Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Гэтая тэма вымагае, ізноў жа, як мінімум экспазыцыі дзьвюх фатаграфіяў у адным раскрыцьці. Так узьнік гэты дыптых. (Нешта накшталт схемы верша Кандрата Крапівы “Янка і Карла”).

фота 1

Першы здымак зьняты за часы нямецкай акупацыі ў Менску ў 1942 годзе на афіцыйным грамадзкім сьвяце. Цікавы агульны настрой і абліччы дзяўчынак. Гэтым дзецям па 8-11 гадкоў, але ў бальшыні ў іх ужо дарослы выраз твару, яны па-даросламу ацэньваюць сваё становішча, сваю прысутнасьць і абавязкі. Гэта ўжо надзейныя малыя людзі, ім можна нешта сур’ёзнае даручыць, і яны выканаюць з усёй дзіцячай стараннасьцю і дарослай адказнасьцю. Настаўнікі з такімі дзецьмі ня мелі клопатаў.

Не сьпяшаймася думаць, што гэта цяжкія абставіны вайны, нямецкай акупацыі і ваеннага выжываньня зрабілі іх такімі дарослымі. Абставіны ўплывалі, безумоўна. Але такіх жа дзяцей і такога ўзросту я памятаю і пазьней, у 50-х гадах, за часы савецкай акупацыі, калі сам быў такім, як яны. Усё тое ж. З дакладнасьцю адзін да аднаго.

Абставіны савецкай акупацыі, Сталін, калгасы, вывазы людзей у Сыбір – можа, тое было прычынай дзіцячай “даросласьці”? Хіба, толькі часткова.

Усе 50-я гады існаваў аднолькавы маральна-псыхалягічны тып дзяцей (і ў цэлым беларусаў). Але ў 60-х нешта здрыганулася, зьявілася нешта іншае і не сваё, і пакацілася, як камень з гары. Фотамастацтва ўсё гэта вобразна фіксуе, і нават нясьведама дасьледуе, адбівае карціну народнай душы і народных перамен. Фатаграфія ў цэлым стварыла ня толькі летапіс падзеяў, але й летапіс духа, адлюстравала мэнтальны характар народа.

фота 2

Другое фота, зьнятае таксама невядомым аўтарам, амаль праз тры гады ў акружаным Бэрліне. На здымку апошні гітлерскі прызыў. Тут такія ж дзеці – хлопчыкі па 12 гадоў, апранутыя ўжо ў шынялі Вэрмахта. Яны зь верай і дзіцячай адданасьцю глядзяць на любімага фюрэра. Вельмі сымпатычныя гэтыя хлапчукі, якія, магчыма, таго не ўсьведамляючы, жывуць на гэтым сьвеце (па волі фюрэра) апошнія дні.

Асабліва вымоўны тут воблік Гітлера. На першы погляд, ён выглядае нейкім няўпэўненым, прыгнечаным, вартым жалю. Нават неяк нечакана мільгае ілюзія, што яму самаму шкода гэтых дзяцей. Але гэта толькі першае ўражаньне (тут падсьведамая экстрапаляцыя нашых ацэнак на характар ацэнак “дарослага” Гітлера). Пры бліжэйшым разглядзе фота фюрэра ў ім адчуваецца нешта гадзючае, як перад скокам на сваю ахвяру, нейкая драпежная ацэнка “баёвага” матэрыялу. Ён прыглядаецца, быццам прыкідвае, на што тут можна спадзявацца.

Здымак для шмат каго адчыніўся сваім схаваным зьместам асабліва пасьля таго, як праз 45 гадоў абрынулася камуністычная сыстэма і больш празрыстымі сталі аналёгіі. Для нас (для нашага ўспрыняцьця) тут з гэтым прызывам дзяцей бачыцца нейкі нялюдзкі абсурд, збачэнства паранойнай улады. Наш гуманізм, назіраючы гэты апошні фашысцкі экспэрымэнт, пратэстуе, разумеючы, да чаго прыводзяць усе гэтыя “піянэра-камсамоліі” і “гітлерюгэнды”.

Аднак, гэта ўсё ж першапачатковыя паверхневыя рэфлексіі трошкі абстрактнага кшталту. Здымак адлюстроўвае больш складаную зьяву. Зьвяртаем увагу, што за хлапчукамі стаяць мамы і бабулі. Усе яны імпэтна цягнуць рукі ў гару і гукаюць “гайль!” Для іх гэта “сьвятая справа” адстаяць сталіцу і, калі трэба, -- нават памерці за “вольную Нямеччыну”. Злачынны рэжым, заганяючы нацыю ў тупік, заўсёды хаваецца за плечы народа, змушаючы людзей бараніць рэжым тады, калі яны вымушаныя абараняць сябе (становішча закладнікаў).

Бандай авантурнікаў разьвязваецца крывавая вайна за паранойныя інтарэсы, а людзей гоняць, маўляў, бараніць “отечество” і паміраць за “родину”, за “дойчлянд уйбер альлес”. І людзям няма куды падзецца, як толькі ваяваць. Абставіны вызначаюць паводзіны.

Гэта навука трагічнага вопыту, якую, на жаль, грамадзтвы, што не жывуць гісторыяй, не засвойваюць.

Фатаграфія праз паўстагодзьдзя часу і праз фатаграфічную рэальнасьць адлюстравала гэты палітычны абсурд у фігурах і тварах. З аднаго боку, Гітлер з сумна-драпежным выглядам ацэньвае маладое “гарматнае мяса”, з другога – маткі і бабы, і знакаміты “гайль!”

Абедзьве фатаграфіі (і менская, і бэрлінская) выразна і прафэсійна правільна зьнятыя.

(Яны ёсьць у вольным Сеціве. Здымак з Гітлерам паходзіць з Архіву Ілюстрацыяў Прускай культурнай спадчыны.)
XS
SM
MD
LG