Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

“ФРОНТ. ЁН МАЁ І ТВАЁ АДРАДЖЭНЬНЕ...”
(З гімну БНФ. Аўтар С. Сокалаў-Воюш)

Гэтыя фатаграфіі я ўжо друкаваў неаднаразова і ў сваіх кніжках, і ў “Беларускіх Ведамасьцях”. Гэта добрыя фатаграфіі. Яны адлюстроўваюць і перадаюць дух Народнага Фронту і нашай нацыянальнай рэвалюцыі ў пачатку 90-х гадоў. І галоўнае, яны паказваюць вобразы прыгожых, ахвярных людзей, сьветлых беларусаў, якія змагаліся супраць расейскага камунізму за незалежнасьць Беларусі і вольную Бацькаўшчыну.

Невядомыя нават аўтары гэтых фатаграфіяў. Мне пераслалі іх у Варшаву нашы партыйцы-фронтаўцы без аніякіх аўтарскіх пазнак. Той, хто здымаў, ня рупіўся пра сябе. Таму я лічу, што аўтар тут калектыўны адзін: Беларускі Народны Фронт.


Першы здымак называецца “Дэманстрацыя Народнага Фронту ў Горадні. 1991 г.” Беларускі Народны Фронт у пачатку 90–х гадоў -- гэта сапраўдны народны рух. У ім удзельнічалі людзі працы, інтэлігенцыя, рабочыя, інжынеры, служачыя, былыя вайскавікі, дробныя прадпрымальнікі, работнікі аховы здароўя, вучоныя, мастакі, хатнія гаспадыні – увесь спэктар грамадзтва. Гэта былі людзі, якія стваралі матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасьці, мелі цьвёрды сацыяльны статус, павагу ў грамадзтве і адказнасьць за свае дзеяньні. Сярэдні ўзрост людзей у Народным Фронце адпавядаў ідэальнай палітычнай шкале: 40-45 гадоў. Гэта яны, гэтыя людзі, сэрцам ўспрынялі Курапаты і падтрымалі барацьбу за незалежнасьць Айчыны. Яны прыўнесьлі сваю энэргію, чалавечнасьць, веру і здаровы дух у змаганьне за ідэалы свабоды.



Другая фатаграфія называецца “Гэта мы, Божа”. Тут сфатаграфаваныя абліччы людзей на мітынгу БНФ у пачатку 90-х.

Вось яны, гэтыя людзі Народнага Фронту, перад намі на фатаграфіі. На мітынгі БНФ яны хадзілі, як у храм, як на малітву, як на глыток паветра, цэлымі сем’ямі, разам зь дзецьмі і бацькамі. Гэта на іхныя плечы абаперлася нашая незалежнасьць. Угледзімся ў іхныя адкрытыя, напоўненыя ўнутранай прыгажосьцю абліччы, у іхныя вочы, сарамлівыя ўсьмешкі... Гэта наш народ. Гэта мы самыя. Любем жа гэты народ, ён вельмі харошы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG