Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 20-годзьдзя адкрыцьця Курапатаў Радыё Свабода праводзіла фотаконкурс “Мае фота – мае Курапаты”. Ад 3 траўня да 3 чэрвеня 2008-га грамадзкі рэдактар фотаконкурсу “Мае фота – мае Курапаты” Зянон Пазьняк выбіраў найбольш цікавыя і характэрныя фотаздымкі.

Усяго на конкурс былі дасланыя больш за 200 фота, многія ўжо пасьля завяршэньня конкурсу.

Грамадзкі рэдактар праекту адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк пагадзіўся пракамэнтаваць дасланыя пазьней здымкі.

Вынікі першага туру конкурсу
Вынікі другога туру конкурсу
Вынікі трэцяга туру конкурсу
Вынікі чацьвертага туру конкурсу
Вынікі пятагу туру конкурсу


Падсумаваньне вынікаў фотаконкурсу

№ 1. Курапаты-1993. Фота Міколы Купавы.




№ 2. Курапаты-1993. Фота Міколы Купавы.




№1,2 -- фатаграфіі, якія даслаў Мікола Купава. Гэта здымкі з Дзядоў 1993 году ў Курапатах. Здымкі малавядомыя і, здаецца, яшчэ не друкаваліся. Фота цікавыя для разгляду, даюць адлюстраваньне часу. Зьвярніце ўвагу, што нават у трох ахоўнікаў Станіслава Шушкевіча, якія відаць на здымку № 1, быў чалавечы выгляд (не крымінальны, як у некаторых цяпер). Гэта рэпартажныя фота, задача якіх зафіксаваць падзею. Цяпер мы бачым, што ў іх адбіўся і той час.

№ 3. Крыж Пакуты. Фота Лілеі Семянкевіч.


№ 4. Курапаты. Фота Лілеі Семянкевіч.


№ 5. Курапаты. Фота Лілеі Семянкевіч.



№ 3,4,5 – фота Лілеі Семянкевіч. Тут адлюстраваны Крыж Пакуты (№3) і месца, праз якое правялі аўтастраду(№4,5). Гэта сытуацыйныя фота, зьнятыя ў 2001-ым. Яны маюць цікавасьць як фіксацыя, “задакумэнтаваньне” мясьціны.

№ 6. Курапаты. Фота Ігара Сьцябулі.


№ 7. Курапаты. Фота Ігара Сьцябулі.

№ 8. Курапаты. Фота Ігара Сьцябулі.


№ 6,7,8 – Фота Ігара Сьцябулі. Гэта здымкі сьвята Дзядоў, якое адзначалі ў Курапатах фронтаўцы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Фатаграфіі зробленыя даволі выпадкова без акрэсьленай задумы і веданьня пра кампазыцыю. Але цікавы фрагмэнт здымка № 7, калі яго правільна скадраваць. Справа трэба кадраваць па лініі галавы чалавека ў шапцы на пярэднім пляне (выключыць гэтую галаву з кадра поўнасьцю). Зь левага боку скадраваць фота па цэнтру аблічча(пакінуць у кадры адно вока і палову носа асобы на пярэднім пляне). Тады цэнтрам кампазыцыі стануць выразныя абліччы двух жанчынаў і асабліва круглатварай брунэткі зьлева зь вялікімі выразнымі вачыма. Здымак “загучыць”.

№ 9. “Вяртаньне”. Фота Максіма Капрана.



Трынаццаць здымкаў прыслаў Максім Капран. Зь іх мы адабралі для паказу восем. Кампазыцыйна добра скампанавана фота № 9 (“Вяртаньне”). Яно выклікае пэўныя рэфлексіі і раздуменьні, добра ўспрымаецца эстэтычна, выразны графічны малюнак. Друкаваньне ў колеры тут пазбаўлена сэнсу. Павінен быць чорна-белы варыянт.

№ 10. Курапаты. Фота Максіма Капрана.


№ 11. Курапаты. Фота Максіма Капрана.



№ 12. Курапаты. Фота Максіма Капрана.

Фота 10, 11, 12 – гэта фіксацыі аб’ектаў (помнікаў). Такія фота патрэбныя для гісторыі Курапатаў.

№ 13. Курапаты. Фота Максіма Капрана.



Фота 13 руцінна-банальнае, але цікавае тым, што на ім вядомая асоба – Мая Тодараўна Кляшторная.

№ 14. Вандалізм. Фота Максіма Капрана.


№ 15. Вандалізм. Фота Максіма Капрана.



На здымках № 14, 15 зьнятая пісаніна на сьценах па-руску ў тунэлі пад аўтастрадай каля Курапатаў(накрэсьленая свастыка і г.д.) Гэта таксама аблічча “гнюснага часу", якім ён, відаць, увойдзе ў нашу гісторыю.

№ 16. Талака. Фота Максіма Капрана.


На здымку 16 зьняты працоўны момант – мацаваньне таблічак.

№ 17. Курапаты.



З наступных васьмі здымкаў Дзядоў у Курапатах, перададзеных нам невядомым спадаром, для прагляду мы выбралі толькі адзін № 17. Усе яны ( у тым ліку і гэты, што выбраны) зьнятыя без акрэсьленай задумы і найменшага клопату пра кампазыцыю. Усё выглядае выпадкова і хаатычна, кадры заслоненыя плячыма і выпадковымі постацямі(на мове фатографаў гэта называецца здымка “сабачым вокам”). На выбраным кадры (17) адчуваецца жывы момант пэўнай сытуацыі. І гэтым здымак цікавы.

Два здымкі даслаў нам спадар Віталь. Але мы іх не зьмяшчаем з прычыны тэхнічнай і сэнсавай недасканаласьці. Мы радыя, аднак, што спадар Віталь цікавіцца тэмай Курапаты. Здымайце, пабольш думаючы і нясьпешна. Атрымаецца.

Тут у гэтым дадатку мы не вызначаем пераможцаў, бо конкурс ужо скончыўся, але сярод прысланых хацеў бы адзначыць два архіўныя здымкі (№1,2), прысланыя М. Купавам, і сэрыю фатаграфіяў Максіма Капрана, сярод якіх зьвяртаю ўвагу на добры здымак №9 (“Вяртаньне”). . Адзначаю таксама здымак №7 І. Сьцябулі, які пры неабходнай дапрацоўцы мог бы выглядаць значна лепш. Нягледзячы на ўражлівыя недахопы, тут істотна тое, што фатограф злавіў жывы і характэрны момант сюжэта.

Зычу ўсім творчых вынікаў і, як кажуць фатографы, добрага сонца.

Зянон Пазьняк.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG