Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў адкрыцьцю Курапатаў – створым поўную фотагісторыю Дзядоў і талокаў, барацьбы і малітваў. Здымкі прысылайце на адрас п/с 111, Менск, 220005, Kurapaty88@yahoo.com

Першыя дасланыя на “Свабоду” здымкі камэнтуе грамадзкі рэдактар праекту адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк.


1. Фота “Дзяды 1988”. Аўтар Сяргей Косьцін.


Здымак мае безумоўна дакумэнтальна-гістарычнае значэньне. Да Курапатаў непасрэдна не адносіцца, але зьвязаны зь імі апасродкавана ў кантэксьце гістарычных падзеяў таго часу. Пэўным недахопам здымку можна лічыць яго фрагмэнтарнасьць, калі сыходзіць з кампазыцыйных патрабаваньняў.

2. Фота”Дзяды 88-2”. Аўтар Сяргей Косьцін.


Гэты здымак ужо публікаваўся ў літаратуры. Ён таксама зьвязаны з Курапатамі толькі тэматыкай і духам таго далёкага і драматычнага дня -- 30 кастрычніка 1988 году. Тут перададзены напружаны настрой людзей. Тут зь веданьнем справы скарыстаная доўгафокусная оптыка і танальнае насьвятленьне фотакарціны дзеля вылучэньня фігуры на пярэднім пляне.

3. Фота “Я прыйшоў да цябе, мама”. Аўтар -- Андрэй Аляхновіч.


Гэта добры тэматычны партрэт. Што адметнае ў гэтым здымку? Першае -- гэта суладзьдзе сьвятла і колеру. Гэтая фотакарціна можа існаваць у каляровым і чорна-белым варыянце. Добра перададзеныя асеньняе сьвятло і сонечны асеньні дзень. Янтарную шчымлівасьць (кшталту Несьцераўскай) фотакарціне надае ўдалы калярова згарманізаваны фон, дзе дарэчы ёсьць кропкі і фрагмэнты, якія карэлююцца з усімі каляровымі часткамі фігуры чалавека, нават зь непрыемнай для вока балоневай курткай. Партрэт наводзіць на пэўныя разважаньні аб чалавечым лёсе і аб трагедыі пакаленьняў. Аднак аблічча чалавека на фатаграфіі не нясе фактычна ніякай акрэсьленай эмацыйнай нагрузкі, і гэта зьніжае зьмест і ўражаньне ад фатаграфіі.

4. Здымак “Крыж Мікалаю Жарскаму”. Аўтар Андрэй Аляхновіч.


Фатаграфія мае дакумэнтальную вартасьць. Лепш будзе існаваць у чорна-белым варыянце.

5. Здымак “На Дзяды-2006”. Аўтар Андрэй Аляхновіч.


Гэты здымак адпаведна канстатуе падзею -- традыцыйнае шэсьце на Дзяды, якое рэгулярна арганізуе ў Курапаты Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Дзякуючы выкарыстаньню тэлеоптыкі, дасягаецца шчыльнасьць і маналітнасьць людзкой масы. Гушчыня лёзунгаў і сьцягоў, што стварае моцнае і мажорнае ўражаньне. Фота можа існаваць у каляровым і чорна-белым варыянце.

6. Фота “На Курапаты-2004”. Аўтар Андрэй Аляхновіч.


Здымак выразны па кампазыцыі, па лінейнай пэрспэктыве і па адпаведным настроі крыжовага шэсьця на Курапаты. Добра выяўлена глыбіня кадру. Фатаграфія адэкватна адлюстроўвае падзею. Фота будзе больш выразным і абагуленым у чорна-белым варыянце.

7. Фота “На Курапаты-2007”. Аўтар Андрэй Аляхновіч.


На фота фрагмэнт (дакладней сюжэт) леташняга шэсьця на Курапаты. Здымак патрабуе абавязковай анатацыі, якая б тлумачыла характар падзеі. Асноўную інфармацыйную і кампазыцыйную нагрузку нясе лёзунг па дыяганалі кадру.

8. Фота “Памятай, хлопча”. Аўтар Андрэй Аляхновіч.


На здымку ўскраіна Народнага мэмарыялу Курапаты. Тут адчуваецца творчы падыход аўтара, задума, якая выклікае рэфлексіі і разважаньні над падтэкстам, схаваным у гэтай кампазыцыі. Кампазыцыйную структуру фатаграфіі ўтвараюць рытм крыжоў паабапал прагалу і ўдалечыні фігура хлопчыка, які аддаляецца, як бы выходзіць у жывы сьвет. Справа на пярэднім пляне неабходна зарэтушаваць нейкія неабходныя прадметы ў кадры, што псуюць кампазыцыю. Здымак будзе лепшым у чорна-белым варыянце.

9. Фота “Памятаем. 2006 год”. Аўтар Андрэй Аляхновіч.


