вялікі жаль, гэта прывяло да таго, што аматарская фатаграфія вельмі абнізілася, як мне падаецца.

Ну, і другое, — пакуль што гэта якасьць. Гэта “плоскія” фатаграфіі, і гэта з самой прыроды лічбавай камэры паходзіць, таму што піксэлі ўсе аднолькавыя. Нарэшце, рэзкасьць, ад якой немагчыма пазбавіцца. Вельмі цяжка ад яе пазбавіцца. І, адпаведна, страчваюцца такія вельмі істотныя магчымасьці, як пэрспэктыва паветраная.

І трэці недахоп істотны. Нават прафэсійныя журналісты, фатографы, многія ўжо здымаюць на лічбавую камэру, але ўсякі здымак, зьняты вышэй 1/500 ці 1/1000 сэкунды, ён — мёртвы. Ня кажучы, што рэзкасьць нагэтулькі вялікая, што фатаграфія мярцьвее. І гэтыя моманты многімі старэйшымі фатографамі, якія працавалі на шырокую стужку, на эмульсію бромістую, яны не ўспрымаюцца.

Гэта ня значыць, што гэта непэрспэктыўна. Лічбавая фатаграфія пэрспэктыўная, яна будзе разьвівацца, магчымасьці тэхнічныя ня вычарпаныя, і тыя недахопы, пра якія я кажу, у прынцыпе яны могуць быць пераадоленыя, і напэўна будуць пераадоленыя. Так што я гляджу даволі цьвяроза на гэтую зьяву і ня маю асаблівага захапленьня ёю што да мастацкай фатаграфіі. Ва ўсялякім разе, мы ня бачым рэвалюцыі ў мастацкай фатаграфіі. А што датычыць масавай фатаграфіі, інфармацыі — тут рэвалюцыя.

Навумчык: Не прыгадваецца, каб у вас была лічбавая камэра.

Пазьняк: Не, я маю прафэсійную лічбавую камэру Sigma-14 з "фавеонам", гэта адзіная ў сваім родзе сыстэма, і маю некалькі камэраў аматарскіх, Olympus, Canon, так званых “кампактаў”, але вельмі рэдка іх ужываю, бо мяне яны не задавальняюць. Мяне не задавальняе “магнітны зарад” у кампутары, я павінен мець фатаграфію і павінен мець матэрыяльнае яе ўвасабленьне, якое ў любых умовах застанецца, і надоўга.


Чаму Olympus?


Навумчык: Памятаю, калі ў красавіку 1996 году на вуліцы Вадзічковай ў Празе мы зайшлі ў спэцыялізаваную фатакраму, дзе былі сотні старых камэраў, было адчуваньне, што вы гатовыя разглядаць іх гадзінамі. Дый каталёгаў фотаапаратаў і розных фотапрыладаў у вас — цэлая бібліятэка. А на маё пытаньне, якую камэру лепш набыць, неяк параілі Olympus...

Пазьняк: Камэры вельмі розныя, кожная мае свае магчымасьці. Што датычыць Olympus, дык размова ішла пра кампакт-камэры. А Olympus спэцыялізуецца на вельмі кампактных тэхналёгіях. Яна выпускала добрыя камэры, і цяпер выпускае, і таму калі ў нас была размова менавіта пра кампактныя камэры — я і параіў гэтую фірму. Тым больш што Olympus карыстаецца вельмі добрымі аб'ектывамі — Zuiko.

Я і ў замежжа прыехаў з голымі рукамі, праз Расею на Ўкраіну. І ўжо за мяжой, прыехаўшы на эміграцыю, я голыя рукі сунуў у кішэні. І ў кішэні аказаўся фотаапарат Olympus, кампактная камэра, Zuiko стужачная, яна і цяпер са мной кожны раз у кішэні. Вось гэтая камэра са мной падарожнічае як мой сябра, і больш за ўсё яна і наздымала.
Японцы выпусьцілі аб'ектыў, які можна параўнаць з “Тэсарам” нямецкім. А “Тэсар” — гэта культавы аб'ектыў, ніхто яшчэ яго не пераўзышоў, хоць ён быў зроблены ў 30-х гадах. Ну, а што датычыць старых камэр... Я некалі меў хобі — зьбіраць старыя камэры, і ня толькі глядзеў на іх, але і фатаграфаваў. Я і цяпер вось у Амэрыцы купіў “Супэріконту” 6х6, купіў 6х4,5, якая была ў нейкага нямецкага штурмбанфюрэра і прайшла ўсю Другую ўсясьветную вайну ў танку (гэта куплена на e-Bay, там даецца характарыстыка, “легенда”. Заходнія людзі звычайна ня хлусяць, яны пішуць так, як было). Я здымаю гэтымі камэрамі, праяўляю часам “шырокія” стужкі. Так што тут не музэйнае зацікаўленьне, гэта сапраўды “культавыя” камэры.

Канешне, сур'ёзна гэтым займацца няма часу, але гэта неяк само сабой атрымліваецца. Калі я ехаў у эміграцыю ў канцы сакавіка 96-га, калі мне паведамілі, што квартал акружаны і гэтак далей, я гэта зразумеў і падняўся наверх толькі ўзяць дакумэнты — пашпарт і што трэба. Як стаяў з голымі рукамі — так і паехаў. Я і ў замежжа прыехаў з голымі рукамі, праз Расею на Ўкраіну. І ўжо за мяжой, прыехаўшы на эміграцыю, я голыя рукі сунуў у кішэні. І ў кішэні аказаўся фотаапарат Olympus, кампактная камэра, Zuiko стужачная, яна і цяпер са мной кожны раз у кішэні. Вось гэтая камэра са мной падарожнічае як мой сябра, і больш за ўсё яна і наздымала. Так што ў эміграцыю я паехаў не адзін, а паехаў з камэрай Olympus.


“Чытаў, не зазіраючы на наступную старонку”


Навумчык: Цягам году вы будзеце весьці ў інтэрнэце на вэб-сайце “Свабоды” цыкл з аглядам найбольш прыкметных, на ваш погляд, здымкаў. Як інтэрнэт паўплываў на фатаграфію?

Пазьняк: Безумоўна, паўплываў. Рэалізацыя лічбавых камэр ідзе ў асноўным праз інтэрнэт, праз экран. Там і якасьць лепшая, і вельмі лёгкія магчымасьці распаўсюду. Толькі ці ёсьць гэта якасьць фатаграфіі? Відаць, гэта якасьць інтэрнэту як сродку інфармацыі. Але, безумоўна, зараз ёсьць шмат і старонак, і парталаў пра фатаграфію. Гэта дае вялікія магчымасьці і навучаньня, і абмену думкамі.

Інтэрнэт дае вялікія магчымасьці паказаць шэдэўры фатаграфіі імгненна, хутка. Ня трэба хадзіць на выставы, можна “выставу” ўбачыць дома. Гэта магчымасьць унікальная. Некалі, у 60-х гадах, калі яшчэ прадавалі замежныя часопісы ў Савецкім Саюзе, я ня мог дачакацца, калі выйдзе чэскае “Фотарэвю”, гэта адзін зь лепшых часопісаў у сьвеце тады быў. Ён выходзіў чатыры разы на год, яго можна было купіць у кіёску ў Менску. Гэта была фактычна адзіная сур'ёзная інфармацыя пра фатаграфію. Дык гэта трэба было чакаць тры месяцы, пакуль паявіцца новы часопіс. І калі я яго атрымліваў, дык прыходзіў дадому, і я яго не гартаў увесь ад пачатку да канца, я яго пачынаў чытаць ад першай старонкі, не зазіраючы на наступную. І пакуль не прачытваў да канца. Гэта быў цэлы мастацкі акт — прачытаньне гэтага часопіса. А часопіс быў выключны паводле ўзроўню паліграфічнага, паводле мастацкіх якасьцяў. Многія фатографы на Беларусі проста вучыліся на ім мастацкай фатаграфіі. Дык вось, інтэрнэт дае такія магчымасьці, якія тады ў нас адсутнічалі. І гэта заслуга інтэрнэту, безумоўна.


Адчуваньне спыненага імгненьня


Навумчык:
Калі мы абмяркоўвалі назву цыклю, вы настаялі, каб у ёй было ўжытае азначэньне — “добрая фатаграфія”. Што вы ўкладаеце ў гэтае паняцьце?

Пазьняк: “Добрая фатаграфія” — цалкам аб'ектыўнае паняцьце. Яно (у адрозьненьне ад іншых мастацтваў) мае вельмі шырокую шкалу ацэнак і каштоўнасьцяў, што вынікае з самой прыроды фатаграфіі, фэнамэнальнай сутнасьцю якой зьяўляецца якасьць, якую мы называем “магія спыненага часу”.

Інтэрнэт дае вялікія магчымасьці паказаць шэдэўры фатаграфіі імгненна, хутка. Ня трэба хадзіць на выставы, можна “выставу” ўбачыць дома. Гэта магчымасьць унікальная.
У гэтым адметнасьць яе эстэтыкі, якая выяўляецца зь цягам часу, прытым, бывае, уражвае так моцна, што спараджае адчуваньне, блізкае да мэдытацыі. У гэтым шмат хто пераконваецца, разглядаючы, скажам, даўнія фота сваіх сяброў, знаёмых, людзей і абставінаў мінулага і далёкага існаваньня. Па ўплыве часу бывае, што некалі, здавалася б, звычайнае аматарскае фота (нават здымак “на памяць”) выклікае ў нас трымценьне душы і ўспрымаецца зусім па-іншаму, чым ацэньваўся раней — 20, 30, 40 гадоў таму.

Калісьці даўно, калі я спрабаваў зьбіраць старыя камэры, наш знакаміты Вячка Целеш прыслаў мне з Рыгі (разам з “Кодакам” 1914 году) старую пажоўклую павільённую фатаграфію, зьнятую пры дзённым сьвятле недзе на пераломе стагодзьдзяў. На здымку была маладая нямецкая дзяўчына вышэйшага сьвету ў прыгожай белай сукенцы. Яна глядзела проста ў аб'ектыў, і я ня мог адарваць погляду ад гэтых вачэй. У іх была яе душа. Я адразу адчуў, зразумеў ня толькі яе, але і той час, у якім яна была, атмасфэру павільёну; здавалася, нават чуў голас фатографа ў кацялку: “Bitte, Fräulein, schau zu...”

Уражаньне ўзьнікала ў выніку калізіі паміж адчуваньнем і бачаньнем канкрэтнага вобразу канкрэтнай рэальнасьці (эфэкт прысутнасьці) і ўсьведамленьнем, што гэтая рэальнасьць ужо не існуе (эфэкт адсутнасьці). Гэтая калізія і ёсьць адчуваньне спыненага імгненьня, якім валодае фатаграфія.

Трэба разумець, аднак, што ў аснове гэтага эфэкту ляжыць псыхалягічнае адчуваньне. Яно можа ўзьнікаць у іншых жыцьцёвых абставінах пры сутыкненьні з матэрыяльнымі сьведчаньнямі мінулага (у музэі, напрыклад, у археалягічным раскопе і г. д.). Але фатаграфія стварае вобразны адбітак рэчаіснасьці па законах хараства, і гэта выклікае якраз тое моцнае эстэтычнае перажываньне, пра якое мы тут гаворым.

задача, якая пастаўленая мной, яна адлюстраваная ў назьве — “Добрая фатаграфія”. Паказаць тую фатаграфію, якая вельмі яскрава адлюстравала сваю сутнасьць, спыніла імгненьне жыцьця і данесла гэта цераз пачуцьцё, цераз настрой і выклікае пэўны катарсіс, адчуваньне таго, што ёсьць, з адчуваньнем таго, чаго ўжо няма. Бо гэта можа толькі фатаграфія, гэтага ня можа ніякае іншае мастацтва
Абазначаючы тэму “Добрая фатаграфія”, я ня стаўлю задачу паказаць узровень майстэрства таго ці іншага фатографа ці пазнаёміць з шэдэўрамі прафэсійнай фатаграфіі (якія часам даволі банальныя). У аснову гэтага адбору будзе пакладзена адлюстраваньне часу, эмацыйнае ўражаньне ад вобразу, перажываньне чалавечага духу, адбіткі беларускай культуры, хараство Зямлі і людзей, трагічны і вечны аспэкты чалавечага існаваньня. Вобразнае ўражаньне і імгненьне часу будзе галоўным крытэрам адбору.

Таму там, дзе гэтае адчуваньне ёсьць, патрабаваньні да тэхнікі абробкі фатаграфіі будуць з майго боку мінімальныя, нават калі гэтым адлюстраваньнем стане растравая фатаграфія з газэты ці шматкротная рэпрадукцыя з паліграфічнага выданьня. Зразумела, што тут будуць і аматарскія фатаграфіі, і фота невядомых (нявызначаных) аўтараў. Нікога гэта не павінна бянтэжыць, калі ў фатаграфіі ёсьць унікальнасьць, хараство і перажываньне духу. Вядома, прафэсійныя недахопы не скідаюцца з рахунку, але наш прыярытэт аддаецца культурнай каштоўнасьці, уражаньню і вобразу.

Навумчык: Такім чынам, будуць і працы фотааматараў?

Пазьняк: Канечне. Бо, паўтаруся, задача, якая пастаўленая мной, яна адлюстраваная ў назьве — “Добрая фатаграфія”. Паказаць тую фатаграфію, якая вельмі яскрава адлюстравала сваю сутнасьць, спыніла імгненьне жыцьця і данесла гэта цераз пачуцьцё, цераз настрой і выклікае пэўны катарсіс, адчуваньне таго, што ёсьць, з адчуваньнем таго, чаго ўжо няма. Бо гэта можа толькі фатаграфія, гэтага ня можа ніякае іншае мастацтва. І я буду канцэнтравацца на гэтых якасьцях фатаграфіі. І другое — мне б хацелася паказаць такія фатаграфіі, дзе адлюстраваныя якасьць чалавечага духу, важныя падзеі ў лёсе чалавечым. Таму будзе шмат ваенных фатаграфій. Важныя падзеі ў культуры, тое, што напаўняе сэнс чалавечага існаваньня. І гэта не абавязкова шэдэўры ўсясьветнай фатаграфіі. Шэдэўры часта бываюць банальныя, асабліва расхваленыя мастацтвазнаўцамі. Яны часта пакідаюць людзей спакойнымі. А бывае, аматарская фатаграфія выклікае ў чалавека трымценьне душы. Вось некалькі такіх фатаграфій мне хацелася б паказаць, у прыватнасьці, зьвязаных з Васілём Уладзімеравічам Быкавым (калі мне ўдасца яе дастаць. Я ведаю, хто яе зьняў, але ў мяне яе пакуль няма).

І нарэшце: калі данесеныя тыя якасьці, пра якія я казаў, якія выклікаюць гэтыя пачуцьці, нават хаця б аддалены настрой — то гэтую фатаграфію я буду даваць. І ня мае значэньня, ці гэта фатаграфія арыгінальная, ці гэта паліграфічная копія, ці 125-я рэпрадукцыя. Важна, каб там застаўся той настрой асновы, які быў. Таму якасьць будзе ў межах вельмі такіх дапушчальных. У мастацкай фатаграфіі тэхнічная якасьць зьяўляецца сродкам вобразнага выяўленьня, яна падпарадкаваная мастацтву. Гэта аматары думаюць, каб там усё было рэзка, каб зерня не было і г.д. — мастацкая фатаграфія гэтым не апэрыруе. Гэта ўсё ёсьць вобразнае выяўленьне, калі мастак ставіць адпаведную эстэтычную альбо псыхалягічную мэту. Таму трэба падрыхтавацца, што будуць фатаграфіі невядомых аўтараў, невядома адкуль, нейкіх аматараў — але гэта ўсё будзе падпарадкавана той мэце, пра якую я кажу.


У пятніцу на нашым сайце чытайце першую публікацыю з цыклю "Пазьняк выбірае: добрая фатаграфія" -- "Менск, сакавік 1918-га".
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG