Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў адкрыцьцю Курапатаў – створым поўную фотагісторыю Дзядоў і талокаў, барацьбы і малітваў. Здымкі прысылайце на адрас п/с 111, Менск, 220005, Kurapaty88@yahoo.com

Дасланыя на “Свабоду” здымкі камэнтуе грамадзкі рэдактар праекту, адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк.


Чацьверты тур

На гэты раз мы атрымалі вялікія сэрыі фатаграфіяў. Чатыры фота прыслаў Уладзімер Юхо, па васемнаццаць фатаграфіяў Алесь Чахольскі і Ўладзімер Арлоў. Па адной Юры Беленькі, Уладзімер Цярохін і Ангеліна Масюта.

Усе здымкі, прысланыя Ўладзімерам Арловым, зробленыя рознымі аўтарамі ў знакаміты ў нашай ужо гісторыі дзень 30 кастрычніка 1988 году падчас першага публічнага адзначэньня Дзядоў у Менску і падчас ганебнай і праваленай правакацыі ЦК Кампартыі БССР супраць БНФ і Беларускага Адраджэньня. Як потым стала вядомым (30 кастрычніка пра гэта толькі здагадваліся) камуністы зьбіраліся “пусьціць” вялікую кроў (забіць некалькі чалавек) і потым, па ўзоры крывавых падзеяў ў Алма-Аты ў 1986 годзе, усю віну зваліць на “экстрэмістаў” з БНФ. Аўтарам гэтага дзікага пляну быў трэці сакратар ЦК КПБ па ідэалёгіі Валеры Пячэньнікаў (ён жа кіраваў штабам апэрацыі). Кіраўніцтва ЦК (Яфрэм Сакалоў і іншыя) ведалі пра задумку і аж скрыжаталі зубамі ад нецярпеньня. “Дать, чтобы не встали”, -- “рычаў” 1-ы сакратар ЦК Я. Сакалоў.

Усе гэтыя падзеі ўжо дастаткова шырока апісаныя і бальшыня фатаграфіяў, што прыслаў Уладзімер Арлоў, апублікаваныя, але ёсьць 5-6 фота, якія не друкаваліся. З 18 здымкаў мы выбралі 16.

52. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.



На добра вядомай фатаграфіі №52 (для мяне, дык нават трохі камічнай) відаць, як вышэйшае міліцэйскае начальства абыходзіць шэрагі, сабраных у няроўны натоўп, міліцыянтаў. Так бы мовіць, абыход перад “боем”, прыняцьцё гатовасьці выконваць загад. Гэта ўсё перад Усходнімі могілкамі, куды правакатары сьцягнулі асноўныя сілы і тэхніку.

53. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.



Фота 53 – гэта канстатацыя сытуацыі: паказаныя міліцэйскія “хапуны” і далей машыны з вадзянымі гарматамі.


54. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.


Гэтае фота, здаецца, не друкавалася. Тым часам яно цікавае па фармальным выяўленьні. Міліцэйскія шапкі, што загарадзілі ўваход на Ўсходнія могілкі (было загадана “не пушчаць”) нібы плешкі ад цьвікоў. Тут больш абсурду, чым злавеснасьці.

55. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.



Фота 55 таксама даволі рэдкае. Яно добра фармальна і дынамічна скадраванае. Справа ў цэнтры міліцыянеры рашуча рухаюцца расьсякаць натоўп “экстрэмістаў”. Тым часам “экстрэмісты” з цікаўнасьцю і зьдзіўленьнем назіраюць, што робяць міліцыянеры. Тут адлюстравалася асаблівая характэрнасьць падзеяў. Гэта драма абсурду. Адсюль ізноў жа ўзьнікае пачуцьцё камізму сытуацыі.

56. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.


Тут здымак-канстатацыя. Сфатаграфаваная вадзяная гармата (а іх было з паўдзесятка) супраць удзельнікаў сьвяткаваньня Дзядоў.


57. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.