Гэта адзін зь лепшых здымкаў сэрыі Андрэя Аляхновіча. Кампазыцыйны прыём такога кшталту (пры тым дакладная схема) даволі распаўсюджаны ў фатаграфіі. Гэта калі робіцца здымка пэўнага шэсьця "ўсьлед". Псыхалягічная ацэнка і ацэньваньне яго -- гэта значыць падзеі перадаюцца праз староньніх назіральнікаў. Кампазыцыйна, танальна і калярыстычна фатаграфія скампанавана бездакорна. Яна добра ўраўнаважаная кампазыцыйнымі масамі, выразна падзеленая на пляны, валодае глыбінёй пэрспэктывы і мажорным каляровым акцэнтам сьцягоў, якія "ўплываюць" у кадр на лініі пэрспэктывы і адбіваюць дынаміку руху. Сэнс і атмасфэра падзеі раскрыта ў задуменна ўзрушаных і засяроджаных абліччах хлопца і дзяўчыны на пярэднім пляне, якія адэкватна перажываюць сакральны сэнс прысутнасьці і ўсяго, што адбываецца перад іхнімі вачыма. Фатаграфія адпавядае таксама ўсім чатыром крытэрам нашых ацэнак, паведамленых намі раней. Можа існаваць і паліхромная, і манахромная выява гэтага фота. Але лепшы варыянт -- колерны . Ён узмацняе мажорную мэлёдыю сьцягоў.

10. Фатаграфія “Алесь Пушкін і Валянціна Якімовіч. 1989 год”. Аўтар Валеры Савянкоў.


Здымак патрабуе тлумачальнай анатацыі, бо ў кадры няма фармальных атрыбутаў сувязі з Курапатамі. Цэнтрам кампазыцыі зьяўляецца аблічча і галава мастака Алеся Пушкіна, скампанаваная ў верхнім правым фокусе ліста. Гэты клясычна правільны кампазыцыйны парадак і робіць найперш аблічча мастака дынамічным цэнтрам фатаграфіі. Погляд назіральніка нібы сьлізгае па прычосках людзей і абліччу жанчыны, што на першым пляне ўнізе фатаграфіі, і канцэнтруецца ў верхнім абліччы, якое ёсьць прыцягальным цэнтрам фотакарціны. Гэта трэба прызнаць даволі ўдалы здымак (дакладней выкадроўка з масоўкі), што датычыць мастака Алеся Пушкіна. Гэтая выява, відаць, будзе адным зь лепшых ягоных фотапартрэтаў. Варта зьвярнуць увагу на мадуляцыю галавы мастака. Гэта беларуская нардычная готыка. Яго самога трэба маляваць і нядрэнна было б, каб іншым мастакам прыходзіла б у галаву такая думка.

11. Фота “Дзяды 2003”. Аўтар Юры Дзядзінкін.


На гэтым здымку да Курапатаў мае дачыненьне надпіс на плоце пра Дзяды 2 лістапада 2003 году. У сувязі з надпісам зьяўляюцца пэўныя рэфлексіі, бо тэкст віднеецца на фоне экзатычнага будынку чужой царкоўнай архітэктуры (тут паўночны руска-вугорскі тып храма, які стаіць у будаўнічых рыштаваньнях). Тут таксама абліччы цяперашняга рэжыму. Калі б не надпіс на плоце, то можна было б падумаць, што гэта зьнята дзесьці ў Расеі за Ладагай.

12. Фота “Дзяды 2003 год”. Аўтар Юры Дзядзінкін.


Тут зьняты фрагмэнт збору людзей на Дзяды перад крыжовым шэсьцем на Курапаты. Здымак мае дакумэнтальнае значэньне.

13. Фота “Дзяды 2003”. Аўтар Юры Дзядзінкін.


Тут зьнята сытуацыя перад пачаткам шэсьця на Курапаты. На пярэднім пляне вядомыя ў беларускай рэчаіснасьці асобы -- Надзея Дземідовіч і Мая Кляшторная. Здымак цікавы якраз пазнавальнасьцю асобаў (гэта істотная дэталь у гісторыі і культуры)

14. Фота “Талака”. Аўтар Юры Дзядзінкін.


На здымку сюжэт на тэму вясновага ўпарадкаваньня на тэрыторыі Народнага мэмарыялу Курапаты, якое рэгулярна арганізоўваюць сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. На пярэднім пляне зламаная вандаламі мэталёвая табліца пад Крыжам Пакуты. Фатаграфія мае дакумэнтальнае значэньне. Але, на жаль, тут няўдалае разьмяшчэньне фігураў людзей у кадры. Непрадуманае суседзтва з сэнсавымі катэгорыямі здымку. Фатограф заўсёды павінен пра гэта памятаць і сачыць за ўсёй плошчай кадра яшчэ пры здымцы ў відэашукальніку.


Цяпер – пра найлепшыя здымкі.

Гэта здымак "Памятаем" Андрэя Аляхновіч.



І другі здымак таксама яго -- “Памятаем, хлопча”


Андрэй Аляхновіч атрымае кнігу Зянона Пазьняка "Дарога".

Ад 3 траўня да 3 чэрвеня Зянон Пазьняк камэнтуе і выбірае найбольш цікавы і характэрны здымак. Пераможцы атрымаюць таксама прызы ад Радыё Свабода.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG