Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.


Калі акінуць поглядам усю вядомую мне і даступную для прагляду фататворчасьць ХХ-га стагодзьдзя, то прыходзіцца моцна задумвацца, каго ж можна паставіць побач зь Янам Булгаком. Калі разглядаць шырока, у агульным кшталце асобы і творчасьці, то, бадай, нікога. Гэта зорка першай велічыні. У фатаграфічным сэнсе, можа, найбліжэй да яго быў Ёзэф Судэк. Але Булгак быў ня толькі клясным фатамайстрам, але і рознабаковай творчай асобай. Булгак пісаў вершы і паэмы (на польскай мове) патрыятычнага прабеларускага (краёвага) кшталту, выдаваў кніжкі, часопісы, фотаальбомы, займаўся этнаграфіяй, гісторыяй мастацтва і журналістыкай. Булгак быў блізкім сябрам Фэрдынанда Рушчыца. Перад 1-й сусьветнай вайной яны разам выдавалі ў Вільні “Dziennik Wileński”, выдатны часопіс культурніцкага краёвага кірунку, дзе шмат было матэрыялаў па мастацтве і культуры Беларусі. Гэта была творчая дружба двух вялікіх мастакоў, краёвых патрыётаў і аднадумцаў.

Калі сказаць коратка, Булгак — гэта Рушчыц у фатаграфіі. І ў аднаго, і ў другога клясычны падыход, рамантызм і сэцэсія (мадэрнізм) злучаны ў адзінае цэлае. Характэрная дэталь: галоўным візуальным і сэнсавым кампанэнтам карцін Рушчыца і фатаграфіяў Булгака зьяўляецца неба. Неба выяўляе эмацыйны зьмест твору.

Між іншым, у Булгака ёсьць нямала фатаграфіяў, зробленых ужо ў 20-х гадах, зь яўнымі рэмінісцэнцыямі піктарэалізму, з імітацыяй выявы пад брамойль і зь сюжэтнасьцю ў духу Рушчыца. Напрыклад, “Краявід з дарогай”, 1925 год. Тут дзівоснае кучавое воблака, якое вісіць над дарогай і ўзгоркам, нагадвае воблака ў знакамітай “Зямлі” Рушчыца (1898 г.). Зрэшты, пры бліжэйшым разглядзе заўважаем, што ўплывы былі ўзаемныя. У іх была агульная эстэтыка і блізкі сьветапогляд. Ня памятаю, каб Рушчыц пісаў партрэт Булгака, але Булгак фатаграфаваў сябра некалькі разоў. Найбольш запомніўся мне выдатны фотапартрэт Рушчыца, зроблены выключна ў сэцэсійнай манеры. Булгак паказаў сябе тут як тонкі стыліст і мастак высокай культуры. (Ня памятаю, каб здымак дзе друкаваўся, я глядзеў арыгінал.)

Булгак зьдзіўляў мяне часта і сваімі фатаграфіямі, і рознабаковымі зацікаўленьнямі, і супрацай з “Нашай нівай” (рабіў там свае выставы і друкаваў фота), і сваімі вершамі з маніфэстуючай любоўю да роднай Наваградчыны, і сваёй кіпучай выставачнай дзейнасьцю па ўсёй Эўропе, дзе зьбіраў галоўныя ўзнагароды. (У дужках зазначу, што тады, у 1910 —1930-х гадах, можна было выстаўляцца з фарматам 12х18 і нават меншым, у памерах кантактнага нэгатыва. І гэта правільна. Аптымальны выставачны фармат фатаграфіі мусіць быць у межах ліста А-4, г. зн. часопіснага фармату ці эўрапейскага фотафармату 18х24 — 24х30. Паводле роду выяўленчага мастацтва фатаграфія бліжэйшая да графікі. І няма патрэбы ганяць на выставы мэтровыя фарматы. Разьлік на індывідуальнасьць (на індывідуальнае ўспрыманьне) і на аптымальны інтэр’ер, дзе модулем ёсьць чалавек, а ня маса людзей, — такі разьлік больш даходлівы і эстэтычна больш эфэктыўны. Вядома, гэта ня можа быць рыгарыстычнай абавязковасьцю, магчымасьці фатаграфіі велізарныя, але ведаць яе родавую сутнасьць успрыманьня гледачам ніколі ня будзе лішнім.

Краёвы патрыятызм Булгака выявіўся ў яго творчасьці і сьветапоглядзе, але ня выліўся ў адраджэнскую палітычную маніфэстацыю пазыцыі (як гэта адбылося, скажам, у генэрала Станіслава Булак-Балаховіча і нават, у пэўнай ступені, у генэрала Люцыяна Жалігоўскага).

Аднак, тым ня менш, ёсьць зьвесткі, што за часы нямецкай акупацыі Ян Булгак працаваў у беларускай адміністрацыі, а ягоны стрыечны брат (таксама Булгак, дарэчы, беларускае вымаўленьне — націск на другім складзе) — гэта вядомая асоба ў беларускім руху. Ён быў за немцамі дырэктарам беларускага тэатру ў Менску, выдатна гаварыў па-беларуску, граў на музычных інструмэнтах, ускочыў нават (магчыма, па непаразуменьні) у “нацыянал-сацыялістычную” партыю Фабіяна Акінчыца, але немцы не падтрымалі Фабіянаўскай авантуры. (Кур’ёзны быў выпадак. Нехта данёс немцам, што дырэктар Булгак не беларус, а паляк, і грае ня тыя мэлёдыі. Шэф СД, нехта Шлегель, стварыў па Булгаку камісію, перад якой Булгак усправядліўліваўся, што ёсьць беларусам і грае “славянскую” музыку.) Але гэта так — адступленьне ад тэмы.

Хораша ўразіў мяне Ян Булгак сваёй гістарычна-мастацкай дзейнасьцю і дасьледаваньнямі (пра што дасьледчыкамі амаль нічога не напісана). Ён напісаў і выдаў вялікую мастацка-гістарычную біяграфічную працу пра Фэрдынанда Рушчыца (дзесьці пад тысячу старонак) з шматлікімі ілюстрацыямі, рэпрадукцыямі і дакумэнтамі.

У гэтай кнізе і ў іншых працах мяне вельмі зацікавілі зьвесткі пра гістарычна-мастацкі архіў Ф. Рушчыца. Быў адмысловы двухпавярховы будынак (з падвалам) у Багданаве, дзе Рушчыц хаваў шматлікія мастацка-гістарычныя матэрыялы і каштоўнасьці. Мясцовыя людзі называлі гэты дом “Архіма”. З усіх збораў там вылучалася вялікая бібліятэка з мноствам фаліянтаў. Булгак у кнізе пра Рушчыца падае малюнак “Архімы”. Лёс яе, аднак, быў незайздросны. “Архіма” пацярпела ў 1-ю сусьветную вайну. І канчаткова была зруйнавана бальшавікамі. У 70-х гадах, складаючы задумы на будучыню, я заплянаваў пошукі і археалягічныя раскопкі “Архімы”. Езьдзіў тады ў Багданава, размаўляў са старажыламі. Але неўзабаве прышлося змагацца не за дасьледаваньне “Архімы”, а за ўсю Беларусь.

Знаёмства з рэдкай манаграфіяй Булгака пра Рушчыца паўплывала ў нейкай ступені на тое, што з пачатку 70-х гадоў я ўзяўся за падрыхтоўку манаграфіі пра самога Булгака. Працаваў, вядома, у стол. Зборы матэрыялаў у архівах і бібліятэках Вільні доўжыліся некалькі гадоў. За гэты час я пераглядзеў і перафатаграфаваў каля тысячы арыгінальных здымкаў Булгака і столькі ж часопісных і кніжных рэпрадукцыяў.

Што мяне зьдзівіла тады ў пошуках, дык гэта тое, што ў даваеннай Польшчы выходзіла каля дзясятка часопісаў па фатаграфіі і Віленшчына там дамінавала. Можна вылучыць цэлую віленскую школу фатаграфіі, дзе ўплыў Булгака быў безумоўны. Асабліва мяне ўразіла адна фатаграфія маладой дзяўчыны тыповага шляхетнага беларускага хараства, зробленая Янам Курушам-Вераб’ёвым у тэхніцы “газ” ня тое што выдатна, — віртуозна. Здымак пэрыяду 1-й сусьветнай вайны. Сёньня б мы сказалі: партрэт у сьветлай танальнасьці праз газавую насадку (сетку). Я ня мог адарваць вачэй ад гэтага фота, перазьняў зь яго цэлую стужку, разумеючы, што пераздымаю шэдэўр. Ужо тады я вырашыў, што пасьля кнігі пра Булгака будзе “Віленская школа фатаграфіі”. Назапашаны матэрыял, аднак, я нават не пасьпеў апрацаваць, хапаючыся за іншыя, — настолькі імкліва бегла жыцьцё і разгортваліся падзеі.

Амаль увесь жыцьцёвы беларускі творчы набытак Булгака (50 тысячаў закаталягізаваных нэгатываў) быў зьнішчаны ў Вільні ў ліпені 1944-га, падчас наступу саветаў. Засталіся толькі рэпрадукцыі ў кнігах, фотаальбомах, часопісах, каталёгах, раньнія здымкі Вільні 12х18 (праўда, шмат), зробленыя на замову гарадзкой управы перад 1-й сусьветнай вайной, і здымкі ў прыватных калекцыях, уладальнікі якіх часам не разумеюць каштоўнасьці таго, што маюць.

Сьпявак Беларусі, Булгак з асаблівым піетызмам і замілаваньнем здымаў Вільню. Ён адчуваў гэты горад надзвычайна. Вільня адлюстраваная ім з усіх высокіх пунктаў, у розную пару году, пры розным асьвятленьні. У большасьці выпадкаў зьнята, апрацавана і аддрукавана дасканала. Почырк майстра і адбітак вострага рамантычнага духу — на ўсіх яго гарадзкіх здымках. Асабліва велічна, сьвежа і прыгожа глядзяцца панарамы Вільні, зьнятыя ў кантравым асьвятленьні.

Прапаную паглядзець дыптых (які я падабраў сам як адзіны твор), зьняты Булгаком у адным часе, пры аналягічных умовах і пры аднолькавым падыходзе і набліжаных умовах здымкі.

Панарама 1 зьнятая з гары Гедыміна ў бок ратушы, вакзалу і Вострай брамы. Кантравое сонечнае сьвятло, ярка падсьвечаныя асеньнія воблакі, якія зьбягаюць у пэрспэктыву, прыцемнены пярэдні плян і выдатна выяўленая асаблівая паветраная пэрспэктыва (дым з комінаў і смуга) ствараюць глыбіню выявы і асаблівую таемную прывабнасьць гораду, над якім пануюць вострыя шпілі і гмахі касьцёлаў.


Кампазыцыйна гэтыя вышынныя будынкі разьмешчаныя ў кадры вельмі ўдала і збалянсавана. Дынаміка кампазыцыі зьбягае да правага верхняга вугла здымка, туды, дзе за кадрам знаходзіцца сонца. Гэта падкрэсьлена і рытмам вежаў, і трасай вуліцы Вялікай (ці Вялікай Пагулянкі пазьней, потым — Горкага за саветамі, цяпер усё перайменавана). Паэтычная панарама настройвае на доўгае сузіраньне і перажываньне хараства.

Панарама 2 зьнятая зімой пры аналягічных умовах неба і кантравога асьвятленьня. Кірунак агляду і верхні ракурс той жа самы. Але пункт здымкі апушчаны ўніз (першы здымак — зь вежы Гедыміна, другі — з падножжа вежы). Акрамя таго, панарама крышку ссунутая ўлева (прыблізна на адну трэць). Стрыжань кампазыцыі, якая стварае глыбіню, пабудаваны на рытме асьветленых сонцам засьнежаных дахаў, на рытме вежаў, якія (як і акцэнты на дахах) зьбягаюць з краёў да цэнтру ў глыбіню пад сонца, што за воблакам асьвятляе далячынь. Паветраная пэрспэктыва пазначана лёгкім расфакусаваньнем далечыні (рэзкасьць наведзена па сярэднім пляне на акцэнтаваных сонцам дахах). Пры гэтым, для стварэньня глыбіні, прыцемнены верхнія воблакі, ніз і краі здымка. Фатаграфія па ўдзельным разьмеркаваньні тону выглядае цёмнай, але як твор яна насычана сонечным сьвятлом, спараджае адэкватнае адчуваньне зімовага сонечнага ветранага дня.


Калі сказаць коратка, у прафэсійным сэнсе гэтая карціна зьнятая дасканала, у мастацкім — выразна, прыгожа і настраёва. Каб зрабіць такі здымак, часам прыходзіцца чакаць месяцамі адпаведнага дня, сонца, неба і г. д. Калі яно зьяўляецца — трэба сьпяшацца, каб зрабіць карціну, якую задумаў і ўявіў і якую ў натуры падараваў нам Пан Бог у зьменлівым разьвіцьці. “Пстрыкач” за гэты час чаканьня пасьпявае накляпаць сотні кадраў-рэпрадукцый, і нават выгадна прадаць. Творчы ж фатограф робіць тое, што хоча зрабіць, і калі фатаграфуе — ведае, што павінна быць, нават калі для гэтага спатрэбіцца доўгі і вельмі доўгі час. Зрэшты, фатограф-мастак бачыць тое, чаго “немастак” ня бачыць, і ўмее тое, што “нефатограф” ня ўмее.

Паказваючы гэты дыптых (здымкі) Булгака пра Вільню, мушу, аднак, яшчэ раз зьвярнуць увагу (і мець на ўвазе), што гэта ўсё — інтэрнэтныя публікацыі, якія прайшлі пэўную апрацоўку пад сеціва (перавод фарматаў, сьцісканьне піксэляў, зьмены кантрасту і г. д.). Мы ня бачым тут арыгіналаў, а толькі лічбавыя іх апрацоўкі — копіі, у якіх трацяцца “няўлоўныя” тонкасьці арыгіналаў. На сеціўнае ўспрыманьне мусіць заўсёды быць скідка. Тым ня менш сутнасьць, дух творчасьці Яна Булгака, узровень яго майстэрства тут пазнаецца досыць выразна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG