Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Амэрыканская сацыяльная фатаграфія мае свае імёны і традыцыі. Сярод гэтых імёнаў ганаровае месца займае Даратэя Лянж (Lange), ці дакладней – Лянгэ, паколькі яна немка, дачка нямецкіх эмігрантаў у 2-м пакаленьні.

Яна была прафэсійным фатографам, мела партрэтную фотастудыю, але ў часы Вялікай дэпрэсіі 30-х гадоў, як кажуць, “выйшла на вуліцу”, стала здымаць працоўных людзей, якіх дастаў крызіс.

У Амэрыцы самая вядомая яе фатаграфія “Матка эмігрантаў” (1936 г.). У той час яе шырока растыражавалі. Некалькі сот асобнікаў гэтай фатаграфіі “вісіць” цяпер у Сеціве. Фатаграфія добрая, адлюстроўвае аўтэнтычную зьяву і чалавека ў вялікай бядзе.

На здымку паўгалодная маці сямёх дзяцей. Вобраз выразны і характэрны. Адзінае, што мяне тут заўсёды бянтэжыла, гэта нейкая шаблонная піктарэальная і нятонкая рэжысура ў кампазыцыі здымка, хоць зроблена прафэсійна апраўдана. Прагледзеўшы дублі да гэтага фота, толькі ўмацоўваешся ў сваёй зьбянтэжанасьці.

Тым часам гэтая фатаграфія ў адным вобразе наглядна паказала рэальную карціну і праблему эмігрантаў (сэзонных работнікаў) у час Вялікай дэпрэсіі. Гэтыя людзі былі на мяжы голаду і выташчэньня, яны пастаянна недаядалі. І праблема, і фота знайшлі водгук у Амэрыцы.
Фота 1

Другое вядомае фота Лянж (мы яго тут дэманструем – фота 1) – гэта “Чарга беспрацоўных у Сан-Францыска” (1933-34 гг.). Як і першае фота, яно друкавалася ў Савецкім Саюзе, але пад іншым назовам (нешта накшталт “за похлёбкой”). Тут вельмі выразная амэрыканская карціна. Увагу прыцягвае няголены чалавек на пярэднім пляне з бляшанкай у брудным пакамечаным капялюшы (на ім, відаць, ня толькі сядзелі, але й спалі), які, адвярнуўшыся ад усіх, шчапіў рукі, абдымаючы бляшаную конаўку і, абапершыся на паліцэйскую загародку, глыбока задумаўся. Вачэй не відаць, але ў абліччы зламанасьць і сум.

З выгляду – гэта бяздомны, альбо беспрацоўны, які жабруе (такія бляшанкі альбо папяровыя конаўкі ў Амэрыцы носяць жабракі, і просяць у іх падаяньня). Здымак просты, але бярэ за сэрца. Вядома, ён натуральна падгледжаны фатографам. Тут тонкае адчуваньне сытуацыі і чалавека. Настрой і прыцягальнасьць гэтай фатаграфіі прадыктаваныя ўсьведамленьнем тупіковага чалавечага лёсу. Ад эстэтычнага ўражаньня адбываецца падсьведамая праекцыя на сябе і ўзьнікае суперажываньне, якое глыбока западае ў душу.
Фота 2

Наступнае фота Лянж, якое мы паказваем (фота 2), малавядомае, але што датычыць жанравага групавога партрэта і тыпажоў, то гэта проста “бляск”. Гэта людзі сельскай гаспадаркі, фэрмэры ў час Вялікай дэпрэсіі 30-х. Якія калярытныя тыпажы, якія характары! І ўсё жывое, непасрэднае, схопленае аб’ектывам. Тыпы – лепш не прыдумаеш, асабліва той, што пасярэдзіне. Адразу ў галаву прыходзіць О’Генры, які б напісаў тут нешта накшталт “На ім быў насунуты на лоб фэтравы капялюш, пазычаны (хутчэй за ўсё) у агароднага пудзіла на адгон вераб’ёў. Яго фізіяномію ўпрыгожваў шырокі рот, падобны на шчыліну паштовае скрыні, а выраз твару нагадваў маску расчуленага гіпапатама”.

Гэта Амэрыка. І цяпер можна такіх жа ўбачыць, толькі замест капялюша, падобнага на вароніна гняздо, будзе бэйсболка з патрапаным брылём.

Дэпрэсія. Ім цяжка жывецца. Але выгляд у іх рашучы, хоць гэтым хлопцам ужо па 70. Пры патрэбе могуць, аднак, яшчэ і з кольта пастраляць.

Фатаграфія добра апрацавана і аддрукавана. Зьвяртаем увагу, што сонца сьвеціць насустрач (верхне-кантравое сьвятло), на людзях шыракаполыя капялюшы. Перад (твар) павінен быць у глыбокім ценю. Але абліччы высьветленыя і добра прапрацаваныя, відаць вочы і маршчыны. Прытым штучнае асьвятленьне не ўжывалася (бо цені на капялюшах натуральныя і глыбокія). Гэта што датычыць добрага тэхнічнага ўзроўню фатаграфіі і ўменьня фатографа. У яе ўкладзена шмат працы (асабліва ў пазытыўным працэсе).

Абедзьве фатаграфіі перазьнятыя з фотакніг:
1. Peter Stepan. 50 Photographiens you should. – Munich, Berlin, London, New York, 2008.
2. Dorоthea Lange. The crucial Years. 1930-1946. – La Fabrica, PHE, 2009.
(Акрамя таго здымкі ёсьць у вольным Сеціве.)
XS
SM
MD
LG