“Захоп удзельнікаў Дзядоў”. Здымак шматразова друкаваўся. Момант даволі характэрны для тых падзеяў.


58. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.


“Захоп жанчынаў, удзельніц Дзядоў”. Здымак друкаваўся. Тут вельмі добра адчуваецца абсурд таго, што адбываецца.


59. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.



Гэта вельмі выразны здымак, які выяўляе зьмест падзеі. Гэбоўцы схапілі мастака Міколу Купаву (на здымку ў акулярах і капелюшы) і запіхваюць у машыну. На жаль, копія, што прыслаў Уладзімер Арлоў, моцна абрэзана з двух бакоў. Справа, напрыклад, ня бачна чалавека, які кінуўся на капот міліцэйскай машыны, і іншыя дэталі... Здымак неаднаразова друкаваўся ў поўным варыянце.

60. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.



Тут даволі рэдкі здымак, які паддаецца разгляданьню і вывучэньню. Сфатаграфаваная калёна, што аддзялілася ад тлуму на Усходніх могілках і йдзе на Курапаты па дарозе з Калодзішчаў у Цну. Міліцэйскія аўтобусы абганяюць калёну, а ўдалечыні таксама міліцэйскія машыны. (Рыхтуюцца да новай дыслякацыі.)

61. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.


Гэты здымак (назавем яго ўмоўна “Поле Айчыны”) бадай ці не найлепшы з усёй прысланай сэрыі . Я не памятаю, каб ён дзе друкаваўся. Здымак уражвае можа ня столькі драматычнай выразнасьцю выявы мітынгу ў полі, колькі адчуваньнем гатовасьці “на нешта”, ці “дзеля нечага”. Тут падсьведамасьць перамены. Гэтыя людзі ўжо выйшлі з-пад ўплыву камуністычнага рэжыму. Гэта бачыш нават літаральна – яны ў полі на роднай зямлі пад асеньнім шэрым небам, драматызм якому надаюць касыя драты, і, здаецца, чуеш вецер і мэлёдыю дроту. У далечыні відаць выступоўца, што ўзьняў руку і размахвае белай паперай. Гэта яднаньне. Той дзень шмат што зрабіў на Беларусі. Камуністы адштурхнулі ад сябе творчую інтэлігенцыю, а людзі -- перасталі баяцца.

62. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.



Гэты здымак (назавем яго ўмоўна “Акружэньне”) шмат дзе друкаваўся. Тут паказаны момант акружэньня мітынгоўцаў аддзеламі міліцыі і ўнутраных войскаў. Зьвярніце ўвагу на далягляд і на чорныя фігуркі салдатаў ў глыбіні кадра, што караскаюцца па касагору. Яны бягуць “у атаку”. Ізноў жа над усім драматызмам адчуваецца абсурд сытуацыі і камізм паводзінаў апошніх бальшавікоў.


63. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.




На гэтым фота фрагмэнт (даволі не выразны) мітынгу ў полі па дарозе на Курапаты. Фатаграфія, здаецца, не публікавалася.


64. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.



Фрагмэнт мітынгу. Фота вядомае і апублікаванае. Цікавае пазнавальнасьцю асобаў на першым пляне.

Невялічкі экскурс у мінулае. Ля Ўсходніх могілак неарганізаваны натоўп людзей (было каля 8-10 тысячаў чалавек) тысячы міліцыянтаў заціснулі з усіх бакоў. Пастаянна “расьсякалі” тлум і некага хапалі ці труцілі сьлезацечным газам. Адчувалася, што тут рыхтуецца калі ня бойня, то нешта вельмі паскуднае. Нагналі шмат тэхнікі і адгарадзілі ёй супрацьлеглы бок дарогі. Людзі апынуліся нібы ў мяшку. Мне ўдалося знайсьці невялікае ўзвышэньне і папярэдзіць людзей (на ўсе лёгкія і горла), што рыхтуюць правакацыю і што трэба выйсьці адсюль на бясьпечнае месца – ісьці на Курапаты. Тлум разьдзяліўся. Бальшыня пайшла на Курапаты, частка засталася ля Ўсходніх могілак. Гэта пасеяла паніку ў шэрагах міліцэйскіх палкоўнікаў і генэралаў. Нешта ў іх перавярнулася. Чуўся лямант па рацыях. Аддавалі супярэчлівыя каманды (потым мы даведаліся прычыну такой іхняй разгубленасьці). Я апынуўся ў шчыльным коле прыхільнікаў і абсалютна не знаёмых мне людзей. Яны ўзялі на сябе абавязкі фізычнай аховы. Па дарозе нас абагнала калёна міліцэйскіх аўтобусаў. Мы даведаліся, што Курапаты акружаныя міліцыяй і ўнутранымі войскамі, што туды нікога не пускаюць, а падмацаваньні паехалі, каб нас “сустрэць”. Ісьці туды – значыць удзельнічаць у іхным абсурдзе. Па дарозе (калі зьехалі міліцэйскія аўтобусы) я папрасіў усіх збочыць управа ў поле на касагор каля лесу. На шчасьце побач апынуўся Ўладзімер Арлоў і гэта аблегчыла правядзеньне мітынгу. (Усіх вядомых фронтаўцаў, актывістаў і сяброў Аргкамітэту БНФ пахапалі яшчэ каля Ўсходніх могілак; мяне людзі адбілі з рук міліцыі, але сьлёзацечнага газу пакаштаваў напоўніцу).

З Арловым мы дамовіліся, што тут, у полі, пакуль “мянты” апамятаюцца і расшалопаюць наш манеўр, мы правядзем мітынг, зачытаем маніфэст і падымем Беларускі сьцяг
(падышло да мяне пару хлопцаў і сказалі, што гэта зробяць --пашылі дзеля такога дня). Стоячы ў натоўпе, гаварыць да ўсіх было немагчыма, бо ня бачылі і ня чулі прамоўцу. Тады людзі апусьціліся на калені на мёрзлае поле і, о дзіва, каля трох тысячаў чалавек чулі з голасу. Незабыўныя імгненьні. Гаварылі, хто хацеў. Але коратка, ёмка і па справе ў поўнай палявой цішыні, пад посьвіст ветру, часам са сьнегам.

Калі аддзелы міліцыі і ўнутраных войскаў вярнуліся і акружылі з трох бакоў наш палявы мітынг, усім мы сказалі, што як толькі кінуцца нас разганяць, каб усе ўсхапіліся па камандзе і шчыльна счапіліся рукамі ў кошык. “Кошыкам” будзем выходзіць на дарогу ў горад. Задача ня дацца, каб нас расьсеклі, разагналі і хапалі б па аднаму. Гэтую задачу мы выканалі на выдатна. Крайнім, вядома, дасталося, але ўвесь ”палявы народ” мы захавалі і “кошыкам” вышлі з акружэньня. З нашай масы нападнікам, здаецца, не ўдалося нават нікога арыштаваць. Кіруемасьць была выключная.

На здымках, прысланых У. Арловым, якраз і адлюстраваны гэты палявы мітынг. Тым часам задача камуністаў была, кроў з носу, ня даць нам сабрацца і ня даць правесьці мітынг, ня даць гаварыць і слухаць.

65. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.



Фрагмэнт “палявога мітынгу”. Мы даем практычна ўсе фота мітынгу, што даслаў Уладзімер Арлоў, хоць яны паўтараюцца. Гэта робіцца дзеля пазнавальнасьці асобаў, што на фота. Тут наша гісторыя. Некаторыя людзі, што на здымках, ужо не жывуць.

66. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота Уладзімера Кармілкіна (З архіву Ўладзімера Арлова).




Той жа фрагмэнт мітынгу, толькі зьняты з правага боку.

67. 30 Кастрычніка 1988 года. Фота з архіву Ўладзімера Арлова.




Гэта адзін з двух гістарычных здымкаў (ужо апублікаваных), на якім адлюстраванае першае пасьля 1944 году публічнае ўзьняцьцё Беларускага Бел-Чырвона-Белага сьцяга пад савецкай акупацыяй. Бальшыня людзей, што на здымку (а можа і ўсе) яго ніколі ня бачылі (нават на малюнку). І вось ён узьняты ў полі па дарозе на Курапаты над галовамі трох тысячаў беларусаў. Раю павялічыць здымак і ўгледзецца ў абліччы. Гэта карціна. Гэта, вядома, не зьяўленьне Хрыста народу, над чым задумваліся і тварылі вялікія жывапісцы, але гэта ёсьць узьняцьцё Хрыстовага сьцяга нацыі, якая хоча адрадзіцца і зьберагчы вечнасьць.

Угледзьцеся ў абліччы. Паглядзіце, што напісана на тварах людзей. Мы ня ведаем нават аўтара гэтай фатаграфіі, якая зь бегам гісторыі будзе адчыняць ўсё больш пачуцьцяў і думак кожнаму пакаленьню беларусаў. Апісаньне гэтай фатаграфіі хацеў бы закончыць сваім вершам з аднаго радка, які паэту напісаць найцяжэй, і які мне самаму падабаецца.: “Мінае час—і фатаграфія шчыміць”.
Агульным недахопам калекцыі здымкаў, прысланых У. Арловым, -- гэта ёсьць іх дрэнная (часам вельмі дрэнная) тэхнічная якасьць. Аднак архіў ёсьць архіў. Каштоўнасьць яго застаецца і мераецца ня толькі тэхнічным станам.




Сэрыя здымкаў з архіву Алеся Чахольскага пра Курапаты (мы адабралі 16 фота з 18-ці) падзяляюцца на чатыры тэмы. Назавем іх умоўна: “Аўтастрада”, “Пасёлак “Солнечный”. “Талака” і “Народны Мэмарыял”.

68-69. Курапаты. Кастрычнік 2001-га. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



На здымках 68-69 выразна паказаны пралом дарогі праз Курапацкі лес. На будаўнічай трасе стаіць мноства разнастайных крыжоў (сярод іх нават два рускія) як напамін будаўнікам і ўсім людзям, што трасу вядуць па касьцях расстраляных. Здымкі адпаведна адлюстроўваюць сытуацыю. Гэта нагляднае сьведчаньне пра сутнасьць злачынства.

70. Курапаты. Ліпень 2003-га. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



На фатаграфіях №№ 70-75 дакумэнтальна зьнята надзвычай подлая, блюзьнерская і цынічная зьява – пачатак будаўніцтва побач з Курапатамі так званага пасёлку “Солнечный” – «города человеческой мечты», з камфартабэльнымі жылымі дамамі, катэджамі, рэстаранамі, басэйнамі, казіно, пабамі, спортпляцоўкамі, «развлекательными комплексами».

71. Курапаты. Ліпень 2003-га. Фота з архіву Алеся Чахольскага.


72. Курапаты. Ліпень 2003-га. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



73. Курапаты. Ліпень 2003-га. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



74. Курапаты. Ліпень 2003-га. Фота з архіву Алеся Чахольскага.




75. Курапаты. Ліпень 2003-га. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



На здымкай 71, 74 добра відаць, што будаўніцтва «развлекательного города мечты» пачалося літаральна за пару мэтраў ад Курапацкага лесу. Мярзотнасьць гэтай збочанай ідэі, гатовасьць, вобразна кажучы, танцаваць канкан на магілах расстралянага народу ўражвае ня менш, чым сам маскоўскі генацыд, які прыкрываўся камунізмам.

Беларускія абаронцы Курапатаў і асабіста сам Алесь Чахольскі прыклалі шмат намаганьняў, каб не дапусьціць кашчунства і заплянаванай дэградацыі Народнага мэмарыялу. І на гэты раз цемра таксама была адкінута і пацярпела паразу. Фатаграфіі з архіву А.Чахольскага дакумэнтальна сьведчаць пра тое, што рабілі ворагі сьвятла супраць памяці і сьвятога.

76. Курапаты. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



Гэты здымак мае дакумэнтальнае значэньне. Сфатаграфаваны адзін зь лістоў аб ахове Курапатаў, якія разьвешвалі на дрэвах абаронцы магілаў.

77. Курапаты. Фота з архіву Алеся Чахольскага.





На фатаграфіях 77, 78 адлюстраваныя характэрныя фрагмэнты Народнага Мэмарыялу. Здымкі добрыя. Перададзены настрой летняга дня і хвойнай мэмарыяльнай цішыні, якая існуе толькі ў Беларусі. Нідзе ў сьвеце такога няма. Жывучы на Бацькаўшчыне, мы гэтага ня тое што не заўважаем – мы пра гэта ня ведаем, і часам ня цэнім, думаючы, што недзе ёсьць яшчэ лепш. Але гэта памылковае ўяўленьне.

78. Курапаты. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



На здымку №78 паказана месца, дзе некалі была вузкая лясная дарога, па якой падвозілі ў хапунах на расстрэл людзей. Паабапал дарогі шчыльна ў рад былі відаць магільныя западзіны расстрэльных ямаў. Потым, у 80-х гадах, тут зрабілі прасеку і праклалі газавую трубу (акурат па дарозе), вывернуўшы чарапы і косьці ў грунтавы адвал.

79. Курапаты. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



80. Курапаты. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



81. Курапаты. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



82. Курапаты. Фота з архіву Алеся Чахольскага.




На фатаграфіях 79-83 зафіксаваны рабочы працэс зборкі крыжоў у час талакі ў Курапатах. Найбольш удалы здымак і кампазыцыйна, і па сутнасьці выяўленьня працы – фота №81(назавем яго “Усталяваньне крыжа”). Удалая кадрыроўка зьверху і зьнізу стварае глыбіню і так званы “эфэкт прысутнасьці”, калі людзі як бы выходзяць за рамкі кадра. Калі не абразаць у кадры крыж зьверху і ногі чалавека зьнізу, -- такі эфэкт зьнікае. Прафэсіянал гэта ведае, а фотааматар можа зьняць інтуітыўна. Але што ёсьць, тое ёсьць. Вынік адпаведны.

83. Курапаты. Фота з архіву Алеся Чахольскага.



Апошні здымак з тэмы “Талака” -- № 83 – гэта здымак “на памяць” -- таксама мае дакумэнтальнае значэньне і сэнсоўна “адбівае” час. Зьнятая група талакоўцаў з КХП-БНФ. Крайні зьлева (з касой) А.Чахольскі – асноўны арганізатар працы па стварэньні Народнага Мэмарыялу Курапаты, чалавек, які адносіцца да гэтай справы, як да місіі і асабістага пакліканьня. І такіх людзей шмат у Беларусі. Гэта і Ўладзімер Юхо, і Мая Кляшторная, і Пётра Шашкель, і Валеры Буйвал, і шмат хто іншы.

84. 9 лістапада 2002 года. Фота Юрыя Беленькага.


Здымак Юрыя Беленькага (назавем яго ўмоўна “Юхо”) ёсьць самы цікавы з усёй пададзенай тут сэрыі сучасных здымкаў. Ён выразны па дакумэнтальна-вобразнаму адлюстраваньню падзеі і сутнасьці зьявы, вельмі добра ўладкаваны па кампазыцыі і пры тым цалкам рэпартажны, дынамічны (схоплены момант). Фота недасканалае
тэхнічна. Было цёмна і пахмурна, прышлося здымаць на доўгай вытрымцы і пры цалкам адчыненай адтуліне аб’ектыва. У такіх умовах атрымаць тэхнічна якасны здымак амаль немагчыма (не выцягвае ні эмульсія, ні оптыка, а фотаўспышка не заўсёды прыдатная).

Тым часам у рэпартажных здымках такога кшталту тэхнічныя недасканаласьці адступаюць на трэці плян. Тут галоўнае тэма, зьмест падзеі і выразнае яе выяўленьне. Падзея заключалася ў тым, што толькі што ў Курапатах на сяброў КХП-БНФ, якія выйшлі з крыжамі ўпоперак бульдозераў, напаў АМАП. Ніяк не маглі скруціць Уладзімера Юхо і вырваць у яго з рук драўляны крыж; вывіхнулі яму руку, парвалі зьвязкі, ішла кроў, але крыж ён не адпускаў, трымаючы мёртвай хваткай. Так і запіхнулі яго з крыжом у аўтобус і павезьлі ў суд. На здымку схоплены момант, калі У.Юхо вывелі з аўтобуса і вядуць у суд. Здымак шматсказальны, паддаецца дэталёваму разгляду (гэта значыць заключае ў сабе сюжэт). У цэнтры Уладзімер Юхо з крыжам і акрываўленым лістом белай паперы (якой ён выціраў кроў на руцэ). Твар яго рашучы, трымаецца годна. Вакол шэсьць міліцыянтаў. Адзін, мардаты, зацягваецца папяроскай, ён толькі што выйшаў з цёплага памяшканьня пакурыць і разглядае “отморозка”. Побач асоба ў камуфляжы з сумным жаночым тварам маркотна ўзіраецца на тыпа, што стаіць на ганку суда. Самога “тыпа” у кадры няма, відаць толькі частка ягонай левай рукі па локаць і пальцы правай, але тыпаж як на далоні. У папярэдніх аглядах я казаў пра мову цела. Зьвярніце ўвагу, як падціснуў левую руку ў “кулачку” гэты нябачны тыпаж і што за выкрунтасы ён паказвае пальцамі правай. Гэта манерка і жэсты крымінальнікаў. Нават голас і лексіку можна ўявіць гэтага міліцэйскага тыпчыка. Увогуле пра сацыяльны сэнс, унутраны стан і культуру чалавека распавядае ўвесь яго зьнешні выгляд, усе яго часткі цела, іх форма і плястыка, плюс уся ягоная вопратка, манера яе насіць, выгляд і нават гузікі. Шмат якія людзі ўмеюць добра чытаць гэтую мову цела і зьнешнасьці, але толькі мастак можа выявіць яе творча ў вобразе.
Фармальнае выкарыстаньне пярэдняга пляна стварае ўражаньне глыбіні кампазыцыі, падкрэсьлівае цэнтральна-лінейную пэрспэктыву (лініі зыходзяцца ў цэнтры, у фокусе якога фігура У. Юхо з крыжом). Я невыпадкова апісваю гэта, бо Ю.Беленькі некалі займаўся прафэсійнай фатаграфіяй і ведае, як робяцца добрыя здымкі.
Ва ўсёй гэтай рэпартажнай карціне прысутнічае няўлоўны падтэкст гумару і камізму за кошт несуадноснасьці фігуры і ўнутранага стану У.Юхо і зьбянтэжанай рэакцыі міліцыянтаў. А ў цэнтры (калі скадраваць фрагмэнт партрэта Юхо з крыжам) прысутнічае тыповы элемэнт, дакладней прыём, так званага фатаграфічнага гумару. Аблічча міліцыянта, што з тылу, закрыта верхняй часткай крыжа (палена замест твару). У фатаграфіі такі прыём ужываецца часта. Неадэкватная рэч побач з чалавекам у фатаграфіі экстрапаліруецца на ягоны вобраз (напрыклад, калі зьняць жанчыну з рандэлькам на галаве і т.п. Па гэтым жа прынцыпе будуецца “дурацкая” рэкляма). На фота Ю.Беленькага гэтая дэталь ўтварылася выпадкова, але гэта справы не мяняе – гумарыстычны падтэкст абсурднага дурнога дзеяньня (калі чалавека з крыжом валакуць у суд) гэтым узмацняецца , здымак “дыхае”, жыве характэрным мамантам выключнай падзеі.
Дадам яшчэ, што гледзячы на Уладзімера Юхо, мне ўспамінаецца наш беларускі герой Уладзімер Плешчанка. Гэта людзі, якія стыхійна карыстаюцца гандзісцкім спосабам змаганьня, прытым не для паказухі, а па прыродзе сваёй ахвярнасьці дзеля справядлівасьці, ідэі і Бацькаўшчыны. Яны знаходзяць у сабе асабістую сілу сярод агульнага грамадзкага бясьсільля.

85. Курапаты. Кастрычнік 2001-га. Фота Ўладзімера Юхо.



86. Курапаты. Кастрычнік 2001-га. Фота Ўладзімера Юхо.


87. Курапаты. Фота Ўладзімера Юхо.



88. Курапаты. Фота Ўладзімера Юхо.



Уладзімер Юхо таксама прыслаў нам сэрыю сваіх здымкаў(№№85-88). Усе гэтыя фота “сытуацыйныя”, паказваюць сытуацыю на трасе будуемай праз Курапаты аўтастрады. Усе фота фотасьведчаньні. Зьвяртае на сябе ўвагу здымак, дзе на не па-людзку сьпілаванай сасьне (высокі пень) прыклеены лісток паперы з выразным, як закляцьце тэкстам: “Спыніцеся, бязбожнікі і вандалы!”


89. Талака ў Курапатах. Фота Ангеліны Масюты.




Гэты здымак Ангеліны Масюты адносіцца да тэмы “Талака ў Курапатах”. Двое мужчын аднаўляюць павалены вандаламі крыж. Здымак невыразны, але мае права на існаваньне як дакумэнтальнае сьведчаньне. Сама карціна пакідае прасьветленае ўражаньне – адлюстраваны цёплы сонечны дзень.

90. Курапаты. Фота Ўладзімера Цярохіна.



Апошні здымак з гэтай сэрыі паказу – фота Ўладзімера Цярохіна (назавем яго “Дзяды ў Курапатах”). Гэта здымак – адзін са шматлікіх, якія паўтараюцца. Ён не нясе ў сабе новай інфармацыі датычна той, якая ўжо ў такой кампазыцыі была, але мае права на існаваньне як дакумэнтальнае сьведчаньне падзеі, адлюстраванай шматкроць.

Рэзюмэ:

Лепшым здымкам гэтай сэрыі прагляду, які адпавядае тэматыцы, зьяўляецца аўтарскім і добра выяўляе падзею, прызнаецца фота № 84 Юрыя Беленькага (умоўная назва “Юхо”).










Другую адзнаку заслугоўвае сэрыя архіўных здымкаў, прысланых Уладзімерам Арловым. Пры гэтым улічваем найперш неапублікаваныя фатаграфіі, зь іх асабліва фота № 61, на якое зарыентаваная наша ўвага. За сэрыю гэтых здымкаў і фота № 61 (“Поле Айчыны”) Уладзімеру Арлову падарунак ад мяне: камплект часопіса “Беларускія Ведамасьці” №№1-62(1996-2008 гады).








Спэцыяльнай увагай “За пасьлядоўную фіксацыю тэмы Курапатаў” адзначаецца сэрыя фатаграфіяў з архіву Алеся Чахольскага №№ 68-83. За гэта яму рыхтуецца падарунак – другое выданьне легенды “Парсіваль” з прадмовай З. Пазьняка.







Зянон Пазьняк


Мы чакаем Вашых здымкаў з Курапатаў
Ад 3 траўня да 3 чэрвеня Зянон Пазьняк камэнтуе дасланыя здымкі і выбірае найбольш цікавы і характэрны здымак.

З чэрвеня ў Курапатах адбудзецца падвядзеньне вынікаў конкурсу і ганараваньне пераможцаў. Яны атрымаюць кнігі Зянона Пазьняка і прызы ад Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG